Бязвыхадных сітуацый не бывае
Спорт

Бязвыхадных сітуацый не бывае

легкоотлктыГэта пацвердзіла каманда СДЮШАР па лёгкай атлетыцы, якая па ўважлівай прычыне спазнілася да пачатку спаборніцтваў.
Справа ў тым, што лунінчане дабіраліся ў абласны цэнтр на першынство сярод выхаванцаў спартыўных школ 2000-2001 гадоў нараджэння, цягніком “Масква – Брэст”. Але форс-мажорныя абставіны не дазволілі прыбыць на канечную станцыю ў вызначаны час. Па дарозе каля Іванава адбылося дарожна-транспартнае здарэнне: сутыкненне цягніка з трактарам. Рух быў спынены, і каманда трапіла ў манеж, калі спаборніцтвы ішлі поўным ходам. Дзякуючы былым выхаванцам СДЮШАР і навучэнцам вучылішча алімпійскага рэзерву Дзмітрыю Гашчуку і Вікторыі Захарчук, удалося своечасова паведаміць пра нечаканую затрымку ў арганізацыйны камітэт, зрабіць перазаяўкі спартсменаў з аднаго віду на другі і вырашыць іншыя рэгістрацыйныя пытанні.
Так, Крысціне Яфімавай з Палескага, якая выступала ў 5-бор’і, суддзі дазволілі самастойна стартаваць у бар’ернай дысцыпліне. Зразумела, без канкурэнтаў паказаць высокі вынік складана, як і ў наступным відзе – скачках у вышыню. Аднак дзяўчынка, якая ўпершыню выступала на такіх спаборніцтвах, здолела пераадолець хваляванне і трапіць у васьмёрку мацнейшых. Трое лунінчан павінны былі спаборнічаць у трайным скачку, дзе маглі быць прызёрамі. Але не пашанцавала – усё закончылася да паяўлення каманды ў манежы. Перазаяўкі на іншыя віды прынеслі лунінчанам ачкі, але не такія, як хацелася. Юлія Курак, Міхаіл Вішнявецкі і Уладзіслаў Крышталь (на здымку) сталі бронзавымі прызёрамі ў скачках у вышыню. Двойчы на трэцюю прыступку п’едэстала гонару ўзнімаўся Аляксандр Гарадкавец – у бегу на 60 метраў з бар’ерамі і скачках у даўжыню. Уклад у камандную скарбонку ўнеслі таксама Валянціна Лубнік і Мікіта Макараў, якія занялі адпаведна сёмае і пятае месцы.
Усяго за два дні спаборніцтваў лунінчане набралі 63 ачкі і занялі чацвёртае месца (да трэцяга не дацягнулі 2 ачкі, да першага – 9).



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть