Крыніца жыццёвай энергіі
Спорт

Крыніца жыццёвай энергіі

Падчас урачыстасці ў Дзень горада ўшаноўвалі тых, хто сваёй працай і талентам праслаўляюць наш палескі край, хто ўнёс значны ўклад у яго развіццё і актыўна ўдзельнічае ў жыцці працоўных калектываў. У іх ліку – ветэран працы лакаматыўнага дэпо Лунінец Сяргей ГНЕДЗЬКА. Ён узнагароджаны Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў, якую ўручыў Віктар Рафаловіч. Трэба сказаць, што гэта не адзіная высокая адзнака, якой сёлета ўдастоены Сяргей Іванавіч.

Ён таксама прызнаны лепшым суддзёй Кубка Беларусі па мотаболе 2017 года. Здаецца, у яго жыцці няма перыяду, не звязанага са спортам. Дом сям’і Гнедзька знаходзіўся на вуліцы Сенная ў Лунінцы. У акружэнні балот дзетвара ўсё ж знаходзіла паляны, дзе можна было паганяць мяч. І рабілі гэта з задавальненнем. Сапраўднае саперніцтва вялося паміж братамі – іх у сям’і Гнедзька было 7. Сёння некаторыя з іх даволі вядомыя ў спартыўным асяроддзі: Барыс узначальвае Лунінецка-Ганцавіцкую МРАС ДТСААФ, Аляксей выкладаў фізкультуру ў СШ №1, зараз трэніруе хлопчыкаў і дзяўчынак у СДЮШАР і каменціруе футбольныя матчы на стадыёне, Сяргей – суддзя ў мотаболе.

Калісьці ў Лунінцы менавіта стадыён быў самым папулярным месцам сустрэчы, а футбол – любімым відам спорту. Толькі ў чэмпіянаце горада бралі ўдзел да 9 каманд – з воінскіх часцей, прадпрыемстваў чыгункі, СМУ, аўтабазы, леспрамгаса…

– Мы з задавальненнем сачылі за футбольнымі падзеямі, – дзе-ліцца ўспамінамі Сяргей Іванавіч. – За гонар лічылі, калі нам, хлапчукам, давяралі падаваць мячы падчас гульняў. А яшчэ падабалася актыўнасць балельшчыкаў, якія заўсёды вельмі эмацыянальна каменціравалі ход матча. Пакуль дарослыя высвятлялі лепшых у спаборніцтвах на стадыёне, мы, падлеткі, арганізоўвалі ўласныя тур-ніры, у якіх не менш вострай была барацьба паміж камандамі “Легава”, “Гагарына”, “Залессе”. У юнацкім узросце мне сталі давяраць судзейства… Пазней здаў нарматывы і атрымаў пасведчанне суддзі па футболе першай катэгорыі.

Сяброўства са спортам працягнулася і падчас службы ў арміі, якая праходзіла ў Бабруйску. Там жа набыў яшчэ адну, можна сказаць спартыўную прафесію, – радыётэлеграфіст. За тры гады армейскага жыцця настолькі ўцягнуўся ў вайсковую справу, што паявіліся думкі пра кар’еру ваеннага. Але яны хутка развеяліся. І прычынай таму стала Зінаіда. Дзяўчына пакарыла сэрца юнака, які не змог устаяць перад яе прыгажосцю, добразычлівасцю і душэўнасцю… З таго часу прайшло паўстагоддзя, і 5 лістапада сямейная пара адзначыць “залатое” вяселле.

Стаўшы чыгуначнікам, Сяргей Іванавіч працягнуў бацькоўскую справу, які на працягу многіх год быў дзяжурным па станцыі. У дэпо ўладкаваўся качагарам. У Гомелі закончыў курсы памочніка машыніста і ў 1971-ым стаў машыністам.

А як жа спорт? Няўжо магчыма такую складаную прафесію спалучаць з захапленнем. Для кагосьці гэта можа быць і праблема, але не для С.І. Гнедзькі. Быў у яго біяграфіі адзін невялікі перыяд, калі давялося папрацаваць у ДТСААФ. Тады, а было гэта ў 1967 годзе, менавіта ён напісаў першую заяўку на ўдзел лунінецкай каманды ў чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па мотаболе. А праз год гэты тэхнічны від спорту замацаваўся на Лунінеччыне і саставіў сур’ёзную канкурэнцыю футболу. Пра дасягненні нашых мотабалістаў можна расказваць шмат, улічваючы, што яны неаднаразова станавіліся чэмпіёнамі краіны і ўладальнікамі Кубка Беларусі. Не ўстаяў перад спакусай перакваліфікавацца ў мотабольнага арбітра і Сяргей Іванавіч. Ён абслугоўваў не толькі матчы рэспубліканскага масштабу, але і чэмпіянату СССР. Лунінчаніну была прысвоена ўсесаюзная катэгорыя. Часта выязджаў у Краснадарскі і Стаўрапольскі край, у Літву, дзе тэхнічны від спорту быў не менш папулярны, чым на Лунінеччыне. Даводзілася планаваць паездкі ў пачатку года, калі зацвярджаўся план спаборніцтваў, заказваць білеты за 40 дзён да вызначаных дат, штомесяц карэкціраваць рабочы графік.

– Прыемна, што кіраўніцтва дэпо заўсёды ішло насустрач, ды і калегі не адмаўлялі, калі патрэбна было падмяніцца, – расказвае Сяргей Іванавіч. – Без іх дапамогі наўрад ці змог бы прысвячаць сябе любімаму хобі.

У пачатку 90-ых мінулага стагоддзя вялікая дзяржава распалася. Змяненні закранулі ўсе сферы жыцця, у тым ліку і спорт. Мотабол працягваў свой летапіс, але ў крыху іншым фармаце. У Лунінцы сфарміравалася выдатная брыгада суддзяў. Вышэйшая нацыянальная катэгорыя прысвоена не толькі Сяргею Гнедзьку, але і яго брату Барысу, а таксама Мікалаю Мустайкіну, Эдуарду Жуку, Вячаславу Сідараву. Ёсць з кім параіцца, абмяняцца меркаваннямі і нават паспрачацца.

– Ці складана судзіць мотабольныя матчы?

– Суддзя абавязкова павінен займаць такую пазіцыю, каб бачыць усё поле і не трапіць пад колы матацыкла. Падчас гульні паміж усімі арбітрамі павінна быць узгодненасць, тады пытанняў не ўзнікае. Але самым складаным для мяне з’яўляецца су-дзейства матчаў з удзелам лунінецкай каманды. Душой за яе перажываю, але прынцыповасць і аб’ектыўнасць бяруць верх.

Акрамя захаплення мотаболам Сяргей Гнедзька заўсёды актыўна прымаў удзел у спартыўным жыцці дэпо, як кажа сам, такая грамадская нагрузка была ў радасць. Тым больш, што дэпоўцы часта радавалі дасягненнямі.

– Наша каманда, у фарміраванні якой прымаў непасрэдны ўдзел, была нават бронзавым прызёрам рэспубліканскага першынства Беларускай чыгункі па міні-футболе, – працягвае ўспамін суразмоўца. – Тады за нас гулялі Анатоль Бацюшка, Віктар Комар, Аляксандр Несцярук, Андрэй Трушко, Віктар Неўдах, Павел Грудзько і іншыя.

Нягледзячы на тое, што прайшло 18 год, як Сяргей Іванавіч выйшаў на заслужаны адпачынак, ён не губляе сувязь з прадпрыемствам, што па-сапраўд-наму стала родным. Вось і сёлета да Дня чыгуначніка праявіў актыўнасць у арганізацыі турніру па більярдзе сярод ветэранаў-чыгуначнікаў і таварыскай сустрэчы з прадстаўнікамі ААТ “Кузлітмаш” з Пінска. Кіраўніцтва дэпо і прафсаюзны камітэт заўсёды падтрымліваюць такія ініцыятывы і аказваюць садзеянне.

Па вечарах на стадыёне “Палессе” ў Лунінцы не так многа аматараў здаровага ладу жыцця. Пастаянных можна пералічыць па пальцах. У іх ліку – Сяргей Гнедзька:

– Усім вядома, што бег і хадзьба – самыя лепшыя сродкі ў барацьбе са старасцю і хваробамі. Бегаць ужо складана ў сілу ўзросту, а вось хадзіць падабаецца. На стадыёне звычайна 10 кругоў “матаю” – прыкладна 4 кіламетры. Жыццёвая энергія прыбаўляецца і настрой паляпшаецца. Але яшчэ гэтаму спрыяе сустрэча з аматарамі спорту, якія таксама не могуць прайсці міма стадыёна, з якім звязана шмат цікавых момантаў жыцця. Сярод іх – Віктар Каташук, Аляксандр Паўлюкавец, Міхаіл Галка, Віктар Комар. Прыемна ўспомніць маладосць, абмеркаваць бягучыя спартыўныя навіны і проста паспрачацца…

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть