Цудоўны настрой святочнага дня
Спорт

Цудоўны настрой святочнага дня

З 11 гадзін у суботу на стадыёне “Палессе” ў Лунінцы сабраліся тыя, для каго Дзень работніка фізічнай культуры і спорту – сапраўднае свята. Гэта настаўнікі і трэнеры, ветэраны фізкультурнага руху і проста аматары спорту.

Падчас урачыстага адкрыцця сабраўшыхся віталі галоўны спецыяліст раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксей Пышынскі і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Гапон.

Да ўдзелу ў спартакіядзе  запрасілі калектывы СДЮШАР, басейна, лядовай арэны, РФСК “Здароўе” і адукацыйных устаноў раёна. У кіданні кольцаў лепшы вынік паказаў Аляксандр Фуртуна (басейн). Ён жа быў лепшы ў практыкаваннях са скакалкай. У жанчын у гэтым відзе не было роўных Алене Гнедзька (СДЮШАР), якая прадэманстравала і лепшую трапнасць у кіданні баскетбольнага мяча ў карзіну. У мужчын вызначыўся Дзмітрый Казак (басейн). У прабіванні пенальці перамог Іван Бусько (СШ №3 г. Лунінца). У дартсе першае месца занялі Кацярына Раковіч (басейн) і Мікалай Вячорка (СШ №1 г. Лунінца).

У гэты ж час на футбольным полі ішлі паядынкі ў рамках абласной спартакіяды школьнікаў (2003-2004 гадоў нараджэння) і дзіцячай футбольнай лігі (2005-2006 гады нараджэння).

Каманды Лунінеччыны прымалі сапернікаў з Іванаўскага раёна. Нашы юныя футбалісты ўзялі верх у абедзвюх сустрэчах – 3:0 і 6:0. Малодшыя хлопчыкі ўжо заваявалі пуцёўку

ў абласны фінал, а вось старэйшым давядзецца зрабіць гэта ў бліжэйшыя выхадныя ў саперніцтве з равеснікамі з Пінскага раёна.

У 17 гадзін аматары спорту сабраліся на мотадроме, дзе сталі сведкамі мотабольнага матча ў рамках чэмпіянату краіны з удзелам каманд “Лунінец” і “Зара” (Мінск). На жаль, нашы землякі прайгралі мінулагодняму сярэбранаму прызёру з лікам 2:5. Галы лунінчане забілі толькі ў першым перыядзе. Гэта зрабілі Аляксандр Лужанін і Сяргей Казун. Наступную дамашнюю гульню “Лунінец” правядзе 17 чэрвеня з пінскім “Аўтамабілістам”.

У 18 гадзін зноў свята перамясцілася на гарадскі стадыён, дзе ў рамках чэмпіянату краіны па футболе “Граніт” прымаў “Нёман-Агра”.

Госці першымі адкрылі лік. Мікашэвіцкія футбалісты мелі не адзін шанц адыграцца, але да перапынку гэта зрабіць так і не здолелі. У другой жа палове сустрэчы актывізавалі свае дзеянні: не толькі зраўнялі лік, але і на апошняй хвіліне паставілі пераможную кропку – 2:1. У “гранітаўцаў” вызначыліся Павел Забелін і Ілья Буяк.

У 8-ым туры, які адбудзецца 27 мая, “Граніт” будзе прымаць “Луч”.

 

«Мяч на вадзе»

Адкрытае першынство Рэспублікі Беларусь па воднаму пола адбудзецца на базе плавальнага басейна “Дэльфін” з 24 па 28 мая.

У спаборніцтвах прымуць удзел 5 каманд. Сёння, 24 мая, балельшчыкі змогуць стаць сведкамі стартавага паядынку ў 16 гадзін.

25 мая, у чацвер, аматары водных відаў спорту запрашаюцца на ўрачыстае адкрыццё. Пачатак у 10.00.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть