“ЗДАРОЎЕ” ЗАКЛІКАЛА НА ТУРЗЛЁТ
Калі спытаць у лунінчан, дзе яны любяць адпачываць, большасць адкажа: “На Белым возеры”. Менавіта таму, не першы год раённы турзлёт праводзіцца ў гэтым маляўнічым кутку.
Сёлета тут сабралося 5 каманд: “БРСМ”, “Граніт”, “Чыгунка”, “Аддзел адукацыі” і “Беларусбанк”. На працягу двух дзён турысты аспрэчвалі лідэрства у самых розных відах спорту і конкурсах. У валейболе, як і чакалася, барацьба разгарнулася паміж “Беларусбанкам” і “Гранітам”. На гэты раз удача ўсміхнулася банкірам. У спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, якую дапамог правесці старшыня міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Барыс Гнедзька, лепшы вынік паказалі “БРСМаўцы”. У перацягванні каната не было роўных “чыгуначнікам”. У дартсе перамаглі “гранітаўцы”. Яны ж былі лепшымі ў конкурсе на самую смачную і арыгінальную страву. У мастацкай самадзейнасці артыстычнымі здольнасцямі ўразілі “банкіры”. На жаль, з-за дажджу пераадоленне паласы перашкод было адменена.