Галоўны каратыст краіны пабываў у СШ №4 г.Лунінца
Каля 80 чалавек з Лунінца, Пінска і Баранавіч сабраліся ў спартыўнай зале лунінецкай СШ №4, каб прайсці атэстацыю па кёкусінкай будо каратэ.
Трэніровачныя заняткі праводзіў генеральны дырэктар рэспубліканскай федэрацыі кёкусінкай будо каратэ Дзмітрый АЛЯХНОВІЧ:
– Колькасць членаў федэрацыі на сённяшні дзень перабольшвае 3000 чалавек. Створана сетка клубаў па ўсёй краіне. Дзмітрый Карасёў, які ўзначальвае мясцовы клуб “Самурай” адданы сваёй справе, сапраўдны прафесіянал. Лічу, што бацькі, якія не паклапаціліся пра тое, каб іх дзеці трэніраваліся ў Дзмітрыя Карасёва, не дастаткова надалі ўвагі іх фізічнаму і духоўнаму развіццю. На занятках у секцыі каратэ фарміруецца характар і развіваюцца лепшыя якасці. Тым больш для гэтага віду адзінаборства няма ўзроставага цэнзу. Можна ўдасканальваць свае здольнасці ўсё жыццё.
Да экзамену на гэты раз было дапушчана 45 лунінчан. Найбольшая колькасць — 18 чалавек –упершыню праходзілі выпрабаванне на самы першы ў сваім жыцці разрад – 10 кю. Сем “самураеў” прэтэндавалі на “жоўты” пояс (6 кю). Вытрымаць экзамен здолелі шасцёра. Трэба дадаць, што такая колькасць прэтэндэнтаў на такі высокі разрад была адзначана ў Лунінцы ўпершыню. Спадзяемся, што на дасягнутым нашы землякі не спыняцца і будуць далей рухацца на шляху ў авалодванні сакрэтамі майстэрства кёкусінкай будо каратэ.