Байцоўскі характар
Спорт

Байцоўскі характар

ира ванюкЗ бронзавай узнагародай ХV Кубка СДЮШАР і ДЮСШ, што праходзіў у Маскве, вярнулася лунінчанка Ірына ВАНЮК.
– Першыя трэніроўкі паказалі, што дзяўчынка не проста таленавітая і вельмі перспектыўная, але яшчэ і ўпартая, што вельмі важна ў спорце, – гаворыць трэнер Алена Вярэніч. – А яшчэ ў яе ёсць надзейная падтрымка з боку бацькоў. Тата Сяргей Ванюк, супрацоўнік РАУС, таксама калісьці займаўся лёгкай атлетыкай. Былога дзесяціборца радуе захапленне дочкі і, зразумела, вынікі.
– Гады два таму, – прыгадвае Ірына, – атрымала траўму. Хацела кінуць заняткі, але бацька здолеў пераканаць мяне, што гэта – не самае страшнае ў жыцці. Трэба ісці да канца, калі выбрала спартыўную сцяжынку. Не магла з гэтым не пагадзіцца, і поспех не прымусіў доўга чакаць… З кожным днём мне ўсё больш падабаецца бегаць, скакаць, рухацца. Дзякуй маім трэнерам, якія працягваюць “ляпіць” з мяне спартсменку. Дзякуючы спорту ў мяне паявіўся байцоўскі характар. Я навучылася цярпець і ісці да канца, не здавацца і кожны дзень удасканальваць сябе.
У снежні на абласным першынстве ў Брэсце Ірына ўстанавіла адразу два асабістыя рэкорды – у скачках у вышыню і бар’ерным бегу на 60 метраў. Да таго ж, вынік у бегавой дысцыпліне – 8,7 секунды – стаў паўтарэннем абласнога рэкорда 26-гадовай даўніны. З такім дасягненнем не сорамна на міжнародны ўзровень выходзіць. Гэта і зрабілі трэнеры з абласнога цэнтра, запра-сіўшы дзяўчынку ў склад каманды Брэстчыны на спаборніцтвы ў Маскву.
На старт у сталіцы Расіі выйшлі амаль 30 бар’ерыстак. У папярэднім забегу дасталася нязручная 6-ая дарожка: саперніцы не ў полі зроку, іх прысутнасць адчуваецца толькі інтуітыўна. Да таго ж, дзяўчына, што бегла побач, зачапілася і ўпала. Гэта звычайна адцягвае ўвагу. І ўсё ж, Ірына справілася з хваляваннем і фінішавала другой з вынікам, які дазволіў у ліку васьмі мацнейшых трапіць у фінал.
З жараб’ёўкай зноў не пашанцавала – усё тая ж шостая дарожка. І вось бар’ерысткі на дыстанцыі. Ірыне падалося, што яна вельмі “засядзелася” на старце, таму па ходу вырашыла навярстаць упушчанае. Адзін бар’ер, другі, трэці… І вось апошняя перашкода, і раптоўна бар’ер падае. Удар каленам аказаўся такім моцным, што дзяўчына ледзь утрымалася на нагах, але здолела фінішаваць. Пры гэтым Ірына Ванюк заваявала бронзу з вынікам 9,26 секунды.
– Я вельмі шчаслівая, што стала прызёрам, – дзеліцца радасцю спартсменка. – Маё жаданне займацца лёгкай атлетыкай расце з кожным днём, таму што ў мяне ёсць мэта – дабіцца максімальна высокага выніку. Лёгкая атлетыка для мяне – не проста спартыўная секцыя, не проста прабежка, гэта – жыццё, частка мяне, без якой проста не змагу існаваць.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть