Спорт

Кубак не мяняе прапіску

стрельбаВосьмы раз запар прадстаўнікі лунінецкай СШ №2 заваявалі Кубак Лунінецка-Ганцавіцкага міжраённага савета ДТСААФ па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. На гэты раз спаборніцтвы праходзілі ў рамках месячніка, прысвечанага 69-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне
і 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Ва ўрачыстым адкрыцці бралі ўдзел старшыня міжраённага савета Барыс Гнедзька і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Жуланаў.
На базе лунінецкай СШ №2 сабраліся 10 каманд. Аднак асаблівых сенсацый не адбылося, хаця інтрыга захоўвалася да таго моманту, пакуль на агнявым рубяжы не сціхлі выстралы. Гаспадары выдатна падрыхтаваліся да спаборніцтваў і сталі пераможцамі ва ўсіх відах праграмы. У практыкаванні ВП-2 (стральба стоячы) перамог Дзмітрый Насковіч. 21 ачко яму ўступіў сярэбраны прызёр Дзяніс Фурсевіч з Сінкевіцкай СШ. Бронза дасталася Дзмітрыю Кезю (лунінецкая СШ №1).
У асабістым заліку ў стральбе з калена лепшы вынік паказаў Максім Марцінкевіч (СШ №2). У прызавую тройку трапілі Фёдар Кузьміч (Дварэцкая СШ) і Віталь Шкут (Сінкевіцкая СШ).
У дзяўчат пры выкананні практыкавання ВП-1 найлепшую суму балаў набрала Дар’я Кулакевіч (СШ №2). Другое месца заняла Анастасія Апенька (Сінкевіцкая СШ), трэцяе – ліцэістка Наталля Пауліч.
У камандным першынстве перамаглі вучні СШ №2. Другое месца – у Сінке-віцкай СШ, трэцяе – Дварэцкай СШ. Пераможцы і прызёры, а таксама іх трэнеры ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі ад ДТСААФ, БРСМ і раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”.

 

ПЕРШЫ БЛІН НЕ КАМЯКОМ
Выхаванцы СДЮШАР 2003 года нараджэння робяць толькі першыя крокі ў футбольнай “кар’еры”, таму трэцяе месца ў іх першым міжнародным турніры, які праходзіў у Століне можна назваць поспехам.
Акрамя лунінчан, у спаборніцтвах бралі ўдзел хлопчыкі з Пінска (2 каманды), Жыткавіч і ўкраінскага Кастопаля. Як расказаў трэнер каманды Дзмітрый Колас (на здымку), яго падапечныя выдатна правялі матч з прадстаўнікамі Гомельшчыны, у якім узялі верх з лікам 2:0. З гаспадарамі згулялі ўнічыю (0:0). Прайгралі толькі пераможцам – камандзе Пінск-1. У барацьбе за п’едэстал зафіксавана нічыя з другой пінскай камандай (1:1). У выніку – трэцяе месца. Лепшым іграком турніру прызнаны Мікіта Саковіч з СШ №1.
– У цэлым застаўся задаволены выступленнем, – расказвае Дзмітрый Колас. – Хаця, маглі і лепш. Хлопчыкі трэніруюцца толькі другі год. І гэта другі турнір у іх гульнявой практыцы. Спадзяюся, што ўсе перамогі ў нас наперадзе.

 

ЛІДАРСТВА ЗАХОЎВАЕЦЦА
Пасля трох тураў чэмпіянату краіны па футболе ў першай лізе турнірную табліцу па-ранейшаму ўзначальвае “Граніт”.
Такое становішча радуе балельшчыкаў, якія з задавальненнем наведваюць дамашнія гульні каманды, што праходзяць на стадыёне “Палессе”. У мінулую нядзелю “гранітаўцы” прымалі светлагорскі “Хімік”. Першая палова матча праходзіла пад дыктоўку гаспадароў, якія пайшлі на перапынак пры ліку 1:0. Гол забіў Андрэй Шэракоў. У другім тайме госці актывізаваліся і на 59-ай хвіліне зраўнялі лік (1:1), які захаваўся да канца паядынка.
Між тым, “Граніт” з 7 ачкамі працягвае лідзіраваць.
У чарговым туры, 7 мая, адбудзецца выязны матч з камандай “Мінск-2”, а 11 мая на стадыёне “Палессе” “гранітаўцы” згуляюць з “Іслаччу”. Пачатак гульні ў 18 гадзін.

 

ПАСПЯХОВЫ
ПАЧАТАК СЕЗОНА
У суботу лунінецкія мотабалісты прымалі дэбютанта Цэнтральна-Еўрапейскай лігі па мотаболе – клуб “Рыга” з Латвіі.
Згодна з рэгламентам, зацверджаным на гэты год, гульня праводзілася ў фармаце 4 перыяды па 15 хвілін. Нашы землякі адразу паказалі сваю перавагу і трымалі яе на працягу ўсяго матча, які завяршыўся з лікам 9:1 на карысць “Лунінца”.
Наступная сустрэча на гарадскім мотадроме адбудзецца ў суботу, 10 мая, у 17.00. На гэты раз – з мацнейшым літоўскім клубам “Мілда” з горада Крэцінга.
КАЛЯНДАР ГУЛЬНЯЎ ЦЭНТРАЛЬНА-ЕЎРАПЕЙСКАЙ ЛІГІ ПА МОТАБОЛЕ
10-11.05 Маладзёжны турнір на прызы старшыні цэнтральнага савета ДТСААФ (з удзелам каманды “Ракета”)
10.05, субота
“Лунінец” – “Мілда” (Крэцінга, Літва)
18.05, нядзеля
“Аўтамабіліст” (Пінск) – “Лунінец”
08.06, нядзеля
“Лунінец” – “Зара” (Мінск)
14.06, субота
“Лунінец” – “Бартува” (Скуодас, Літва)
19.07, субота
“Лунінец” – “Аўтамабіліст” (Пінск)
27.07, нядзеля
“Зара” (Мінск) – “Лунінец”
25-31.08 Чэмпіянат Еўропы
12.09, пятніца
“Мілда” (Крэцінга, Літва) – “Лунінец”
13.09, субота
“Бартува” (Скуодас, Літва) – “Лунінец”
14.09, нядзеля
“Рыга” (Латвія) – “Лунінец”

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть