Спорт
З “КАРАЛЕЎСКІМ” РАЗМАХАМ
Шахматы
У фінале раённых спаборніцтваў па шахматах сярод школьнікаў, які праходзіў на базе лунінецкай СШ №2, сабраліся 6 мацнейшых каманд.
Лепшы вынік паказалі юныя шахматысты з Лахвы, прычым, зрабілі яны гэта трэці год запар і набралі 13,5 ачкоў з 15-ці. Другое месца занялі гаспадары, трэцяе – лунінецкая СШ №1. Далей у турнірнай табліцы размясціліся Лунінская СШ, гімназія імя У.Нядведскага, Сінкевіцкая СШ.
У асабістым першынстве адзначаны лепшыя на кожнай дошцы. Імі сталі: Міхаіл Дукарэц з Лахвы, які выйграў усе партыі, як у занальных спаборніцтвах, так і ў фінале; яго калега па камандзе Артур Салавянюк і вучаніца лунінецкай СШ №2 Юлія Калянковіч. Усе яны ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі ад аддзела па справах моладзі райвыканкама.
Міні-футбол
КУБАК “БАЗАРА”
У нядзелю ў спартыўнай зале СДЮШАР адбыўся фінал першага турніра па міні-футболе сярод школьнікаў на Кубак каманды “Базар”.
У спаборніцтвах, якія праходзлі па зонах у Мікашэвічах, Луніне і Лунінцы, прынялі ўдзел 16 каманд. 4 мацнейшыя – Лунінскай, Любанскай СШ, мікашэвіцкай СШ №2 і лунінецкай СШ №2 – сустрэліся ў фінальных паядынках.
Мікашэвіцкія спартсмены ўзялі верх над равеснікамі з Луніна – 3:2. У матчы паміж лунінчанамі і любанцамі зафіксавана нічыя – 2:2. Апошнія ўзялі верх над мікашэвіцкай дружынай (6:3) і лунінскімі школьнікамі (5:1). Лунінчане перайгралі зборную Лунінскай СШ (3:1) і звялі на нічыю матч з мікашэвіцкай камандай (1:1).
У выніку перамогу святкавалі вучні Любанскай СШ (на здымку разам з трэнерам Леанідам Краснічэнка і фундатарам Віктарам Грыневічам). Другое месца – у прадстаўнікоў лунінецкай СШ №2, трэцяе – мікашэвіцкай СШ №2.
Валейбол
У ФІНАЛЕ – ВОПЫТНЫЯ ДРУЖЫНЫ
У чэмпіянаце раёна пакуль сенсацый не адбываецца.
У фінальную частку трапілі каманды, якія апошнія некалькі год сустракаюцца ў гульнях плэй-оф і разыгрываюць прызавыя месцы. Гэта “Граніт”, “Феміда”, “Беларусбанк” і “Рэдзігерава”.
У выхадныя ў Палацы культуры “Граніт” адбудуцца фінальныя паядынкі. У суботу “Граніт” згуляе з “Беларусбанкам” (11.00), “Феміда” – “Рэдзігерава” (13.00). У нядзелю – “Беларусбанк” – “Феміда” (11.00), “Граніт” – “Рэдзігерава” (13.00). У панядзелак – “Феміда” – “Граніт” (11.00), “Рэдзігерава” – “Беларусбанк” (13.00).
Лёгкая атлетыка
НАШЫ Ў ПАРЫЖЫ
Зацверджаны склад нацыянальнай зборнай на ўдзел у Чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў Парыжы.
Пуцёўкі на міжнародныя спаборніцтвы атрымалі 12 беларусаў, у іх ліку і наш зямляк дзесяціборац Эдуард Міхан. Прамая трансляцыя – па канале “Еўраспорт” 5 і 6 сакавіка.
Анонс
У 18 туры чэмпіянату краіны па міні-футболе ў вышэйшай лізе, які адбудзецца ў суботу, 5 сакавіка, “Граніт” згуляе ў Нясвіжы з “Верасам”, а “Базар” – у Лужэсна з “ВітЭнам”. 19 тур, 8 сакавіка – дамашні: “Базар” будзе прымаць “Барысаў-900”, а “Граніт” – “Камунальнік”. Пачатак матчаў у 14.00.