Спорт

Паказальныя выступленні па воркауту адбыліся ў Лунінцы

Вулічны воркаут – спорт, які дапамагае заставацца ў форме без фінансавых затрат. Рэспубліканскі тур “Сіла Беларусі” стартаваў у сярэдзіне кастрычніка, а на мінулым тыдні прадстаўнікі грамадскага аб’яднання “Федэрацыя воркаута” завіталі ў Лунінец – адзін з 36-ці гарадоў, дзе праходзяць паказальныя выступленні..

Многія дарослыя памятаюць, наколькі папулярнымі былі турнікі і брусы ў савецкі час. Іх устанаўлівалі ў дварах, на школьных стадыёнах. Сёння захапленне спартыўнымі трэніроўкамі на вуліцы ў нашай краіне набывае новы віток. Рух дваровага фітнесу набірае ўсё большую папулярнасць і дае магчымасць кожнаму жадаючаму весці паўнавартасны і здаровы лад жыцця. Актыўная моладзь Беларусі аб’ядноўваецца на рэспубліканскіх воркаут-фестывалях, з задавальненнем цікавіцца выступленнямі і дзейнасцю міжнародных арганізацый, пераймае вопыт іншых і дзеліцца сваімі спартыўнымі дасягненнямі. Прадстаўнікі грамадскага аб’яднання запрашаюць людзей далучацца да іх руху замест піўных вечароў каля тэлевізара.

У спартыўнай зале СДЮШАР аматары воркаута падарылі лунінчанам цікавую праграму, насычаную фізічнымі практыкаваннямі на турніках, брусах, швед-скай сценцы. Нельга было не заўважыць, як раз-пораз юнакі і дзяўчаты рабілі вялікія вочы, назіраючы за выкананнем асобных элементаў і піруэтаў. Арганізатары заклікалі гледачоў таксама прыняць удзел у розных конкурсах. Самыя моцныя і актыўныя атрымалі памятныя падарункі. У іх ліку – вучні СШ №2 Глеб Семяненка і Ліза Драніч, навучэнец сельскагаспадарчага каледжа Сяргей Барай і іншыя.

– Галоўная мэта нашых паездак – не толькі расказаць пра відовішчнасць і даступнасць гэтага віду спорту, зрабіць яго модным, але і пазнаёміцца з таленавітымі юнакамі, – заўважае адзін з арганізатараў тура Эдуард Матросаў. – У будучым плануем, што ў кожным горадзе паявіцца інструктар, а актывісты ўвойдуць у трэнерскую сетку па ўсёй краіне і стануць касцяком, на якім будзе трымацца воркаут. Спадзяемся, што лунінчане абавязкова далучацца да нашага руху, тым больш, што пазітыўных і даволі моцных юнакоў тут дастаткова.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть