Спорт

«Алімп» загартоўвае, аб’ядноўвае, радуе

Калі вы любіце катацца на каньках або гуляць у хакей і хочаце адчуваць атмасферу зімовага драйву круглы год, «Алімп-2011» прадаставіць вам такую магчымасць!

Лядовая арэна з’яўляецца галоўным катком Лунінеччыны. Гэта сучасны ўніверсальны спартыўны комплекс, прызначаны для правядзення хакейных матчаў, трэніровак фігурыстаў, аказання фізкультурна-аздараўленчых паслуг насельніцтву, правядзення масавых спартыўных, культурных, відовішчных і забаўляльных мерапрыемстваў.

 

СПОРТ ДЛЯ САПРАЎДНЫХ МУЖЧЫН І СМЕЛЫХ  ДЗЯЎЧАТ

   

Хакей – адна з самых дынаміч-ных і відовішчных спартыўных гульняў.

У апошнія гады беларусы займаюць высокія пазіцыі ў сусветным рэйтынгу па гэтым відзе спорту. Клубы КХЛ і зборная нашай краіны даказваюць, што Беларусь – гэта хакейная дзяржава!

Падрыхтоўкай юных хакеістаў і фігурыстаў у Лунінцы займаецца ДЮСШ па зімовых відах спорту. Яе ўзначальвае Міхаіл Санюковіч. Школу наведваюць 180 дзяцей, якія размеркаваны па групах: пачатковай падрыхтоўкі і вучэбна-трэніровачных.

Заняткі праводзяць кваліфікаваныя трэнеры-выкладчыкі. У іх ліку – трэнер-выкладчык па хакеі Раман Пуляк. У “Алімп” трапіў па размеркаванню пасля заканчэння Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Па яго словах, яшчэ ў школьныя гады захапляўся зімовымі відамі спорту, у прыватнасці, лыжнымі гонкамі. У Пінску спасціг сакрэты хакейнага майстэрства. Імі цяпер дзеліцца са сваімі падапечнымі. Выхаванцы Рамана Аляксандравіча 2008 года нараджэння ў гэтым навучальным годзе ўпершыню прымаюць удзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах. Пакуль важных перамог у скарбонцы 9-гадовых спартсменаў няма, але яны абавязкова будуць, улічваючы, што за каманду выступаюць упартыя, хуткія, смелыя хакеісты. У іх ліку – вучань лунінецкай СШ №3 Руслан Скіба:

–  Я вельмі люблю хакей. Гэта цікавая гульня, поўная рызыкі. Займаюся чацвёрты год. Вельмі падабаецца забіваць шайбы ў вароты саперніка. У гэты час адчуваеш сапраўды неперадаваемыя словамі адчуванні, прыліў адрэналіну. Выпрабоўваем таксама пачуцці хуткасці і кемлівасці.

Кожны раз на лёд разам з хлопчыкамі выходзіць Насця Кавалец. Яна прыязджае на трэніроўкі разам з братам Раманам. Па сваіх фізічных якасцях і ўпартасці дзяўчынка не саступае “моцнай палове чалавецтва”.

– Цудоўна, што ў нашых дзяцей ёсць магчымасць наведваць секцыю хакея, прычым, бясплатна, – дзеляцца ўражаннямі бацькі. – Тут яны не толькі засвойваюць азы і сакрэты самай мужчынскай гульні, але і вучацца працаваць у камандзе, сябраваць, падтрымліваць адзін аднаго. Усё гэта ім вельмі спатрэбіцца ў жыцці. Мы падтрымліваем нашых дзяцей, заўсёды суправаджаем іх на спаборніцтвы і крыху зайздросцім, што ў іх ёсць такая цудоўная магчымасць – гуляць у сапраўдны хакей. Да таго ж, усе дзеці забяспечаны формай.

Хочацца верыць, што хакейныя дружыны з яркай назвай “Алімп” у хуткім часе будуць праслаўляць нашу Лунінеччыну, як і выхаванцы 2003-2004 гадоў нараджэння, што ў студзені занялі трэцяе месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах “Залатая шайба”. Адміністрацыя ДЮСШ выказвае шчырыя словы ўдзячнасці былому трэнеру Аляксандру Лабко, які ўнёс важкі ўклад у падрыхтоўку юных хакеістаў.

 

ФІГУРНАЕ КАТАННЕ – МОДНА І СУЧАСНА!

У ДЮСШ па зімовых відах спорту працуе секцыя фігурнага катання на каньках. Дзякуючы паяўленню ў нашым горадзе лядовай арэны гэты від спорту атрымаў новы штуршок у сваім развіцці.

Навучанне ў спартыўнай секцыі ўключае ў сябе заняткі на лёдзе, а таксама фізічную падрыхтоўку і харэаграфію. Для залічэння ў групу першага года навучання неабходна толькі жаданне дзіцяці і даведка ад педыятра.

Расказвае трэнер-выкладчык па фігурным катанні Марыя Салуйчык:

– Фігурнае катанне – адзін з самых прыгожых відаў спорту, сапраўднае мастацтва, якое развівае грацыю, пластыку, умацоў-вае здароўе. Яму падуладны ўсе ўзросты! Ім можна займацца, пачынаючы з трох-чатырох год і да самай старасці. Асаблівасць заняткаў фігурным катаннем за-ключаецца ў тым, што яно з’яўляецца выдатным прафілактычным сродкам ад прастуд, кашлю і грыпу, рэкамендуецца дзецям з аслабленым імунітэтам, аказвае добрае ўздзеянне на работу сэрца, лёгкіх, печані і суставаў. Мы робім шмат, каб не толькі навучыць дзіця тэхнічна рухацца на лёдзе, але і развіць артыстычныя здольнасці, уменне мімікай, жэстамі, пластыкай рухаў данесці да гледача вобраз.

 

АКТЫЎНЫ АДПАЧЫНАК

Калі вы хочаце цікава правесці час, прыходзьце на масавае катанне ў “Алімп”. Весела, цікава і пад добрае музычнае суправаджэнне.

Актыўны адпачынак у кампаніі сяброў, цёплая і сяброўская атмасфера – што можа быць лепш!

У вашым распараджэнні будзе выдатнае лядовае поле. Ёсць спецыяліст па заточванню канькоў. Не бяда, калі ў вас няма сваіх, – тут працуе пракат, дзе можна ўзяць фігурныя і хакейныя.

А яшчэ па вечарах тут праводзяць трэніроўкі аматарскія хакейныя каманды з Мікашэвіч і сумесная Лунінец-Лельчыцы. Калі ёсць жаданне паспрабаваць свае сілы  – калі ласка.

Усю інфармацыю аб гадзінах масавага катання і цэнах можна атрымаць на сайце “Алімпа” або па тэлефоне 3-52-77.

 

ТРЭНАЖОРКА

Трэнажорная зала з’яўляецца па-сапраўднаму ідэальным месцам для тых, каму неабыякава яго здароўе, і хто клапоціцца пра сваю фізічную форму. У гэтым перакананы інструктар-метадыст Анатоль Маркавічэнка:

– Сістэматычныя практыкаванні дазваляюць удасканаліць сваё цела і палепшыць здароўе. Трэнажорная зала дае магчымасць зрабіць свой арганізм мацней, нармалізаваць масу цела, палепшыць абменныя працэсы ў арганізме, быць у цудоўнай фізічнай форме. Тут можна выбраць для сябе самы зручны від трэніровак. Якую б мэту вы не праследавалі, абавязкова адчуеце вынік ад заняткаў і зразумееце, што значыць трэніравацца ў камфортнай і сяброўскай абстаноўцы.

Пра дасягненні лунінецкіх прыхільнікаў паўэрліфцінгу можна расказваць шмат. Прыгадаем апошняе – летась юніёрская каманда “Алімп” стала пераможцай у чэмпіянаце краіны і сярэбраным прызёрам – у катэгорыі “мужчыны і жанчыны”.

Трэнажорная зала працуе што-дзень (акрамя нядзелі) з 16 гадзін. Кошт аднаго наведвання – 2 рублі 10 капеек (1 рубель 30 капеек – для дзяцей да 16 год). Карыстаюцца попытам абанементы на месяц: 8 заняткаў – 14,7 рубля, 12 – 21 рубель.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть