Кубкавы матч завяршыў сезон
Спорт

Кубкавы матч завяршыў сезон

Нягледзячы на тое, што ў нядзелю ў Лунінцы выпаў першы снег, ён не напалохаў сапраўдных аматараў спорту, якія прыйшлі на стадыён “Палессе”, дзе ў матчы ў адказ сустракаліся каманды “Граніт” і “БАТЭ”.

Госці прыехалі не самым моцным саставам. Справа ў тым, што барысаўчане зараз рыхтуюцца да важнага матча з “Ромай” у Лізе Чэмпіёнаў і ім неабходна задзейнічаць у гульнях максімальную колькасць ігракоў. “Размінка” на лунінецкім полі прайшла ўдала.

Чэмпіёны краіны першымі адкрылі лік на 17-ай хвіліне (Аляксандр Еўціч). Падвоіў яго Аляксандр Карніцкі. Аўтарам трэцяга мяча, які пабываў у варотах яшчэ да перапынку, стаў Неманья Нікаліч.
У другой палове сустрэчы “гранітаўцы” былі больш актыўнымі і нават забілі гол (Андрэй Шэракоў – на здымку). Але развіць поспех не здолелі. 3:1 – перамога “БАТЭ”, які без асаблівай складанасці выйшаў у наступны этап спаборніцтваў.

Трэнер каманды “Граніт” Валерый Бахно:

– Лічу, што прайгралі яшчэ ў Барысаве. У апошняй гульні сезона хацелі паказаць сябе з лепшага боку. У першым тайме не ўдалося. А вось другі правялі выдатна. Калі б удача ўсміхнулася, маглі б і лік зраўняць. Але як ёсць, так ёсць. Віншую нашых балельшчыкаў з заканчэннем сезона, а камандзе дзякую за работу, за стараннасць. “БАТЭ” ў апошнім туры групавога этапа Лігі чэмпіёнаў жадаю выхаду ў лютаўскую стадыю еўракубкаў.

Выхаванцы СДЮШАР з задавальненнем наведваюць футбольныя матчы, што праходзяць на стадыёне “Палессе”. З асаблівым пачуццём прыходзяць на паядынкі з клубамі, якія даўно зарэкамендавалі сябе ў элітным дывізіёне і прадстаўляюць Беларусь на міжнароднай арэне. На памяць аб кубкавай сустрэчы юныя спартсмены сфатаграфаваліся з камандай “БАТЭ” і яе галоўным трэнерам Аляксандрам Ермаковічам, які свае першыя крокі ў футбол рабіў таксама ў Лунінецкай ДЮСШ.

дюсш

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть