Абанемент да здаровага ладу жыцця
Спорт

Абанемент да здаровага ладу жыцця

спорт круглыНакіраванасць Дзяржаўнай праграмы развіцця фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады на аздараўленне нацыі дазволіла разгарнуць ва ўсіх рэгіёнах шырокамаштабнае будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю спартыўных комплексаў і збудаванняў. У Лунінцы работа ў гэтым напрамку таксама праведзена вялікая. Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база фізічнай культуры і спорту адукацыйных устаноў. Пачалі працаваць лядовая арэна “Алімп-2011” і басейн “Дэльфін”. Каб абмеркаваць тое, што зроблена, а таксама перспектывы развіцця, запрасілі на “круглы стол” загадчыка сектара фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Пятра ХВАСТОВА (cправа), дырэктараў ДЮСШ: па зімовых відах спорту – Яўгена МАРОЗАВА, па водных відах спорту – Аляксандра БЛАГАДЗЁРАВА (злева).
Вядучы: У стварэнні ўмоў для заняткаў насельніцтва фізічнай культурай і спортам дзяржава бачыць шлях выхавання здаровага і разумнага маладога пакалення. Важная роля ў гэтым адводзіцца дзіцяча-юнацкім спартыўным школам.
Аляксандр Благадзёраў: Гэта так. Адной з важных задач спартыўных школ з’яўляецца павышэнне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці і вынікаў выхаванцаў з улікам індывідуальных асаблівасцяў і патрабаванняў адукацыйных праграм па відах спорту. Зараз у 19 групах пачатковай падрыхтоўкі вядзецца навучанне плаванню. Сёлета пачала працаваць секцыя воднага пола. Усяго ў нас трэніруецца 264 хлопчыкі і дзяўчынкі. Заняткі праводзяць 7 трэнераў-выкладчыкаў.
Яўген Марозаў: У нас спецыфіка работы крыху адрозніваецца. Калі ў ДЮСШ па водных відах спорту набор абмяжоўваецца 6-7-гадовымі малышамі, то ў нас ахопліваюцца і больш старэйшыя школьнікі: у групы пачатковай падрыхтоўкі залічваем юных спартсменаў да 2004 года нараджэння. Пад пільным кантролем трэнераў-выкладчыкаў дзеці, а іх 222, праходзяць школу фігурнага катання ў 13-ці групах і хакея з шайбай – у 7-мі.
Вядучы: І ўсё ж, цікава даведацца, ці кожны можа быць залічаны ў ДЮСШ?
Аляксандр Благадзёраў: У школу прымаюцца ўсе дзеці, якія жадаюць займацца спортам, па заяве бацькоў і медыцынскім дазволе ў адпаведнасці з наяўнай колькасцю свабодных месцаў. Штогод неабходна здаваць пераходныя экзамены. Калі выхаванец не выконвае нарматыў, яму прапаноўваецца ў далейшым працягваць заняткі ў групах на платнай аснове – 75 тысяч рублёў у месяц.
Яўген Марозаў: Пры рэгулярным наведванні спартыўнай секцыі, большасць дзетак здольны вытрымаць нарматыўнае выпрабаванне. Але частыя пропускі заняткаў, іншы раз па ўважлівых прычынах, напрыклад, з-за выезду класа на аздараўленне, “перакрэсліваюць” дагэтуль набытыя навыкі. Даводзіцца пачынаць усё з нуля.
Аляксандр Благадзёраў: Па гэтай прычыне некаторых не дапускаем да ўдзелу ў спаборніцтвах, што выклікае іншы раз незадаволенасць бацькоў. У пагоні за тым, каб ахапіць усё, яны імкнуцца запісаць сваё дзіця адразу ў некалькі секцый. Гэта не заўсёды лепшым чынам адбіваецца як на яго здароўі, так і на дасягненні спартыўных вынікаў.
Вядучы: Але відавочна, сярод задач, якія стаяць перад фізкультурна-спартыўнымі аб’ектамі, важнае месца адводзіцца далучэнню да здаровага ладу жыцця жыхароў горада і раёна.
Пётр Хвастоў: У сучасным грамадстве фізічная культура і спорт выступаюць як кампенсатар зніжэння актыўнасці, як дзейнасць, якая прапануе сістэму рэальна карысных для кожнага чалавека каштоўнасцей, што здольны змяніць манатонны рытм жыцця сучаснага чалавека. Таму, як у басейне, так і на лядовай арэне, у вольны ад трэніровачных заняткаў час, грамадзяне могуць далучыцца да здаровага ладу жыцця. Дадам, што ў абодвух збудаваннях ёсць трэнажорныя залы. У “Дэльфіне”, да таго ж, – більярдная зала і саўна. Аб рэжыме работы можна даведацца па тэлефонах адміністратараў: 3-52-77 (“Алімп-2011”) і 2-49-69 (“Дэльфін”).
Аляксандр Благадзёраў: У сваёй рабоце мы карыстаемся нарматыўнымі дакументамі, якімі ўстаноўлены рэжым, рэгламент і правілы наведвання. Іх павінны ведаць і прытрымлівацца ўсе, хто пераступае парог нашых устаноў.
Вядучы: Ведаю, што летась некаторыя арганізацыі заключалі дагаворы з лядовай арэнай на наведванне спартыўнага аб’екта сваімі работнікамі. А як сёлета?
Яўген Марозаў: Тэрміны дагавораў з дыстанцыяй пуці, хлебазаводам, ААТ “Палессеэлектрамаш” і “ЛМЗ” закончыліся. Новыя пакуль не заключаны.
Аляксандр Благадзёраў: З намі заключылі дагаворы 10 арганізацый. На жаль, ёсць абмежаванні часу на наведванне малой чашы. Свабоднай ад заняткаў тут застаецца толькі нядзеля. Таму бацькоў з малышамі, якія не ўмеюць плаваць, чакаем у гэты дзень.
Пётр Хвастоў: Згодна з рашэннем райвыканкама № 405 ад 22.03.2013 г. кіраўнікі СВК, прадпрыемстваў і арганізацый раёна павінны забяспечыць наведванне названых аб’ектаў сваімі работнікамі (не менш як 15 працэнтаў) шляхам заключэння дагавораў на набыццё абанементаў. А з новага года паліклініка будзе выдаваць напраўленні на наведванне плавальнага басейна тым, каму для аднаўлення сіл патрэбны водныя працэдуры.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть