Спорт
З ПРЫЦЭЛАМ НА ЕЎРОПУ
Лёгкая атлетыка
У Гомелі адбыўся турнір па лёгкай атлетыцы нацыянальнага маштабу, пасля якога будзе сфарміраваны састаў, які адправіцца ў Парыж на Чэмпіянат Еўропы.
У спаборніцтвах прымаў удзел і наш зямляк Эдуард Міхан. Задача перад ім стаяла няпростая – набарць у сямібор’і 5900 ачкоў, што адпавядае нарматыву Майстра спорту міжнароднага класа, ці паказаць восьмы вынік у Еўропе. З першага віда – бегу на 60 метраў, дзе Эдуард паказаў хуткія секунды – 6,88, стала відавочна, што форму спартсмен набраў нядрэнную. У штурханні ядра ўстанавіў асабісты рэкорд –14.41 метра. А вось скачкі ў даўжыню і вышыню зноў падвялі – 7.16 і 1.93 метра. Парадавалі вынікі ў бегу на 60 метраў з бар’ерамі – 8,09 секунды, скачках з шастом – 4 метра 50 сантыметраў і на кіламетровай дыстанцыі – 2.37,89 хвіліны. Усяго 4 ачкі не хапіла Эдуарду да неабходнай сумы. Бліжэйшыя дні пакажуць, ці хопіць гэтага, каб трапіць у нацыянальную зборную.
Валейбол
«ГРАНІТ” БЕЗ ПАРАЖЭННЯЎ
Працягваецца чэмпіянат раёна па валейболе. Пакуль без страт выступае толькі мікашэвіцкі «Граніт”.
У мінулыя выхадныя адбыліся чарговыя туры. «Спецжалезабетон” перайграў «Лясгас” з лікам 3:2. Такім жа вынікам завяршыліся паядынкі паміж «Гранітам” і «Фемідай”, «Фемідай” і «Рэдзігерава”, «Гранітам” і «Беларусбанкам”. Трэба сказаць, што нягледзячы на паражэнне, згодна з палажэннем, прайграўшыя каманды запішуць на свой рахунак па аднаму ачку. Лік 3:0 быў зафіксаваны ў матчах: «Рэдзігерава” – «Беларусбанк”, «Міжлессе” – «ДПТК”, «ДПТК” – «РАУС”, «Спецжалезабетон” – «Дварэц”, «Лясгас” – «ДПТК”, «Спецжалезабетон” – «РАУС”. Сустрэча «Дварэц” – «Міжлессе” завяршылася перамогай дварэцкіх валейбалістаў – 3:1.
Такім чынам, колькасць прэтэндэнтаў на выхад у плэй-оф спаборніцтваў да «сеяных” – «Граніта”, «Феміды”, «Беларусбанка” і «Рэдзігерава” – далучыліся «Лясгас” і «Спецжалезабетон”. Барацьба абвастраецца, таму што пуцўкі толькі чатыры.
ТРЭЦІЯ Ў ВОБЛАСЦІ
У Лунінцы сабраліся фіналісты жаночага абласнога першынства сярод каманд устаноў прафтэхнавучання.
У лік шасці мацнейшых трапілі валейбалісткі політэхнічнага каледжа, на базе якога і праходзілі спаборніцтвы. У напружанай барацьбе нашы дзяўчаты занялі трэцяе месца.
Стральба
КАМАНДНАЯ БРОНЗА
Спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ адбыліся ў Брэсце.
Каманду Лунінецка-Ганцавіцкай МРАС прадстаўлялі вучні лунінецкай СШ № 2 Дзмітрый Канапацкі і Аляксандр Анафілец, а таксама ліцэіст Уладзіслаў Гардзіевіч. У выніку камандных спаборніцтваў юнакі паказалі трэці вынік і ўдастоены бронзавай узнагароды.
Міні-футбол
НА РОЎНЫХ З «ГАСПАДАРОМ”
У Мікашэвічах адбыўся матч 12-га тура чэмпіянату краіны па міні-футболе ў першай лізе.
«Граніт-2” сустракаўся з баранавіцкім «Гаспадаром”. На працягу ўсяго паядынку назіралася роўная барацьба. Гасцей ад паражэння выратаў 10-метровы на апошняй хвіліне матча. 6:6 – канчатковы лік гульні. Мячы ў камандзе нашых землякоў забілі Самусевіч, Гнедзька, Скакалкін (2), Кухліч і Байда.
26 лютага «Граніт-2” адправіцца ў Бабруйск, дзе сустрэніцца з лідэрам групы камандай «Кіраўск-ДЮСШ”.