Спорт

Матчавая сустрэча вызначыла рэзерв

матчевкаТрадыцыйныя матчавыя сустрэчы паміж юнымі лёгкаатлетамі Пінска і Лунінца выяўляюць новыя таленты сярод дзяцей, якія, як сведчыць статыстыка, потым становяцца прызёрамі вобласці і рэспублікі. Трэба спадзявацца, што хто-небудзь і з сённяшніх пераможцаў у хуткім часе праславіць малую радзіму новымі дасягненнямі.
А пакуль агучым імёны тых, хто на гэты раз узышоў на п’едэстал. У малодшай групе 2003 г.н. і маладзей вызначыліся Ягор Гулюта і Ілья Бяляеў, якія сталі пераможцамі і прызёрамі ў трох дысцыплінах. У кіданні мяча не было роўных Дзянісу Самандыку, ён жа быў другім у бегу на 60 метраў з бар’ерамі.
Ва ўзроставай групе 2001-2002 гадоў нараджэння Уладзіслаў ГАРАДКАВЕЦ заняў першае месца ў скачках у даўжыню, другое ў бегу на 60 метраў і трэцяе на дыстанцыі 200 метраў з бар’ерамі. Двойчы сярэбраным і адзін раз бронзавым прызёрам стаў Аляксандр Сідаровіч (бег на 60 і 200 метраў з бар’ерамі і ў скачках у даўжыню. Чарнюк Вольга з Кажан-Гарадка перамагла ў бегу на 600 метраў. У скачках у вышыню чэмпіёнам стаў Арцём Шэлег, другое месца заняла Яна Яромава, трэцяе – Ягор Кунахавец і Кацярына Ліпская. Двойчы на п’едэстал паднімалася Анастасія ГРУДЗЬКО – у бегу на 60 метраў з бар’ерамі (2-ое месца) і скачках у даўжыню (3-яе месца). У кіданні кап’я перамог Арцём Галаўнёў з Палескага, услед за ім у пратаколе размясціліся Антон Гурбановіч і Юрый Гембіцкі з Кажан-Гарадка. Сярэбранымі прызёрамі ў штурханні ядра сталі Максім Далгавечны з Кажан-Гарадка і лунінчанка Ганна Касовіч. У бегу на 200 метраў з бар’ерамі трэці вынік паказала Валерыя Крывулец.
АДНАЎЛЯЮЧЫ ТРАДЫЦЫІ
Два дні на базе політэхнічнага каледжа праходзілі спаборніцтвы ў асабіста-камандным заліку першынства раёна па шахматах і шашках.
Трэба сказаць, што на Лунінеччыне вось ужо 4 гады не праводзіліся чэмпіянаты па шахматах і 2 – па шашках. Зразумела, што згубіць традыцыі лягчэй, чым аднавіць. Але цудоўна, што РФСК “Здароўе” вырашыў сабраць аматараў інтэлектуальных відаў спорту зноў, бо на Палессі нямала здольных і таленавітых прыхільнікаў шахмат і шашак.
У Бродніцы, дзякуючы энтузіясту Пятру Пясоцкаму шашачныя турніры праходзяць рэгулярна. Таму не выпадкова, што каманда з СВК “Вулькаўскі світанак” заняла першае месца. У асабістым заліку перамог Пётр Пясоцкі. Другое месца – у яго земляка Сцяпана Грэбеня, трэцяе – у лунінчаніна Фёдара Богдана. У жанчын дзве Тамары разыгралі прызавыя месцы: Абрамчук з РУВП “Граніт” і Нагорная з “Вулькаўскага світанка”.
У шахматыстаў не было роўных прадстаўніку “Граніта” Вячаславу Дутчаку. А вось каб вызначыць сярэбранага і бронзавага прызёраў спатрэбілася дадатковая бліц-партыя. У выніку напружанай барацьбы імі адпаведна сталі Аляксандр Тупека (“Вертыкаль”) і Віктар Рудэнка (“Граніт”). У жанчын Таццяна Гурыновіч з “Граніта” перамагла ў вочным паядынку ў Аксаны Лазько (“Вертыкаль”).
У камандным заліку першае месца заняла каманда “Граніт”, другое – прадстаўнікі “Вертыкалі”, трэцяе – клуб “Ферзь” (ГДК).
Хацелася б адзначыць, што ў спаборніцтвах ярка праявіў сябе і шасцікласнік лунінецкай СШ №2 Уладзіслаў Якубовіч. Праўда, яму пакуль не ўдалося наблізіцца да прызёраў, але яго перамогі абавязкова прыйдуць, толькі трэба і надалей удасканальваць навыкі і трэніраваць мышленне.
З МІНІМАЛЬНАЙ ПЕРАВАГАЙ
Крок за крокам “Граніт” упэўнена набліжаецца да вышэйшай лігі.
Пацвярджэннем таму стаў дамашні матч чарговага тура чэмпіянату краіны. На стадыёне “Палессе” мікашэвіцкая каманда прымала “Рэчыцу-2014”. Здаецца, толькі нядаўна гэтыя каманды сустракаліся ў кубкавым паядынку, у якім мацнейшымі былі “гранітаўцы”, і вось чарговае выпрабаванне.
Першая палова сустрэчы праходзіла сумна. Але ў апошнія 15 хвілін гульня ажывілася, і каманды абмяняліся вострымі атакамі. У другім тайме больш актыўна праявілі сябе гаспадары. Аднак толькі на 84-ай хвіліне Раман Волкаў, што выйшаў на замену, сумеў праявіць сябе, паставіўшы кропку ў атацы “гранітаўцаў” з падачы Ігара Трухава.
Мінімальная перамога 1:0 дазволіла мікашэвіцкай камандзе зраўняцца па ачках з мазыранамі, якія ў сваю чаргу прайгралі ФК “Звязда-БДУ” з лікам 0:3.
У чарговым туры 11 кастрычніка “Граніт” згуляе на выездзе з “Гарадзеяй”.
ПРАЦЯГВАЕ ЗДЗІЎЛЯЦЬ “БАЗАР”
У гэтым сезоне лунінецкая каманда са старту згуляла пяць матчаў без паражэнняў! На гэты раз “Базар” у дамашнім паядынку нанёс паражэнне “Барысаву-900”.
І хаця першы тайм праходзіў у роўнай барацьбе, аб чым сведчыў лік – 1:1, у другім лунінчане паказалі, хто сапраўдны гаспадар на пляцоўцы. У варотах гасцей пабывала яшчэ чатыры мячы. Барысаўчане здолелі адказаць толькі адным. У выніку бездакорная перамога “Базара” – 5:2. У нашай камандзе вызначыліся Алег Грыцук (2), Дзмітрый Колас, Андрэй Волчак і Алег Протчанка.
“Граніт” у нядзелю гуляў на выездзе з “Дарожнікам”. Матч аказаўся складаным для абедзвюх каманд. Ужо на першай хвіліне мікашэвіцкія футбалісты адкрылі лік. Мяч на свой рахунак запісаў Сяргей Чумакоў. Праз некаторы час гаспадары адыграліся. І ўсё ж, “гранітаўцы” здолелі ўвезці з Мінска адно ачко – 1:1.
У бліжэйшыя выхадныя “Граніт”
згуляе дома з “БЧ”, а “Базар”
накіруецца ў госці да “Вітэна”.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть