Любанцы – уладальнікі кубка
Спорт

Любанцы – уладальнікі кубка

кубокУ Кубку раёна па футболе прынялі ўдзел 4 каманды: аграгарадкі “Любань”, “Рэдзігерава”, “Лобча” і г. Мікашэвічы.
Калі ў красавіку разаслалі палажэнне аб правя-дзенні чэмпіянату раёна па футболе, у вызначаны час на абмеркаванне з’явіліся толькі 2 прадстаўнікі. Зразумела, што ні аб якім чэмпіянаце размова ісці не магла. Таму пры правядзенні кубкавага турніру кіраўніцтва РФСК “Здароўе” звярнулася да энтузіястаў, у ліку якіх быў Леанід КРАСНІКЕВІЧ з Любані (на здымку справа). Ён прапанаваў правесці турнір у яго роднай вёсцы, дзе любяць гэты від спорту.
У мінулыя выхадныя вясковы стадыён запоўнілі прыхільнікі футбола і сталі сведкамі захапляльных паядынкаў. У выніку галоўны кубак спаборніцтваў дастаўся гаспадарам. Другое месца заняла каманда з Мікашэвіч, трэцяе – з Рэдзігерава.
Лепшым варатаром турніру стаў Сяргей Лусевіч, нападаючым – Віктар Янковіч (абодва – “Любань”), абаронцам – Віталь Богдан (“Мікашэвічы”), паўабаронца – Сяргей Мікуліч (“Рэдзігерава”). Спецыяльным прызам адзначаны і лепшы суддзя спаборніцтваў Валянцін Капліч.
Дырэктар РФСК “Здароўе” Ігар Гапон:
– Цудоўна, што ў нас на Лунінеччыне ёсць энтузіясты, такія як Леанід Краснікевіч. Вельмі ўдзячны яму за падтрымку і папулярызацыю футбола. Турнір таксама паказаў, што і ў калектывах нямала аматараў гэтага віду спорту, якіх толькі трэба сабраць і крыху падтрымаць – набыць форму, забяспечыць транспартам і выдзеліць сродкі на харчаванне. Аднак, як паказалі лабчане, да месца спаборніцтваў можна дабрацца і на цягніку. Нягледзячы на тое, што ёсць распараджэнне райвыканкама, згодна з якім на прадпрыемствах і ў арганізацыях развіццю спорту, у прыватнасці, футбола павінна надавацца асаблі-вая ўвага, работа ў гэтым напрамку не наладжана. Спадзяюся, што на наступны год у калектывах больш адказна падыдуць да папулярызацыі футбола, і, урэшце, чэмпіянат раёна адбудзецца.

 

 

ВЫЙШЛІ Ў ЛІДАРЫ
На працягу апошніх тураў “Граніт” трывала трымаўся на другім радку турнірнай табліцы, а пасля дамашняга матча з “Бярозай-2010” заняў лідзіруючую пазіцыю.
У той час, як пачалася гульня ў Лунінцы, сустрэча “Славіі-Мазыр” з “Гомельжелдортрансом” падыходзіла да заканчэння. Яе вынік 2:2 даваў мікашэвіцкім футбалістам шанц абысці лідара па ачках. І “гранітаўцы” скарысталіся ім, хаця, па вялікім рахунку, матч аказаўся вельмі складаным для гаспадароў. Адзіны мяч на 11-ай хвіліне забіў у вароты бярозаўскай каманды Павел Яўсеенка. У далейшым сапернікі стварылі па некалькі галявых сітуацый, але так і не здолелі змяніць лік: 1:0 – мінімальная перамога “Граніта”.
У бліжэйшыя выхадныя ў матчы 1/8 фіналу Кубка Беларусі па футболе “Граніт” згуляе ў Мінску з камандай “Іслач”.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть