Спорт

УЛАСНЫМ ПРЫКЛАДАМ

настаўнікі раёна прадэманстравалі сваю адданасць здароваму ладу жыцця, прыняўшы ўдзел у штогадовай спартакіядзе.

У барацьбу ўступілі 20 каманд. Занальныя спаборніцтвы выявілі лепшых. Імі сталі ліцэй, мікашэвіцкая СШ №2, Палеская і Дварэцкая СШ, якія і павялі спрэчку за тытул пераможца ў вінальнай стадыі спаборніцтваў, якая адбылася ў СШ №2 г. Лунінца. Першым відам выпрабавання стаў дартс. Многія называюць яго “каму пашанцуе”. Па жараб’ёўцы адкрылі спаборніцтвы настаўнікі Палескай СШ і размясціліся на чацвёртым месцы. А ўдача ўсміхнулася мінулагоднім лідэрам – прадстаўнікам Дварэцкай СШ. Другі вынік – у мікашэвіцкай СШ №2, трэці – ліцэя. Пасля такой размінкі адны накіраваліся высвятляць лідэрства ў настольным тэнісе, іншыя – у шашках. Першымі “адстраляліся” тэнісісты. І зноў на вышыні аказаліся настаўнікі з Дварца. Набраўшы ў двух відах 10 ачкоў, падалося, што дагнаць іх не зможа ніхто. Хаця, ліцэй паказаў тут другі вынік, а Палеская СШ – трэці. У шашках разгарэліся сапраўдныя баталіі, якія завяршыліся перамогай ліцэйскай каманды. Прадстаўнікі Дварэцкай СШ тут былі другія, а трэцяе месца занялі настаўнікі з Палескай СШ.

Самым эмацыянальным і захапляльным стаў валейбольны турнір. Інтрыга захоўвалася да апошняй хвіліны. У паядынку за трэцяе месца напружаная барацьба разгарнулася паміж камандамі Палескай і Дварэцкай СШ. У рашаючым сэце пад дружную падтрымку балельшчыкаў, сярод якіх былі і дырэктары названых школ, верх узялі прадстаўнікі Палескага. У матчы за першае месца, каб стаць пераможцамі ў агульным заліку валейбалістам ліцэя патрэбна была толькі перамога над мікашэвіцкай СШ №2. І ім гэта ўдалося. І не апошнюю ролю тут адыграла тое, што за каманду выступаў дырэктар Мікалай Паўловіч. У занальных турах свае школы на спартыўных пляцоўках падтрымлівалі Сяргей Курак (Лунінская) і Аляксандр Грушэўскі (Вулькаўская 1). Другое месца па выніках усіх відаў заняла каманда Дварэцкай СШ, якая набрала 14 ачкоў, уступіўшы лідэру толькі адно. Трэцімі прызёрамі сталі настаўнікі з Мікашэвіч, чацвёрты радок у турнірнай табліцы – за педагогамі з Палескага. Нядрэнна было б, каб у будучым арганізатары паклапаціліся аб тым, каб за ўдзел кіраўніка камандзе дабаўляліся балы: глядзіш, больш бы адказна некаторыя ставіліся да выступлення, а аўтарытэт дырэктара толькі б узрастаў.

Усе ўдзельнікі фіналу ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, якія ўручыла старшыня Нэлі Рафаловіч.

Марыя ЯРАХОВІЧ, Палеская СШ:

– Гэта цудоўна, калі настаўнікі збіраюцца разам і дэманструюць свае здольнасці не толькі ў сваім прадмеце, але і ў спартыўных спаборніцтвах. Вось толькі дартс трэба замяніць на больш рухавы від спорту, напрыклад, эстафету. Гэта было б больш эмацыянальна і сумленна.

Васіль КОЎШЫК, Дварэцкая СШ:

– Не скажу, што расчараваўся выступленнем нашай каманды, аднак маглі б выступіць лепш. А перамаглі, сапраўды, мацнейшыя, з чым іх і віншую. У цэлым спаборніцтвы прайшлі арганізавана і цікава.

Святлана МАКАРЭВІЧ, мікашэвіцкая СШ №2:

– Цудоўнае мерапрыемства. У нас у гэтым навучальным годзе адбылося абнаўленне калектыву, а спаборніцтвы дапамаглі больш зблізіцца. Я ж 16 год працавала ў ліцэі, таму і на валейбольнай пляцоўцы, гуляючы супраць сваіх былых калег, часцінка майго сэрца была з імі. Я рада за іх, ды і за нашу дружную каманду, якая заняла трэцяе месца.

Мікалай ПАЎЛОВІЧ, дырэктар ліцэя:

– Наш поспех нельга назваць выпадковым. Мы рэгулярна падтрымлівам фізічную форму, іншы раз трэніруемся разам з ліцэістамі. Гэта дазваляе не толькі захоўваць здароўе, але і зацікаўліваць падлеткаў да заняткаў спортам. Упэўнены, што прыклад настаўнікаў– гэта лепшы стымул для дасягнення поспехаў. На нас глядзязь дзеці, і мы павінны зрабіць усё магчымае, каб іх мары ажыццявіліся. Яны вераць нам – мы ж верым у іх!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть