Спорт

ЗНОЎ ДАПАМАГЛІ САПЕРНІКІ

Футбол

 

У Гомелі «Граніт” у матчы чарговага тура чэмпіянату краіны па футболе ў першай лізе сустрэўся з мясцовым «ДСК-Гомель”.

Гаспадары адкрылі лік у сярэдзіне першага тайма, а за 1 хвіліну да яго заканчэння закацілі мяч і ў свае вароты. Раўнавага захоўвалася амаль да заканчэння гульні. Падалося, гаспадары змірыліся з нічыёй, але мікашэвіцкіх футбалістаў такі лік не задавольваў, яны працягвалі атакаваць. Адна з апошніх атак прынесла ім перамогу. Зрабіў гэта на 89 хвіліне Кірыл Шрэйтар. 2:1 – перамога «Граніта”.

29 кастрычніка, у суботу, «Граніт” зноў правядзе гульню на выездзе. На гэты раз яго сапернікам выступіць светлагорскі «Хімік”.

 

Міні-футбол

ПЕРШАЯ ПЕРАМОГА «ГРАНІТАЎЦАЎ”

Хочацца спадзявацца, што з упэўненай перамогі над магілёўскай «Спартландыяй” (9:4) у мікашэвіцкага «Граніта” пачнецца белая паласа ў матчах чэмпіянату краіны па міні-футболе.

Патэнцыял у каманды вялікі, але ёй не хапала ўдачы і ўпэўненасці. У дамашнім матчы супраць «Спартландыі” ў мікашэвіцкіх футбалістаў атрымлівалася ўсё: і гульня ў абароне і нападзенне. Першыя два галы запісаў на свой рахунак Віталь Халімончык. Героем матча стаў Алег Міхнюк, які тройчы пасылаў мяч у сетку. Яшчэ галы забілі Андрэй Семянюк, Аляксандр Байда і Генадзь Ярмоліч. Госці не толькі прапусцілі 4 мячы, але і вызначыліся аўтаголам.

«Базару” пашанцавала менш. На сваёй пляцоўцы наша каманда ўступіла «Кіраўску-Белшыне” – 5:7.

На працягу ўсёй сустрэчы лунінчане выступалі ў ролі даганяючых. Быццам давалі саперніку «фору”. На 36-ай хвіліне зраўнялі лік – 5:5, а вось «дажаць” саперніка не здолелі. Госці ж праявілі стрыманасць і на апошніх двух хвілінах забілі па мячу. У «Базара” вызначыліся Аляксандр Рапецкі, Дзмітрый Колас, Максім Наварыч, Міхаіл Санюковіч і Вадзім Бандарук.

У суботу, 29 кастрычніка, «Граніт” згуляе на выездзе з «Дынама-БНТУ”, а «Базар” – з лідарам «Лідсельмашам”.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть