Андрэй Бахно: “Задача – выстаяць!”
Спорт

Андрэй Бахно: “Задача – выстаяць!”

У суботу адкрываецца чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па футболе ў першай лізе. Аб тым, як да яго падрыхтаваўся ФК “Граніт-Мікашэвічы”, вядзем размову з намеснікам старшыні савета клуба Андрэем Бахно.

— Як ідзе трэніровачны працэс з улікам склаўшайся эпідсітуацыі?

— Перайшлі на “ўдалёнку”. Працуем па індывідуальных планах. Збіраемся разам у Брэсце, але не кожны дзень. Захоўваем меры засцярогі.

— Ці абнавілася каманда па параўнанню з мінулагодняй?

— Больш як на 50 працэнтаў – новыя ігракі. У падрыхтоўчы да сезона перыяд правялі селекцыю і запрасілі ў склад “Граніта” футбалістаў, якія могуць адпавядаць таму ўзроўню, які зададзены камандзе пад выкананне пэўных задач. У асноўным гэта ігракі, якія раней выступалі за іншыя каманды Брэстчыны.

— Адна справа бачыць футбаліста на трэніроўцы, другая – у гульні. Ці дастаткова было праведзена спарынгаў?

— Таварыскія сустрэчы, якія праводзіліся кожны тыдзень, дазволілі праверыць гатоўнасць каманды. У апошнім паядынку ў мінулую суботу на полі саперніка быгралі “Дынама-1960-Брэст” – 2:1. Дарэчы, па выніках гэтага матча была цалкам укамплектавана каманда –дагаворы заключаны з 18 ігракамі.

— Ці праўда, што ў папярэдняй сустрэчы вы таксама выходзілі на поле як ігрок?

— Атрымалася так, што адзін з абаронцаў з-за траўмы не змог прыняць удзел у паядынку. Вырашыў успомніць “маладосць”. Улічваючы, што дагэтуль не закінуў трэніроўкі і падтрымліваю фізічную форму, навыкі пакуль не згубіў і на месцы абаронцы правёў 2 таймы цалкам. Ігракі аднадушна выказаліся за тое, што мая дапамога на полі будзе вельмі дарэчы і падчас чэмпіянату. Такім чынам, маё прозвішча таксама ўнесена ў заявачны спіс.

— Хто сёлета выйдзе з капітанскай павязкай?

— Капітан патрэбен на поле для таго, каб каманда псіхалагічна, духоўна не развалілася, для таго, каб яна ў самай цяжкай сітуацыі гуляла, нібы гадзіннікавы механізм. Летась з гэтай задачай выдатна спраўляўся Станіслаў Гнедзько. Спадзяемся, што і ў гэтым сезоне ён будзе душой “Граніта”.

— Стартавую гульню 18 красавіка з “Крумкачамі” вы правядзеце на выездзе. Як лічыце, ці пашанцавала з жараб’ёўкай?

— Зразумела, было б лепш, каб першы матч гулялі на дамашнім полі. Але з календаром не паспрачаешся. Гульня будзе няпростай, улічваючы, што сапернік даволі сур’ёзна “ўкамплектаваны”.

— Ці пагадзіцеся, што гэта будзе адзін з фаварытаў чэмпіянату? Хто яшчэ, на вашу думку, пазмагаецца за лідарства?

— Нягледзячы на тое, што ў барацьбу ўступяць толькі 14 каманд, многія маюць моцныя склады. Таму, акрамя “Крумкачоў”, “Гомель” і “Спадарожнік”, безумоўна, паспрачаюцца за п’едэстал.

— А якія задачы ў новым сезоне ставіць перад сабой «Граніт”?

— Выстаяць. Магчыма, па ходу сезона, у залежнасці ад таго, як будзе складвацца сітуацыя з фінансаваннем, задачы будуць іншыя. Але пакуль так.

— Футбольная каманда без балельшчыкаў — гэта палова каманды. Што бы вы пажадалі ім?

— Балельшчыкі — наша сіла і падтрымка. Мы гуляем для іх. Можна сказаць — гэта наш 12-ы ігрок. Вялікі дзякуй нашым заўзятарам. Жадаю ім прыходзіць на стадыён, калі нармалізуецца эпідсітуацыя, і атрымліваць задавальненне ад гульні нашай каманды. Тыя, хто прытрымліваецца “самаізаляцыі”, змогуць сачыць за падзеямі ў інтэрнэце. Нашы актывісты з ліку фанатаў і прэс-служба будуць весці трансляцыі і інфармаваць аб самым цікавым на афіцыйных старонках у сацыяльных сетках.

Гутарыла Алена Даніловіч.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть