Памяць пра настаўніка жыве
Спорт

Памяць пра настаўніка жыве

У чарговы раз на базе СШ №2 г. Лунінца прайшоў валейбольны турнір памяці настаўніка Івана Фёдаравіча Рашэцкага.

Мінула больш за 3 гады, як перастала біцца яго сэрца, але ўдзячны напамін пра таленавітага педагога знайшоў увасабленне ў жыцці яго роднай школы і калег, якія працягваюць слаўныя традыцыі выхавання сапраўдных спартсменаў. У спецыяльна створаным кутку кожны жадаючы змог падрабязней пазнаёміцца з яркай, але, на жаль, кароткай біяграфіяй Івана Фёдаравіча. Запрашэнне пазмагацца за тытул пераможцы прынялі 4 каманды – гаспадароў, Язвінскай, Багданаўскай і Вялікачучавіцкай сярэдніх школ.

Падчас урачыстага адкрыцця спаборніцтваў дзяўчат (а менавіта прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва бралі ўдзел у турніры) вітаў галоўны суддзя, настаўнік фізічнай культуры СШ №2 г. Лунінца Віктар Вайцяхоўскі. Пасля ўзняцця Дзяржаўнага Флага Рэспублікі Беларусь і праведзенай жараб’ёўкі гульня пачалася – прыгожая, выніковая і вельмі напружаная. Ды і па працягласці таксама ўразіла: юныя валейбалісткі правялі на пляцоўцы амаль поўны рабочы дзень! Назваць іх “слабым полам” пасля гэтага язык не павернецца! А як дружна і эмацыянальна вялі сябе балельшчыкі! Проста ма-лай-цы!

Самую вялікую колькасць ачкоў набралі выхаванкі Віктара Аліфяровіча з Язвінскай СШ – Вераніка і Анжаліка Марза, Крысціна Віднікевіч, Антаніна Калянковіч, Таісія Чарнавокая, Кацярына Калюціч, Дар’я Патурай і Аліна Германовіч. Зусім крыху ім саступілі гаспадары турніру. Трэцяе месца занялі спартсменкі з Багданаўкі, чацвёртае – з Вялікіх Чучавіч. Каманды-прызёры ўзнагароджаны Граматамі і падарункамі ад адміністрацыі СШ №2 і РФСК «Здароўе». Лепшымі ігракамі прызнаны: Марына Макаед (Вялікачучавіцкая СШ), Вераніка Марза (Язвінская), Вольга Кавалевіч (Багданаўская) і Валерыя Дубойская (СШ №2 г. Лунінца). Дзяўчаты заахвочаны прызамі ад “Лунінецкіх навін”.

Развітваліся стомленыя, але задаволеныя. З дваякім пачуццём пакідала спартыўную залу і я. З аднаго боку, добра, што школа памятае сваіх настаўнікаў. Гэта правільна, так і павінна быць. Радуе яшчэ той факт, што геаграфія ўдзельнікаў турніру расце. А з другога – было крыўдна, што цудоўнае мерапрыемства засталося без належнай увагі. У тым жа аддзеле адукацыі маглі б паклапаціцца, каб дзетак хаця б пакармілі, аб прызах ужо не гавару… Дзяўчаты не толькі правялі практычна дзень на спартыўнай пляцоўцы, многіх чакала доўгая дарога дамоў. Зрэшты, акрамя раа, турнір праігнаравалі раённае аб’яднанне прафсаюзаў і БРСМ, хаця іх кіраўнікі падпісалі адпаведнае палажэнне. Шчыра спадзяюся, што ў будучым падобных недарэчнасцей не будзе.

 

Таварыская сустрэча

Нягледзячы на тое, што сустрэча каманд аблвыканкама і райвыканкама па валейболе насіла сяброўскі характар, арганізатары зрабілі ўсё магчымае, каб усе ўдзельнікі атрымалі максімум задавальнення.

Падчас урачыстага адкрыцця каманды гасцінна сустрэлі караваямі ў СДЮШАР. З прывітальным словам да валейбалістаў звярнуўся старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Гапон.

Падзеі на пляцоўцы развіваліся з пераменным поспехам. Спачатку лідарства захапілі гаспадары. А потым паступова прадстаўнікі каманды губернатара актывізавалі дзеянні і лепш правялі заключную частку, узяўшы верх – 3:2.

За валейбольнымі бата-ліямі назіралі і падтрымлівалі ігракоў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, яго намеснік Анатоль Захаркевіч, начальнік райфінаддзела Сяргей Бойка і іншыя афіцыйныя асобы і кіраўнікі прадпрыемстваў.

 

Прэтэндэнты на пуцёўкі ў паўфінал

У чэмпіянаце раёна працягваецца ўпартая барацьба за выхад у паўфінал.

Ужо заваявалі пуцёўкі “Спецжалезабетон”, “Рэдзігераўскі СДК” і “Бальніца”. На чацвёртую прэтэндуюць адразу тры каманды – “Гневань”, “Феміда” і “Дварэц”. Найбольш шанцаў у апошніх двух. Хутчэй за ўсё матч паміж імі, які адбудзецца ў бліжэйшыя выхадныя, стане вырашальным.

 

Лунінеччына валейбольная

З 14 па 17 сакавіка ў спартыўнай зале політэхнічнага каледжа адбудзецца першынство вобласці па валейболе сярод дзяўчат.

У спаборніцтвах возьмуць удзел 8 мацнейшых каманд устаноў прафтэхнавучання. Гаспадыні неаднаразова стана-віліся лепшымі на Брэстчыне. Спадзяемся, і на гэты раз удача будзе на іх баку.

 

Гімназісты на вышыні

Упершыню пераможцамі раённай спартакіяды школьнікаў па шахматах сталі лунінецкія гімназісты.

Заяўку на ўдзел падалі 11 каманд, 6 мацнейшых з іх сталі фіналістамі. Заключны этап спаборніцтваў праходзіў на базе СШ №2 г. Лунінца. Барацьба за лідарства была вельмі ўпартая. У рашаючым паядынку Анатоль Пратасеня, які, дарэчы, прызнаны лепшым шахматыстам турніру, прынёс перамогу гімназіі Лунінца. Разам з ім за каманду выступалі Васіль Хілюк і Кацярына Богдан. Усяго на адно ачко адсталі ад пераможцаў прадстаўнікі гімназіі імя У. Нядзведскага. А выхаванка гэтай установы Арына Шлыкава прызнана лепшай сярод дзяўчат. Бронзавай узнагароды ўдастоена зборная Лунінскай СШ. Столькі ж ачкоў (7,5) набралі і прадстаўнікі лунінецкай СШ №1, але саступілі лунянам за кошт асабістых сустрэч. Мінулагодні пераможца – Лахвенская СШ – размясцілася на пятым месцы. А шасцёрку мацнейшых замкнула Кажан-Гарадоцкая СШ.

 

 

Адкрытае першынство

У суботу ў плавальным басейне “Дэльфін” юныя спартсмены высвятлялі лепшых на блакітных дарожках.

Разам з лунінчанамі барацьбу за тытул пераможцы вялі выхаванцы ДЮСШ з Івацэвіч, Бярозы і Століна. Спаборніцтвы праходзілі ў чатырох узроставых групах. Падчас урачыстага адкрыцця каманды вітала дырэктар ДЮСШ па плаванню Таццяна Сімончык.

Гаспадары заваявалі 24 вышэйшыя ўзнагароды. Сярод юнакоў і дзяўчат 2003-2004 гадоў нараджэння вызначыліся Аліна Стахміч і Яўген Насеня. У ліку юных спартсменаў 2005-2006 гадоў нараджэння па чатыры разы на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзнімаліся Дзяніс Яраховіч і Ксенія Андрайчук, па два – Маргарыта Паўловіч і Артур Яраховіч. У групе 2007-2008 гадоў нараджэння па тры дыпломы вышэйшай вартасці ўручаны Маргарыце Вярэніч і Аляксандру Кіндруку, два – Ільі Шахатуні.

Акрамя таго, лунінчане сталі мацнейшымі ў эстафетах 4х50 метраў у двух узроставых групах – 2005-2006 і 2007-2008 гадоў нараджэння.

У самых маленькіх дзяўчат 2009-2010 гадоў нараджэння на дыстанцыі 50 метраў кролем на спіне недасягальнай для саперніц стала Ліза Захарава (на здымку).

 

Хет-трык ціткова

У 21-ым туры мікашэвіцкі “Граніт” гуляў на дамашняй пляцоўцы і ўпэўнена ўзяў верх над “Дынама-БНТУ” – 9:2.

У першыя 5 хвілін, калі ў варотах гасцей пабывалі 3 мячы, стала відавочна, што “гранітаўцы” настроены толькі на перамогу. Захапіўшы ініцыятыву, яны захавалі яе да фінальнай сірэны. Хет-трыкам вызначыўся Вадзім Ціткоў. Аўтарамі яшчэ шасці галоў сталі Антон Клушын, Сяргей Юнчыц, Віталь Бічанкоў, Алег Міхнюк, Уладзімір Бабылёў і Іван Канстанцінаў.

У бліжэйшыя выхадныя “Граніт” згуляе на выез-дзе з аўтсайдарам – светлагорскім “ЦКК”.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть