Еўрапейскае серабро
Спорт

Еўрапейскае серабро

миханУ польскім горадзе Торунь завяршыўся Кубак Еўропы па мнагабор’ю (Суперліга). Каманду Рэспублікі Беларусь прадставілі 8 спартсменаў – 4 мужчыны і 4 жанчыны. У іх ліку наш зямляк – Эдуард МІХАН.
Вецер на 100-метроўцы дзьмуў у твар так, што нават ісці было цяжка. На жаль, да пачатку спаборніцтваў нічога не змянілася. Між тым, Эдуард Міхан здолеў паказаць лепшы вынік сярод усіх удзельнікаў – 11,11 секунды.
Пасля другога скачковага віду (у вышыню ў жанчын і ў даўжыню ў мужчын) наша каманда замацавалася на 4-ай пазіцыі. У скачках у даўжыню было асабліва складана з такім нестабільным ветрам трапіць на брусок для адштурхоўвання, але ва ўсіх усё атрымалася. У тым ліку і ў Эдуарда – 7,32 метра. Штурханне ядра чамусьці праваліла амаль уся каманда: і мужчыны, і жанчыны недабралі па паўметра да сваіх вынікаў. У вышыні ў нашага земляка ўсё яшчэ застаецца камянём спатыкнення 2-метровы рубеж. На гэты раз – 195 сантыметраў. У бегу на 400 метраў нашы мужчыны змагаліся і са стомленасцю, і з ветрам: Міхан – 48,81 секунды.
Пасля першага дня ў дзесяціборцаў лідарства захапіў Інгмар Вос (Нідэрланды), у Эдуарда Міхана – другі радок, а каманда замацавалася на чацвёртым месцы.
Другі дзень спаборніцтваў пачаўся забегамі рыцараў дзесяці якасцяў на 110 метраў з бар’ерамі. Вецер хоць трохі сціх, але ўсё роўна дзьмуў у твар на стометроўцы. Эдуард зачапіўся за сёмы бар’ер, страціў хуткасць і ў выніку фінішаваў з часам 14,82. А вось у кіданні дыска нашы хлопцы паказалі клас. Нават расійскія трэнеры адзначылі, што беларусы прывезлі кідальнікаў, а не мнагаборцаў. Эдуард паслаў снарад на 46,38 метра.
Калі мужчыны пачалі разміначныя спробы ў скачках з шастом, пайшоў дождж. Спачатку невялікі, а потым зарадзіў лівень. Спаборніц-твы перанеслі на гадзіну. Дождж, вядома ж, не спыніўся, але стаў не такі моцны. Нават у складаных умовах Міхан змог устанавіць асабісты рэкорд – 4 метры 90 сантыметраў!
З кап’ём нашы хлопцы “не сябруюць”. Але ўсе стараліся паказаць свае лепшыя вынікі: Міхан – 52,33 метра. У завяршэнні засталося самае цікавае – 1500 у мужчын. На працягу ўсяго дня каманда Беларусі ўпэўнена трымалася на чацвёртым месцы, нікога да сябе не падпускаючы, але і моцна не набліжаючыся да трэцяга. Так што гэтыя забегі нічога не вырашалі ў плане агульнакаманднай барацьбы, затое многае – у барацьбе за індывідуальныя ўзнагароды. Беларусы, усе як адзін, беглі на свой максімальны вынік: Міхан – 4.28,44 хвіліны.
У выніку Эдуард Міхан набраў гросмайстарскую суму – 8004 ачкі і стаў сярэбраным прызёрам.
Беларусь завяршыла спаборніцтвы на 4-ым месцы – 40152 ачкі. На першым – Расія, на другім – Нідэрланды, на трэцім – Францыя.

 

ВЫНІКІ СЕЗОНА
Аб тым, з якімі вынікамі падышлі да закрыцця сезона прыхільнікі кёкусінкай будо каратэ, расказвае кіраўнік клуба “Самурай” Дзмітрый КАРАСЁЎ:
– У апошняй дэкадзе чэрвеня прадстаўнікі малодшай групы трымалі залік на атрыманне чырвоных паясоў. З дзевяці юных “самураеў” шасцёра пацвердзілі добрае валоданне тэхнікай белага пояса ў руху і атрымалі дзве сінія нашыўкі. Яшчэ двое – тое ж, толькі стоячы на месцы, і справіліся з акрабатычнымі і страховачнымі практыкаваннямі. Адзін юнак не вытрымаў выпрабаванне.
“Летняя школа” ў Пінску сабрала каля 100 чалавек, з іх 25 – каратысты з Лунінца. Закончылася мерапрыемства здачай экзаменаў. Сем 9-гадовых хлопчыкаў сталі ўладальнікамі белых паясоў. Тры чалавекі цяпер будуць выходзіць на татамі ў аранжавых з сіняй паласой – у іх цяпер 9-ты кю. Урач УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Анастасія Сайко здолела пераступіць адразу дзве прыступкі – 8-ы і 9-ты кю. Цяпер у яе – сіні пояс.
Падобнае мерапрыемства, толькі рэспубліканскага маштабу, адбылося і ў Брэсце. Аляксандр Іовіч з Краснай Волі вытрымаў выпрабаванне на 8-ы кю. Кімано Інэсы Трушко цяпер упрыгожыць зялёны пояс з карычневай паласой, у яе – 3-ці кю. Мне таксама давялося трымаць экзамен. Цяпер да чорнага пояса застаецца адзін крок. А пакуль – карычневы пояс з залатой паласой – 1 кю.

 

УТРЫМЛІВАЮЦЦА НА ПІКУ
Другі тыдзень каманда “Граніт” узначальвае турнірную табліцу чэмпіянату краіны па футболе ў першай лізе.
У дамашнім матчы чарговага тура мікашэвіцкім футбалістам супрацьстаяла сталічная “Звязда-БДУ”. І хаця ў першым тайме балельшчыкі не ўбачылі забітых мячоў, перавага гаспадароў была адчувальнай. З боку галоўнага трэнера Валерыя Бахно неаднаразова гучалі заклікі, адрасаваныя Яўгену Лебедзеву. Здаецца, не здарма. У другім тайме ён раскрыў сябе ў поўнай меры, забіўшы два мячы ў вароты саперніка. Замацаваць перамогу дапамог Дзмітрый Ігнаценка, які з’яўляецца лідарам у “гранітаўцаў” па забітых мячах. Цяпер на яго рахунку іх 7. Госці змаглі толькі забіць гол прэстыжу. Вызначыўся Уладзімір Крына на 87-ай хвіліне. Такім чынам, 3:1 – упэўненая перамога “Граніта”.
Наступную гульню мікашэвіцкая каманда правядзе на выездзе 12 ліпеня са “Слонімам”.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть