Спорт

У ПЕСНІ – “СЕРАБРО”, У СПОРЦЕ – “ЗОЛАТА”

Працаўнікі лясгаса – аматары здаровага ладу жыцця – дапамагаюць калектыву дасягаць поспехаў на канцэртных пляцоўках і спартыўных спаборніцтвах абласнога ўзроўню.

Прыемна адзначыць, што сёлета Брэсцкае дзяржаўнае лесагаспадарчае аб’яднанне ўжо двойчы праводзіла свае мерапрыемствы на базе Лунінца. Зімой нашы самадзейныя артысты занялі другое месца ў аглядзе-конкурсе мастацкіх здольнасцей. Цяпер жа родныя сцены спрыялі лідэрству лунінчан у спартакіядзе.

У агульную скарбонку зборнай каманды лясгаса самы важкі ўклад унеслі аматары валейбола і армрэстлінга. Цяпер нашы ігракі і асілкі вылучаны абараняць гонар Брэстчыны на рэспубліканскай спартакіядзе лясной галіны. Будзем балець за валейбалістаў, а таксама – асілкаў. Самыя моцныя работнікі лесу працуюць у Лунінецкім лясніцтве – трактарыст Аляксандр Касач і вальшчык Віктар Кавалевіч. У змаганнях за шашачнай даской у асабістым заліку першынстваваў майстар лесу Дварэцкага лясніцтва Аляксандр Дараховіч.

Добрыя вынікі ў астатніх відах спорту (а прадстаўнікі 14-ці лясгасаў спаборнічалі яшчэ ў лёгкаатлетычнай эстафеце, дартсе, мнагабор’і “Здароўе”, настольным тэнісе) прынеслі Лунінцу агульнакамандную перамогу. На другім месцы – калегі з Кобрына, на трэцім – з Ляхавічаў. 

Амаль 300 чалавек гасцей, якіх прымаў прафтэхкаледж, выказвалі шчырую ўдзячнасць арганізатарам. Правядзенне спартакіяды адбывалася ў прыгожай лесапаркавай зоне, спалучыўшы ўтульнасць месцаў для адпачынку са зручнасцю спартыўных пляцовак. Удзельнікі спаборніцтваў не менш захапляліся культурнай праграмай, якую стварыў ансамбль “Імпрэза” Дварэцкага ЦСДК. Дыскатэка і атракцыёны далі добры імпульс аматарам фізкультуры, якія ўвасобілі свой бадзёры настрой у асабістыя рэкорды на стадыёне. Па выніках абласной спартакіяды лепшыя спартсмены заахвочаны прэміямі.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть