«Феміда» зноў на вышыні
Спорт

«Феміда» зноў на вышыні

IMG_1616Як і ў 2013-ым, каманда “Феміда” ў чарговы раз стала чэмпіёнам раёна па валейболе.

Апошні дзень валейбольнага турніру пачаўся з гульні за трэцяе месца. На пляцоўку выйшлі дэбютант чэмпіянату “Аўтапарк-10” і мінулагодні пераможца “Рэдзігерава”.

Хто б мог падумаць, што для высвятлення бронзавага прызёра спатрэбіцца максімальная колькасць сэтаў — 5! Аднак пачнем па парадку. Рэдзігераўскія валейбалісты з першых хвілін пачалі навязваць сваю гульню, і ім удалося перамагчы ў дзвюх партыях (25:19 і 25:22). Пераломным стаў трэці сэт. Аўтамабілісты, якія, дарэчы, днём раней нядрэнна праявілі сябе ў паўфінале з “Фемідай”, актывізавалі свае дзеянні і ўзялі верх над рэдзігераўскімі валейбалістамі (25:21, 25:13 і 15:13). Такім чынам, дэбютанты адразу ўзышлі на п’едэстал.

Матч за першае месца для многіх балельшчыкаў быў прадказальны. Тыя, хто сачыў за паядынкамі на працягу чэмпіянату, без ваганняў аддавалі перамогу “Фемідзе”, у склад якой уваходзілі ігракі, што маюць вопыт выступленняў за прафесійныя каманды. Казаць няма чаго — сёння “Феміда” выглядала вышэй за ўсіх на галаву. I нават вопытны “Беларусбанк” не мог скласці ёй канкурэнцыю ў апошнім паядынку турніру. Усе тры сэты завяршыліся перамогай каманды служыцеляў закону. За яе выступалі Аляксандр Амельяновіч (капітан), Віталь Гаўрыловіч, Аляксандр Калюціч, Іван Шуст, Мікалай Данілевіч, Дзмітрый Лукашэвіч, Барыс Веляскевіч, Віталь Пуцяты, Міхаіл Коваль, Аляксандр Радзюк, Аляксей Навуменка і Рыгор Юшчук (прадстаўнік — Дзмітрый Цітовіч).

Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання ўдзельнікаў спаборніцтваў вітаў старшыня раённай арганізацыі аб’яднанняў прафсаюзаў Ігар Гапон. Ен жа ўручыў прызы ад РФСК “Здароўе” лепшым: іграку — Рыгору Юшчыку, пасуючаму — Івану Шусту (абодва — “Феміда”), нападаючаму — Андрэю Кожуху (“Беларусбанк”), абаронцу — Арцёму Русаку (“Аўтапарк-10”) і суддзі — Аляксандру Мірановічу.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть