Спорт

“Дзетсадаўцы” руляць

110-годдзю прафсаюзнага руху Беларусі быў прысвечаны турыстычны злёт педагагічных калектываў, які прайшоў
у эколага-асветніцкім цэнтры заказніка «Прыпяць». У спаборніцтвах прынялі ўдзел 11 каманд.
Падчас урачыстага адкрыцця іх віталі старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Нэлі Рафаловіч, загадчык сектара спартыўна-выхаваўчай работы аддзела адукацыі, спорту і турызму Пётр Хвастоў. Віншаванні прымаў юбіляр дня – настаўнік фізкультуры ліцэя Уладзімір Вабішчэвіч.
Спартыўны азарт, добры настрой і сонечнае надвор’е панавалі на працягу двух дзён на тэрыторыі цэнтра. У валейбольным турніры ва ўпартай барацьбе перамагла, як і летась, каманда Любачынскай СШ. Другое месца заняў калектыў СДЮШАР.
Паласа па тэхніцы пешаходнага турызму, якая ўключала ў сябе маятнік, бег па бервяну, пераправу і іншыя этапы, патрабавала ад удзельнікаў спрыту, фізічнай вынослівасці і спецыяльных навыкаў. Тут самыя хуткія секунды, з улікам штрафных ачкоў, паказалі прадстаўнікі Палескай СШ, апярэдзіўшы згуртаваную каманду з ясляў-сада №11.
З фігурным ваджэннем веласіпеда, падчас якога трэба было выканаць шэсць складаных элементаў, лепш за ўсіх справіліся таксама “палескія” настаўнікі. У дартсе не было роўных камандзе Язвінскай СШ. У спартыўнай эстафеце самымі хуткімі і ўважлівымі сталі турысты з лунінецкай СШ № 2.
Ацэньваючы быт, увагу надавалі знешняму афармленню лагера, насценгазеце і турыстычным стравам. Парадавалі добраўпарадкаваннем прадстаўнікі Язвінскай СШ і ясляў-сада №11. Яны прадумалі кожную дробязь, паклапаціліся пра санітарныя патрабаванні і святочна ўпрыгожылі тэрыторыі.
Творчай была прэзентацыя страў. Тут усе без выключэнняў былі на вышыні: яслі-сад №11, прадстаўляючы смачнага парсючка, і Любачынская СШ, здзівіўшая велізарнай інсталяцыяй русалкі з прадуктаў, каманда лунінецкай СШ №2, што парадавала сапраўднымі беларускімі дранікамі, і іншыя.
У мастацкай самадзейнасці не было роўных “артыстам” з СШ №2, якія прадставілі сапраўднае шоу з удзелам “зорак расійскай эстрады”.
Па выніках усіх выпрабаванняў лідарам турзлёту-2014 стала каманда ясляў-сада №11, другое месца – у Любачынскай СШ, трэцяе – падзялілі Палеская СШ і СШ №2 г. Лунінца.
Пераможцы ўзнагароджаны Граматамі і каштоўнымі падарункамі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму і раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Усе зборныя атрымалі заахвочвальныя прызы ад райкама прафсаюза і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Удзельнікі турзлёта ўдзячны за дапамогу ў правядзенні мерапрыемства дырэктару заказніка Васілю Мардухаю і галоўнаму суддзі спаборніцтваў Віталю Каташуку.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть