Мотабаліст, футбаліст і валейбаліст — у адной асобе
Спорт

Мотабаліст, футбаліст і валейбаліст — у адной асобе

Александр КалютичСёлета чэмпіянат Еўропы па мотаболе прымаў нямецкі Купенхайм. Вароты нацыянальнай зборнай абараняў наш зямляк — майстар спорту Аляксандр КАЛЮЦІЧ.

Для галкіпера гэты чэмпіянат стаў дзявятым па ліку. Беларусы занялі чацвёртае месца, саступіўшы ў барацьбе за бронзу французам. Аднак, у памяці славутага спартсмена ёсць больш прыемныя ўспаміны: еўрапейскае золата 2004-га, а таксама тры серабра і дзве бронзы. Да таго ж, выступаючы за каманду “Лунінец”, неаднаразова станавіўся пераможцам і прызёрам адкрытага нацыянальнага чэмпіянату і ўладальнікам Кубка Беларусь..

Сябраваць са спортам Аляксандр пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Ішоў 1988 год, па тэлебачанні трансліраваўся чэмпіянат Еўропы па футболе. Хлопчык уважліва сачыў за падзеямі, асабліва за выступлением зборнай СССР, якая ў фінальным паядынку саступіла Нідэрландам — 0:2. Менавіта тады ён “загарэўся” футболам. Увесь вольны час ганяў мяч у двары з равеснікамі, якія таксама марылі стаць славутымі ігракамі. Да таго ж, запісаўся ў футбольную секцыю ў ДЮСШ. Першым трэнерам быў Віктар Гнедзька. Потым займаўся пад кіраўніцтвам Івана Шостыра і Міхаіла Гарбачова.

Калі ў 8-ым класе ўрокі фізкультуры ў лунінецкай СШ №3 пачаў выкладаць Аляксандр Мірановіч, то паявілася яшчэ адно захапленне — валейбол. З кожным годам майстэрства ўзрастала, але і з футболам развітвацца не спяшаўся.

Са спортам працягваў сябраваць у арміі, ПТВ-160 і Пінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме.

Прыгадваючы, як развіваўся футбол на Лунінеччыне, Аляксандр сцвярджае, што яму пашанцавала застаць той час, калі ў чэмпіянаце раёна было дзве лігі, а на абласным узроўні выступалі 2, а то і 3 каманды.

— Сёння пра гэта можна толькі марыць, — разважае былы ігрок “Расіі”, “Дварца”, “Райаграсервіса”. — Чэмпіянат раёна па футболе зараз наогул не праводзіцца. Добра, што яшчэ “афганскі” турнір па міні-футболе захавалі. На жаль, МФК “Базар” не зможа ў гэтым сезоне радаваць балельшчыкаў. Безумоўна, аднаму энтузіясту Віктару Грыневічу такое фінансаванне самастойна не пацягнуць. І так ён малайчына — разам з камандай прайшоў шлях ад раённага “афганскага” турніру да вышэйшай лігі чэмпіянату краіны па міні-футболе. Сумна, але чамусьці не бачым выхаванцаў мясцовай спартыўнай школы ў складзе таго ж “Граніта” ды і ў іншых камандах, выступаючых у чэмпіянаце краіны ў розных лігах. Балець за сваіх заўсёды прыемней…

У мотабол Аляксандр Калюціч прыйшоў у 2003 годзе. У той час ён абараняў вароты футбольнага клуба “Пінск-900”. Адам Пілевіч прапанаваў паспрабаваць сябе ў тым жа амплуа, толькі ў тэхнічным відзе. Адбылася размова з галоўным трэнерам Аляксандрам Бабічам, а потым атрымаў слушныя парады ад Аляксандра Лужаніна. Прыступіў да трэніровак, спадабалася. Так і застаўся ў мотабольным клубе.

Спорт — спортам, але ён не заўсёды гарантуе стабільны даход. У перыяд, калі гуляў за “Юну”, зарплату атрымліваў у клубе. Аднак, праз некаторы час усё засталося ў мінулым. Давялося працаўладкоўвацца. І вось ужо 10 год Аляксандр Калюціч у ПЧ-19 займаецца рамонтам штучных збудаванняў і сумяшчае работу з захапленнямі. Зараз ён выступае за мотабольны клуб “Аўтамабіліст”, валейбольную каманду “Феміда” і ў шматлікіх спаборніцтвах чыгуначнікаў у складзе “Лакаматыва”.

Прыемна, што ў сям’і Калюцічаў са спортам сябруюць усе: сын Арцём займаецца ў футбольнай секцыі, а жонка Данута ніколі не прапускае гульняў з удзелам мужа.

За спартыўную кар’еру ў майстра спорту назбіралася шмат узнагарод.

— Нядаўна вырашыў усе трафеі — кубкі, медалі, дыпломы, фотаздымкі — размясціць у асобнай шафе, — дзеліцца субяседнік. — Мяркую, цікавы будзе куток. Калі атрымалася, што “экзатычным” відам спорту адмовілі ў бюджэтным фінансаванні, наша мотабольная каманда аказалася ў складаным становішчы, нават спыніла сваё існаванне. Магчыма, зараз, калі ДТСААФ узяў клуб пад сваё крыло, “Лунінец” зноў загучыць на ўсю краіну? Хочацца верыць, што мотабол на Лунінеччыне працягне сваё жыццё, тым больш у нас падрасла годная змена. Думаў, што ўжо сёлета закончу кар’еру і павешу пальчаткі на цвік… Але, здаецца, яшчэ рана. Спорт — гэта лад жыцця, а з ім развітацца немагчыма.

Алена ДАНІЛОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть