Спорт

ЗІМОВЫЯ СТАРТЫ АЛІМПІЙЦАЎ

Чэмпіянат Беларусі па лёгкаатлетычным мнагабор’і, які праходзіў у Гомелі, пацвердзіў лідзіруючыя пазіцыі нашага земляка Эдуарда Міхана.
У сямібор’і ён паказаў наступныя вынікі: бег на 60 метраў – 6,93 секунды, скачкі ў даўжыню – 7 метраў 56 сантыметраў, ядро – 14.81 метра, скачкі ў вышыню – 2 метры 4 сантыметры, бег на 60 метраў з бар’ерамі – 8,06 секунды, скачкі з шастом – 4 метры 70 сантыметраў, бег на 1000 метраў – 2.39,06 хвіліны. Набраўшы 6145 ачкоў, Эдуард устанавіў асабісты рэкорд. Гэты ж вынік лічыцца адным з лепшых у Еўропе ў зімовым сезоне. Па словах спартсмена, калі б не збой у бар’ерах ды невялікая памылка пры пераадоленні планкі на вышыні 5 метраў у скачках з шастом, мог бы прэтэндаваць на нацыянальны рэкорд, які два гады таму ўстанавіў Андрэй Краўчанка. Але сезон у разгары, ёсць час замахнуцца і на рэкорд, тым больш што фізічная падрыхтаванасць спартсмена зараз на высокім узроўні.
ХХХ
У гэты ж час у Магілёве праходзілі спаборніцтвы на прызы “Магатэкс”, у якіх прымалі ўдзел мацнейшыя лёгкаатлеты краіны. У іх ліку і наша зямлячка Ірына Хлюстава.
У бегу на 400 метраў яна паказала трэці вынік (53,69 секунды), прапусціўшы наперад сваіх сябровак па эстафетнаму квартэту – Ганну Ташпулатаву і Святлану Усовіч.
МІНІ-ФУТБОЛ
АФГАНСКІ ТУРНІР
Дванаццаць каманд выказалі жаданне паспрабаваць свае сілы ў традыцыйным турніры па міні-футболе памяці воінаў-землякоў, загінуўшых у Афганістане. Прыемна, што папулярнасць спаборніцтваў расце, пра што сведчыць той факт, што сярод заявіўшыхся – каманда з Пінска.
Вітаючы ўдзельнікаў спаборніцтваў, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Жуланаў расказаў аб добрых традыцыях ветэранскай арганізацыі і пажадаў удзельнікам сумленнай барацьбы. “Поспехаў у спорце, а таксама ў жыцці,” – такі наказ прагучаў ад начальніка аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызме райвыканкама Пятра Хвастова.
Пасля ўдакладнення ўзнікшых спрэчных пытанняў і жараб’ёўкі пачаўся сапраўдны марафон. У суботу і нядзелю праведзены першыя 7 гульняў, якія завяршыліся наступнымі вынікамі: “Інформ-прагулка” – “Пінск-каледж” (8:4), “Інформ-прагулка” – “Рэдзігераўская СШ” (10:4), “Лунін” – “ДЮСШ-Любань” (15:4), “Лунін” – “Пінск-каледж” (14:0), “Палессеэлектрамаш” – “СУ-63” (8:1), “ДЮСШ-Лунінец” – “ДПТК СВ” (8:9) і “ДПТК СВ” – “СУ-63” (5:7).
СТРАЛЬБА
ВЫПРАБАВАННЕ НА ТРАПНАСЦЬ
Амаль 7 гадзін працягваліся спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама ў завяршэнне рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “ДТСААФ слаўнае імя – мацуй справамі сваімі”, прысвечанай ХІV з’езду добраахвотнага таварыства.
Як і летась, у спаборніцтвах прынялі ўдзел 22 каманды школ раёна. У практыкаванні ВП-1 (стральба з апорай на стол) лепшы вынік паказаў Юрый Ярашэвіч з Сінкевіцкай СШ (127 ачкоў). Другое месца заняў Валерый Жук з Палескай СШ (111), трэцяе –Дзмітрый Кіндрук з Дварэцкай СШ (107). У практыкаванні ВП-2 (стральба стоячы) пераможцам стаў таксама прадстаўнік Сінкевіцкай СШ Аляксандр Кіслюк (108). Арцём Куліеў з лунінецкай СШ №2 з 85 ачкамі стаў сярэбраным прызёрам, а Уладзімір Бараноўскі з мікашэвіцкай СШ №1 – бронзавым. Практыкаванне ВП-3 (стральба з калена) лепш за ўсіх выканаў Аляксей Шостыр з лунінецкай СШ №2 (142 ачкі). На 21 ачко менш у Андрэя Фурсевіча з Сінкевіч. Трэцяе месца заняў Максім Цяльпук з Палескага.
У камандным заліку перамагла каманда Сінкевіцкай СШ (356 ачкоў), якая ва ўпартай барацьбе абышла мінулагодняга пераможцу – зборную лунінецкай СШ №2 (329). Трэцяе месца занялі юнакі Палескай СШ. Трэба сказаць, што 7 гадоў таму, выступаючы на абласных спаборніцтвах, прадстаўнікі гэтай школы прынеслі перамогу Лунінецка-Ганцавіцкай абласной структуры ДТСААФ. Менавіта гэта адзначыў падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання Барыс Гнедзька. У лік фундатараў спаборніцтваў увайшлі таксама райкам БРСМ і раённая арганізацыя ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”.
Удзельнікі спаборніцтваў выказваюць удзячнасць арганізатарам, адміністрацыі лунінецкай СШ №2 і галоўнаму суддзі спаборніцтваў В.А. Вайцяхоўскаму.
ВАЛЕЙБОЛ
БЕЗДАКОРНАЯ ПЕРАМОГА
Валейбольны чэмпіянат раёна пачаўся са спаборніцтваў жаночых каманд. У мінулую суботу ў спартыўнай зале політэхнічнага каледжа сабраліся 5 каманд, якія падчас урачыстага адкрыцця вітаў дырэктар РФСК “Здароўе” Ігар Гапон.
На працягу двух дзён балельшчыкі сталі сведкамі захапляючых паядынкаў. 
Зладжанасць, камбінацыйную гульню дэманстравалі прадстаўніцы Мікашэвіч – горада, багатага на валейбольныя традыцыі.
Гісторыя развіцця валейбольнага руху, можна сказаць, пачалася з уводам у эксплуатацыю гранітаздабываючага прадпрыемства. Каманда “Граніт”, як мужчынская, так і жаночая, у розныя гады годна прадстаўляла Лунінеччыну на спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. І зараз гэты патэнцыял не згублены. У Мікашэвічах створаны добрыя ўмовы для развіцця валейбола і прапаганды яго сярод насельніцтва, у тым ліку – падрастаючага пакалення.
Пацвярджэннем стаў і сёлетні чэмпіянат. Юныя валейбалісткі мікашэвіцкай СШ №2 не прайгралі ні адной партыі і сталі пераможцамі. Другое месца – у гаспадароў. Дзяўчаты політэхнічнага каледжа толькі аднойчы дапусцілі “асечку” – у матчы з чэмпіёнкамі. Трэцім прызёрам стала каманда “Граніт”. На жаль, не ўсё атрымалася на гэты раз у юных валейбалістак Лахвенскай СШ, якія выступалі ў складзе каманды “Рафінад”. Яны, дарэчы, летась былі пераможцамі, а на гэты раз – толькі чацвёртае месца. На пятым радку – маладая каманда з Дварца.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть