Паклікаў зімовы клёў
Спорт

Паклікаў зімовы клёў

менты рыбалкаТурнір па зімовай лоўлі рыбы сярод супрацоўнікаў РАУС прайшоў у мінулую суботу ва ўрочышчы Сычова на Прыпяці.
Ініцыятарам спаборніцтваў выступіў намеснік начальніка аддзела Пётр Даніловіч. Каля 20 заўзятых аматараў-рыбаловаў на чале з кіраўніком Уладзімірам Рыбаком выказалі жаданне паўдзельнічаць у турніры. Прыхапіўшы з сабой па тры вуды, а менавіта столькі дазвалялася мець пры сабе, у 9 гадзін раніцы кожны пачаў “варажыць” каля сваёй лункі. Праз чатыры гадзіны падвялі вынікі. Самы вялікі ўлоў – 2,4 кілаграма – аказаўся ў ветэрана міліцэйскай службы Леаніда Несцяровіча. Спецыяльны прыз за самую вялікую рыбіну атрымаў старшы інспектар аддзялення ДАІ Сяргей Валько. А вось самая маленькая плотка трапіла на вуду старшага інспектара групы кадраў Сяргея Абрамені, які таксама атрымаў заахвочвальны прэзент.
Галоўным падарункам для ўсіх стаў зарад бадзёрасці і, зразумела, юшка, без якой рыбалка – не рыбалка!

НА ЛЫЖНІ – КАРАТЫСТЫ
Новым выпрабаваннем для выхаванцаў секцыі кёкусінкай будо каратэ сталі лыжныя гонкі, што праходзілі на школьным стадыёне СШ №4.
На думку трэнера Дзмітрыя Карасёва, такія спаборніцтвы ўносяць разнастайнасць у жыццё спартыўнага клуба “Самурай” і спрыяюць развіццю вынослівасці.
Сярод самых юных выхаванцаў групы пачатковай падрыхтоўкі ў прызавую тройку трапілі Данііл Строк, Андрэй Данько і Уладзімір Палакян. У групе “А” перамог Эдуард Коўшык. Другое месца заняў Нічыпар Цяльпук, трэцяе – Аляксей Кацуба. У групе “Б” лідарства захапіў Аляксандр Цяльпук. Сярэбраным прызёрам стаў Аляксандр Шкрабінскі, бронзавым – Наталля Карасёва. У гонцы праследавання сярод жанчын лепшы вынік паказала Аксана Антонава. Крыху саступілі ёй Галіна Лушчык і Анастасія Сайко.
Удзельнікі спаборніцтваў выказваюць удзячнасць адмі-ністрацыі СШ №4 за дапамогу ў прадастаўленні спартыўнага інвентару.

ГАСПАДАРЫ НЕ ПАКІНУЛІ ШАНЦАЎ САПЕРНІКАМ
У праграме месячніка, прысвечанага Дню Абаронцаў Айчыны, і ў рамках акцыі “ДТСААФ – за моцную і квітнеючую Беларусь” на базе лунінецкай СШ №2 прайшло асабіста-каманднае першынство раёна па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.
Удзельнікамі спаборніцтваў сталі 14-17-гадовыя юнакі з 23-ох школ Лунінеччыны. Падчас урачыстага адкрыцця юных спартсменаў віталі арганізатары: старшыня Лунінецка-Ганцавіцкай міжраённай ДТСААФ Барыс Гнедзька, намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Рамановіч і першы сакратар райкама БРСМ Юлія Шчур.
Перад пачаткам стралковай сесіі прайшла жараб’ёўка, згодна з якой каманды па чарзе трымалі выпрабаванне на агнявым рубяжы. З першага практыкавання ВП-1 – стральба з апорай на стол – лідарства захапілі гаспадары. Вызначыўся Максім Грушэўскі. Усяго два ачкі раздзялілі сярэбранага і бронзавага прызёраў – Аляксандра Шостака з СШ №1 г. Лу-нінца і Ілью Голуба з Сінкевіцкай СШ.
У наступным практыкаванні ВП-2 – стральба стоячы – не было роўных Дзянісу Фурсевічу з Сінкевіцкай СШ. Другое месца заняў Дзмітрый Насковіч (лунінецкая СШ №2), трэцяе – Дзмітрый Кезь (лунінецкая СШ №1).
Вырашальнай стала стральба з калена (ВП-3). Тут зноў на вышыні аказаўся выхаванец лунінецкай СШ №2 Максім Марцін-кевіч. У прызавую тройку таксама трапілі Фёдар Кузьміч з Дварэцкай СШ і Віталь Шкут з Сінкевіцкай СШ.
У камандным заліку перамаглі гаспадары. Другое месца занялі прадстаўнікі Сінкевіцкай СШ, трэцяе – лунінецкай СШ №1.
Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы і памятныя падарункі ад арганізатараў спаборніцтваў.
Лепшыя спартсмены прадставяць Лунінеччыну на абласных спаборніц-твах у Брэсце, якія адбудуцца ў бліжэйшыя дні.

ВЫЗНАЧЫЛІСЯ ПАЎФІНАЛІСТЫ
Набліжаецца да завяршэння чэмпіянат раёна па міні-футболе.
У мінулую суботу адбыліся заключныя гульні групавога этапу. Вызначылася чацвёрка паўфіналістаў. Імі сталі каманды: «ІП», «Гудкі», «Следчы камітэт» і «Манькавічы» (Столінскі раён).
У першай паўфінальнай гульні прымуць удзел «ІП» і « Манькавічы», у другой – «Гудкі» і «Следчы камітэт». Фіналісты выйдуць на пляцоўку ў суботу, 15 лютага ў 11 гадзін.
Паўфінальныя паядынкі і фінал, а таксама матч за 3-4 месцы, будуць праходзіць па 15 хвілін чыстага часу. У выпадку нічыёй назначаюцца два дадатковыя таймы па пяць хвілін.
ШАНЦ НА ПЛЭЙ-ОФ “ГРАНІТАЎЦЫ” НЕ ГУБЛЯЮЦЬ
На мінулым тыдні “Базар” і “Граніт” правялі гульні чарговага тура чэмпіянату краіны па міні-футболе на выездзе.
“Лідсельмаш” прымаў “Базар”. Супрацьстаяць адной з мацнейшых каманд лунінчане не здолелі і прайгралі з лікам 1:6. Адзіны мяч у нашай камандзе забіў Яўген Дзямідаў.
А вось “гранітаўцы” ўдала правялі матч у Мінску з “Аховай-Дынама”. Нягледзячы на турнірнае суседства, мікашэвіцкія футбалісты ўпэўнена перамаглі – 3:0. Дублем вызначыўся Вадзім Ціткоў, яшчэ адзін мяч запісаў на свой рахунак Сяргей Вацяк.
У бліжэйшыя выхадныя “Базар” згуляе дома з камандай “Ахова-Дынама”, а “Граніт” будзе прымаць светлагорскі “ЦКК”.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть