Безвыхадных сітуацый не бывае
Спорт

Безвыхадных сітуацый не бывае

БабічУ гэтым перакананы галоўны трэнер мотабольнага клуба “Лунінец” Аляксандр БАБІЧ. Аб тым, якія спадзяванні ўскладаюцца на “памаладзеўшую” каманду ў новым сезоне, папрасілі расказаць яе настаўніка.

– Сезон пачалі з матчаў на Кубак Рэспублікі Беларусь, які праходзіў у Пінску. На жаль, колькасць удзельнікаў калісьці вельмі прэстыжнага спаборніцтва змяншаецца год ад года. На гэты раз заявіліся толькі тры каманды. У стартавым матчы давялося гуляць супраць славутага “Аўтамабіліста”, за які зараз, дарэчы, выступае адзін з былых лідараў “Лунінца” Мікалай Бойка. Нягледзячы на тое, што ў нас цяпер у асноўным толькі моладзь, за выключэннем Аляксандра Лазько, здолелі прадэманстраваць стабільную і ўражваючую гульню. Асноўны час завяршыўся нічыёй. Хаця з гэтым цяжка пагадзіцца. На апошніх хвілінах чацвёртага перыяду Сяргей Казун вывеў нашу каманду наперад, і арбітр паказаў на цэнтр поля, што значыць – мяч залічаны. Але потым змяніў сваё рашэнне і не залічыў гол, быццам ігрок наехаў на лінію. Такім чынам быў назначаны дадатковы час. І тут удача аказалася на баку гаспадароў, якія перамаглі 2:1. У другім матчы нам супрацьстаяла сталічная “Зара”. Тут таксама была зафіксавана аналагічная сітуацыя толькі з дакладнасцю наадварот: у нашы вароты мінчане забілі гол, заехаўшы за лінію, але арбітр залічыў яго. І зноў “Лунінец” пацярпеў паражэнне – 2:3. Нягледзячы на пройгрыш, лічу, што каманда паказала сваю перспектыўнасць і волю да перамогі. Спа-дзяюся, у чэмпіянаце выступім больш удала.

– А калі стартуе чэмпіянат Беларусі і колькі каманд заявілася?

– Афіцыйна адкрыццё чэмпіянату адбудзецца 31 мая. Наша каманда першы матч правядзе 1 чэрвеня з літоўскай “Мілдай”. Усяго заяўку падалі 4 беларускія клубы і 2 літоўскія.

Шкада, што перад самым пачаткам адказных спаборніцтваў вымушаны вырашаць зусім не спартыўныя праблемы. Перш-наперш – фінансавыя. Дзякуй індывідуальнаму прадпрымальніку Сяргею Колбіку, які дапамог з палівам. Здолелі правесці некалькі паўнацэнных трэніровак, а таксама выступіць на Кубку Рэспублікі Беларусь. З выхадам Указа Прэзідэнта №191 спадзяванні на атрыманне падтрымкі з бю-джэту сталі праблематычнымі. Але кіраўніцтва раёна разумее, што мотабол – гульня, якая праславіла Лунінеччыну не толькі на ўсю краіну, але і на ўсю пастсавецкую прастору. Гэта традыцыі, якія нельга губляць. Старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч і яго намеснік Віктар Рафаловіч паабяцалі знайсці выйсце са складанага становішча. Спадзяемся і на дапамогу нашых фундатараў, у ліку якіх Уладзімір Навіцкі. Дзякуй яму і ўсім, хто нас падтрымліваў і працягвае падтрымліваць.

– А што здарылася з камандай? Дзе падзяваліся лідары?

– Як ужо адзначаў, Мікалай Бойка зараз гуляе за “Аўтамабіліст”. Алег Ісаеў заключыў кантракт з нямецкім клубам, а Антон Багданец будзе выступаць за літоўскую каманду. Але ў нас падрасла годная змена. Будучае лунінецкага мотабола за такімі спарт-сменамі як Сяргей Казун, Аляксандр Лужанін, Вячаслаў Лемяшэўскі, Аляксандр Баброўскі, Вадзім Русак. Апошнія два яшчэ выступаюць і за юнацкую “Ракету”. Толькі з гэтага года паявілася такая магчымасць у маладых спарт-сменаў адначасова выступаць у першынстве і чэм-піянаце краіны. Гэта радуе. Але ёсць яшчэ адна праблема – тэхнічная аснашча-насць маладзёжных каманд. Тэхнічны прагрэс зрабіў вялікі крок наперад, а матацыклы, на якіх цяпер трэніруюцца юныя мотабалісты не адпавядаюць узроўню еўрапейскіх каманд. У такіх умовах падрыхтаваць высокакласных спартсменаў вельмі складана. Разумею, што грошы трэба ўкладваць у развіццё дзіцяча-юнацкага спорту, але што рабіць, калі іх не хапае нават на ўтрыманне асноўнай каманды. І ўсё ж, не будзем пра сумнае. Сённяшняя каманда мяне радуе, ёсць імкненне рухацца наперад, а гэта ўсяляе надзею ў лепшае будучае лунінецкіх мотабалістаў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть