Спорт

Далёкі Шэнефельд наблізіў сутачны прабег

шенефельдКалі побач з табой бягуць 70-80-гадовыя бабулі і дзядулі, то 24 гадзіны бегу не падаюцца такімі складанымі. “Няўжо яны вытрымаюць сутачную дыстанцыю, а мы не?” – разважалі юныя выхаванцы СДЮШАР, якія прымалі ўдзел ў міжнародным прабегу ў нямецкім горадзе Шэнефельд.
На старт дыстанцыі, якая не абмяжоўвалася кіламетражом, а толькі 24 гадзінамі, выйшлі больш як 300 удзельнікаў, у ліку якіх прафесіянальныя спартсмены і аматары. Права першым выйсці на дыстанцыю ў нашай камандзе было прадастаўлена Стэфану Малахаву, які пазней стаў адным з героеў фотарэпартажаў у мясцовай прэсе і паказаў лепшы вынік сярод лунінчан – 38,2 кіламетра. Яго змяніла Марыя Зубко, потым – Уладзімір Пыжэўскі, Вікторыя Захарчук, Антон Кунахавец, Ліна Трухнова, Ула-дзіслаў Руды і Станіслаў Неўдах. Усіх спартсменаў падрыхтавалі трэнеры Алена Вярэніч, якая суправаджала дзяцей у паездцы, і Валерый Жукоўскі.
Нашу каманду няцяжка было вызначыць сярод іншых. Спонсары паклапаціліся пра тое, каб забяспечыць усіх аднолькавымі майкамі з надпісам “Luninez-Belarus”. Арганізатары, а таксама больш як 200 валанцёраў і памочнікаў, зрабілі ўсё магчымае, каб спартсмены не мелі праблем, а на стадыёне панаваў святочны настрой. Гэтаму спрыяла музыка, а ў вячэрняй праграме – выступленне мясцовай рок-групы. Пункт харчавання і масажысты працавалі кругласутачна.
Улічваючы, што адначасова з правядзеннем 24-гадзіннага бегу ў далёкай Бразіліі праходзіць Кубак свету па футболе, не маглі абысці ўвагай арганізатары заўзятых аматараў футболу і ўстанавілі на стадыёне вялікі экран, дзе можна было сачыць за прамой трансляцыяй матча з удзелам зборнай Германіі.
Неўзабаве Шэнефельд накрыла ноч. Дыстанцыя з 2-ух кіламетровага круга скарацілася да 400-метровага па стадыёне. Нямецкія каманды не спынялі рух, таму і нашы спартсмены не хацелі адставаць. З пяці гадзін раніцы бег зноў перамясціўся ў зялёную зону. За гадзіну да заканчэння бегу на стадыёне паявілася група танцораў і барабаншчыкі. Фінішны спурт пачаўся пад бразіль-скія рытмы. Напружанне станавілася ўсё больш адчувальным. Сапернікі ўзвінцілі тэмп. Разрыў ад бліжэйшых праследвальнікаў перад апошнім адрэзкам часу быў каля сямі кіламетраў. І вось гонг абвясціў, што бег закончаны. Так атрымалася, што лунінчане спыніліся побач са сваімі галоўнымі канкурэнтамі, з якімі пазнаёміліся па ходу дыстанцыі. Абедзве каманды паспелі нават крышачку пасябраваць, таму павіншавалі адзін аднаго з цудоўным завяршэннем бегу і сфатаграфаваліся на памяць. І ўсё ж, перамаглі беларусы.
Стымул для пераадолення дыстанцыі надавалі і сем’і, дзе ў час візіту жылі лунінчане. Так, Марціна Баўман, Крыстафер Фелінг і яго жонка, якія з’яўляюцца прафесіяналамі ў трыатлоне, таксама прымалі ўдзел у спаборніцтвах. Зразумела, што іх “прыёмныя дзеткі” стараліся не адставаць. Асаблівых слоў удзячнасці заслугоўвае Хайке Мітэльбергер, якая не толькі дала прытулак двум нашым юнакам, але і аказала значную фінансавую падтрымку ў прыёме лунінецкай дэлегацыі. Дарэчы была дапамога ў перакладзе Аляксандра Драйдта і сям’і Фішар. Вельмі клапатліва, як да ўласнай унучкі, адносілася да Марыі Зубко Гізела Хагеналь. Але галоўным чалавекам, без якога не абыходзяцца візіты лунінецкіх спартсменаў у Шэнефельд, застаецца прэзідэнт спартыўнага таварыства “Blau-Weiss 96” Марга Гецьенс.
Дзякуючы ёй, нашы дзеці наведалі адзін з самых сучасных планетарыяў Еўропы. Яго лічаць славутасцю Гамбурга. Незабыўнай была экскурсія па Эльбе і знаёмства з прыгажэйшымі месцамі партовага горада, у ліку якіх царква Святога Міхаэля. Знаёмячыся з Шэнефельдам, не маглі не зазірнуць на месца ўзвядзення комплексу еўрапейскага праекта рэнтгенаў-скага лазера на свабодных электронах (XFEL). Акунуцца ў свет футбола змаглі на стадыёне “Імтэх Арэна”, дзе праходзяць матчы з удзелам каманды бундэслігі “HSV”. Пашчасціла выйсці на поле і юным лёгкаатлетам з Лунінца…
Надышоў час развітання з цудоўнымі людзьмі і прыгожым горадам. Да новых сустрэч, Шэнефельд!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть