Спорт
ЗАПАСНАЯ
Лёгкая атлетыка
У Дэгу завяршыўся чэмпіянат краіны па лёгкай атлетыцы.
У эстафетным квартэце 4х400 метраў мы не заўважылі нашу зямлячку Ірыну Хлюставу. Як расказала спартсменка, яе выступленне не адбылося па той прычыне, што выступаючая на 800-метровай дыстанцыі Ілона Усовіч не змагла прабіцца ў паўфінал, але ў бегу на адзін круг мела лепшы вынік, таму ёй была аддадзена перавага стартаваць на трэцім этапе. Іра ж заставалася ў ролі запасной і пры форс-мажорных абставінах гатова была замяніць любую з дзяўчат. Квартэт выступіў даволі паспяхова і заняў шостае месца ў фінальным забегу. Наша ж зямлячка не ўпусціла момант, каб сфатаграфавацца на памяць з тэлісманам чэмпіянату.
Міні-футбол
ПЕРАДСТАРТАВАЯ ГАТОЎНАСЦЬ
У мінулую суботу, у Светлагорску адбыўся турнір па міні-футболе, прысвечаны Дню работнікаў лесу. У госці да мясцовага «ЦКК” прыехалі гомельскі «БТЭУ” і лунінецкі «Базар”.
Галоўны прыз увезлі падапечныя Віктара Грыневіча, якія згулялі ўнічыю з гамяльчанамі – 5:5 і ўзялі верх над гаспадарамі – 4:2.
На наступны дзень «ЦКК” і «Базар” правялі таварыскую гульню, у якой зафіксавана нічыя – 4:4.
У нядзелю, 11 верасня, у стартавым матчы чэмпіянату краіны па міні-футболе «Базар” будзе прымаць сталічны «Дарожнік”, а «Граніт” – «Ітранзішэн-БГУФК”.
Футбол
ПЕРАМОГА БЕЗ ГУЛЬНІ
Чарговы тур у першай лізе па футболе атрымаўся няпоўным. З васьмі запланаваных паядынкаў адбылося толькі 6. Калі гульня ў Мінску з удзелам «Партызана” была перанесена на больш позні тэрмін, то «Баранавічы” не прыехалі ў Лунінец на гасцявы матч.
Справа ў тым, што футбалісты клуба «Баранавіч” гуляюць без зарплаты ўжо некалькі месяцаў. Іх цярпенню надышоў канец і яны аб’явілі байкот, папярэдзіўшы аб гэтым кіраўніцтва. За такія паводзіны заштатнаму аўтсадару залічана тэхнічнае паражэнне – 0:3. «Граніт” жа перамясціўся на 8 радок турнірнай табліцы.
У суботу, 10 верасня, «Граніт” правядзе матч на выездзе са «Смаргонню”.