Спорт

Калі здольная, дык ва ўсім

Так можна ахарактарызаваць сёлетнюю выпускніцу гімназіі імя Уладзіслава Нядзведскага Анастасію КРЫВУЛЕЦ, якая стала пераможцай раённай спартакіяды школьнікаў па плаванню.

Яе вынік на 25-метровай дыстанцыі – 17 секунд – стаў недасягальным для бліжэйшых саперніц з мікашэвіцкай СШ №2 – Аляксандры Лушчык і Аліны Інгінен. Па словах дзяўчыны, гэта не рэкордны для яе час. Аднак задаволенасці не хавала, як і настаўнік па фізічнай культуры Васіль Юрчанка. Любоў да плавання перадалася дзяўчынцы ад яе таты. Пазней Насця стала актыўна ўдзельнічаць у гімназічных і раённых спаборніцтвах. У авалоданні тэхнікі і навыкаў дапамагае ёй, як не дзіўна, – інтэрнэт. І, зразумела ж, рэгулярнае наведванне басейна РУВП “Граніт”, дзе слушныя парады дае інструктар па плаванню Вячаслаў Калбовіч. Пераможцай раённай спартакіяды стала другі год запар. Сваё сяброўства са спортам дзяўчына плануе працягнуць і далей, а яшчэ – марыць стаць студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Хочацца спадзявацца, што задуманае абавязкова спраўдзіцца. Для гэтага ў яе ёсць стараннасць, здольнасці і трывалыя веды адукацыйнай праграмы. Сярэдні бал атэстата знаходзіцца на ўзроўні 9,3!

У юнакоў таксама ўвесь п’едэстал занялі прадстаўнікі мікашэвіцкіх устаноў адукацыі. Самы хуткі час на 50-метровай дыстанцыі паказаў Андрэй МЕНЗЯЛЕЕЎ з СШ №2 – 32,69 секунды. Другое месца заняў яго калега па камандзе Дзмітрый Дыдыка (34,86), трэцяе – гімназіст Уладзі-слаў Здрок.
У камандным заліку перамогу святкавалі вучні мікашэвіцкай СШ №2. Другую суму балаў набралі прадстаўнікі гімназіі, а трэцяе месца – у спартсменаў з Сінкевіцкай СШ.

 

ПАДТРЫМКА НАДАЕ СІЛ
Чарговы матч у рамках Цэнтральна-Еўрапейскай лігі па мотаболе адбудзецца ў нядзелю, 8 чэрвеня, у 17 гадзін на гарадскім мотадроме. «Лунінец» будзе прымаць сталічную «Зару».

 

У ТРОХАЧКОВАЙ ЗОНЕ – 8 КАМАНД

Да экватара першага круга чэмпіянату Беларусі па футболе ў першай лізе ні адной з каманд не ўдаецца заявіць пра сябе, як аб сапраўдным лідары: першае месца ад восьмага аддзяляюць усяго тры ачкі.
“Граніт” у мінулую суботу правёў матч на выездзе з “Рэчыцай-2014”. Перад гульнёй спытала ў галоўнага трэнера Валерыя Бахно: “На што разлічваеце?” Ён з усмешкай адказаў: “Як Бог дасць!”. Але кажуць, на Бога спадзявайся, ды сам старайся, што нашы землякі і зрабілі. У нянаснае надвор’е яны змаглі ўвезці з Рэчыцы тры ачкі. Гол на 71-ай хвіліне з падачы Кірыла Алексіяна забіў Аляксей Халецкі. 1:0 – чацвёртая перамога “Граніта” ў сезоне.
У суботу, 7 чэрвеня, на стадыёне “Палессе” “гранітаўцы” будуць прымаць “Гарадзею”. Пачатак у 18.30.

 

“САМУРАЙ” НАЗВАЎ ПЕРАМОЖЦАЎ

У спартыўнай зале лунінецкай СШ №4 прайшло першынство горада па кёкусінкай будо каратэ, у якім бралі ўдзел 56 выхаванцаў клуба “Самурай”.
Самыя маленькія (5-9 год) дэманстравалі свае здольнасці па версіі рандоры. Ва ўзроставай групе 5-6 год пераможцамі сталі Уладзімір Палакян і Арцём Быстры. Сярод 7-9-гадовых каратыстаў на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару падняліся Георгій Збароўскі (вагавая катэгорыя да 30 кг), Аляксандр Цыпкевіч (да 35 кг) і Нічыпар Цяльпук (звыш за 40 кг).
У паядынках у поўны кантакт (кумітэ) свае байцоўскія якасці дэманстравалі юнакі, якія маюць пэўную фізічную падрыхтоўку. Пераможцамі сярод 10-11- гадовых спартсменаў сталі Ілья Давідзюк (да 35 кг) і Уладзіслаў Кнырэвіч (звыш за 40 кг). Не пакінулі шанцаў сапернікам ва ўзроставай групе 12-13 год Эдуард Арашкевіч (да 40 кг) і Кірыл Коваль (звыш за 50 кг). У самых старэйшых першае месца ў абсалютнай катэгорыі заняў Антон Карпуковіч.
Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы і медалі ад адзела па ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть