Спорт
З МАРАЙ АБ КАРЭІ
Лёгкая атлетыка
Адкрыты чэмпіянат Рэспублікі Беларусь адбыўся ў Гродна на мінулым тыдні. Удзел у ім бралі і лёгкаатлеты Грузіі, Літвы, Малдовы і Украіны.
Спаборніцтвы сталі асноўным этапам адбору спартсменаў на чэмпіянат свету, які адбудзецца з 27 жніўна па 4 верасня ў карэйскім горадзе Дэгу. За каманду Віцебскай вобласці выступала наша зямлячка Ірына Хлюстава. У фінальным забегу яна паказала чацвёрты вынік – 53,83.
– Зараз узмоцнена трэніруюся, – дзеліцца спартсменка. – Мяркую трапіць у нацыянальную зборную для ўдзелу ў чэмпіянаце свету. Наперадзе яшчэ два адборачных старта – 28 ліпеня і 10 жніўня. Набіраю фізічную форму, але пакуль паказаць высокія вынікі не атрымліваецца. Буду аналізаваць і пастараюся на наступных спаборніцтвах прадэманстраваць годную гатоўнасць.
АСТРАВА Ў ЧАКАННІ НОВЫХ ЗОРАК
Учора ў чэшскай Астраве стартаваў чэмпіянат Еўропы сярод моладзі (да 23-х год). Чакаецца, што на старт выйдзе каля 900 атлетаў.
У складзе беларускай каманды 21 спартсмен, сярод якіх нямала тытулаваных асоб. У іх ліку – наш зямляк Эдуард Міхан – сярэбраны прызёр юніёрскага чэмпіянату свету-2008, удзельнік чэмпіянатаў Еўропы-2010 і 2011 у памяшканні. Трансляцыі з Астравы будзе ажыццяўляць тэлеканал «Еўраспорт”.
Хакей
З АЗАРТАМ І ЦУДОЎНЫМ НАСТРОЕМ
Першы аматарскі турнір па хакею ў Лядовай арэне «Алімп-2011” сабраў сапраўдных прыхільнікаў зімовага віда спорту з нашага горада, а таксама Лельчыц і Жыткавіч.
Прысвячаўся ён 65-й гадавіне вызвалення Лунінца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нашы хакеісты робяць толькі першыя крокі, у іх нават экіпіроўкі няма. На гэты раз ёй падзяліліся лельчыцкія спартсмены.
І хаця на лёд выйшлі не прафесіяналы, іх азарту і імкненню да перамогі зайздройсцілі балельшчыкі. Матч «Лунінец” – «Лельчыцы” завяршыўся з лікам 4:8. Каманду «Жыткавіч” нашы перайгралі 5:3. У гульні «Лельчыцы” – «Жыткавічы” зафіксаваны вынік 4:3.
За нашу каманду выступалі Яўген Марозаў, Сяргей Цяльпук, Міхаіл Кудзін, Дзмітрый Дырда, Вячаслаў Марозаў, Аляксей Валасюк, Дзмітрый Жук, Яўген Чыжык, Уладзімір Жукаў, Міхаіл Цыганоў.
Футбол
«ВЫМУЧАНАЯ” ПЕРАМОГА
Драматычна разгортваліся падзеі ў мінулую суботу на стадыёне «Палессе”, дзе мікашэвіцкі «Граніт” прымаў светлагорскі «Хімік”.
«Гранітаўцы” адразу далі зразумець саперніку, хто на полі гаспадар, праводзячы большую частку гульнявога часу на яго палове. Некаторыя удары былі блізкія да галявых, але не прыносілі поспеху. На апошняй хвіліне першага тайма госці збіваюць Шрэйтара ў сваёй штрафной пляцоўцы. Арбітр без прамаруджвання назначае пенальці. Незадаволены Саркісаў уступіў у спрэчку з суддзёй, за што быў пакараны чырвонай карткай. Прабіваць штрафны даверылі абаронцу Гаварцову. Удар атрымаўся моцны, у левы ад варатара вугал, але гакіпер «Хіміка” ўгадаў напрамак палёту мяча, які закрануў штангу і пакінуў межы поля.
Другую палову сустрэчы госці пачалі ў меншасці. Колькасная перавага адбілася на гульні. Пасля дакладнай перадачы ў цэнтр штрафной Філіновіча, які дарэчы, вельмі актыўна праявіў сябе ў матчы, быў блізкім да поспеху Шрэйтар, пасля ўдара якога мяч праляцеў у лічаных сантыметрах ад штангі. «Гранітаўцы” працягвалі атакаваць, і на 62-й хвіліне ім удалося адкрыць лік. Зрабіў гэта Чысты. Становішча не задаволіла гасцей, і яны сталі часцей парушаць правілы. Другое папярэджанне атрымаў Альховік і накіраваўся ўслед за Саркісавым у раздзявалку. Заставаўся яшчэ час і гаспадары мелі шанц павялічыць разрыў, але мяч упарта не ішоў у вароты. 1:0 – канчатковы вынік гульні.
У суботу, 16 ліпеня, «Граніт” згуляе ў Пінску з «Хваляй”.