Перадэкзаменацыйныя зборы
Спорт

Перадэкзаменацыйныя зборы

каратэ

На павышэнне ведаў і навыкаў у авалодванні каратэ былі накіраваны зборы, што праходзілі на працягу двух дзён у спартыўнай зале лунінецкай СШ №4.

Генеральны дырэктар Беларускай федэрацыі кёкусінкай будо каратэ Дзмітрый Аляхновіч застаўся задаволены тым, што ўбачыў, адзначыўшы станоўчыя моманты тэхнічнай падрыхтоўкі спартсменаў. Разам з тым, акрэсліў задачы на перспектыву. Сярод іх – узняць стан унутранага духу на больш высокі ўзровень. Дзмітрый Эдуардавіч запрасіў усіх на чэмпіянат Рэспублікі Беларусь, які адбу-дзецца 23 лютага ў сталічным Палацы спорту.
Сярод тых, хто браў удзел у зборах – Інэса ТРУШКО. Шосты год дзяўчына займаецца гэтым відам адзінаборства. У школьным узросце інтарэсаў было шмат, але як толькі трапіла на заняткі па каратэ да Дзмітрыя Карасёва, то зразумела, што гэта менавіта той від спорту, аб якім марыла.
– Пасля заканчэння ліцэя паступіла ў БДУ. Зараз з’яўляюся студэнткай 4-га курса факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. Але з каратэ не развітваюся, працягваю актыўныя заняткі. Гэта, нягледзячы на тое, што паралельна з вучобай працую ў фірме, дзе займаюся тэсціраваннем праграмнага забеспячэння.
– Што для цябе каратэ?
– Гэта вобраз жыцця. Заняткі дапамаглі стаць больш упэўненай, разважлі-вай, цярплівай, удумліва падыходзіць да вырашэння той ці іншай праблемы, нетаропка рухацца наперад да пастаўленых задач. Прыязджаючы ў Лунінец, часта атрымліваецца так, што трапляю на зборы. Гэта выдатная магчымасць сустрэцца з аднадумцамі, даведацца пра нешта новае ў тэхніцы і наогул пра каратэ. Зараз у мяне зялёны пояс (4 кю). Летам планую здаць экзамен на 3 кю (зялёны пояс з карычневай палоскай).
– Спадзяюся, што твая мара абавязкова спраўдзіцца, як і ўсе іншыя.

АДКРЫТЫ ЧЭМПІЯНАТ
У мінулую суботу “Свабодная піраміда” сабрала прыхільнікаў більярда на чарговы чэмпіянат раёна.
За тытул пераможцы вялі барацьбу 20 прадстаўнікоў з розных куткоў Лунінеччыны, а таксама Ганцавіч і Пінска. Пасля напружаных паядынкаў у групах вызначыліся чвэрцьфіналісты: Андрэй Каховіч, Дзмітрый Русак, Аляксандр Матвіец, Андрэй Раковіч, Аляксандр Кішкар, Васіль Канановіч, Яўген Мараўскі і Максім Марошка.
Ва ўпартай барацьбе за першае месца мінулагодні пераможца Аляксандр Матвіец уступіў Аляксандру Кішкару. Бронзавым прызёрам стаў Дзмітрый Русак.

АФГАНСКІ ТУРНІР НАБІРАЕ ХОД
Пасля згуляных матчаў турнірную табліцу ўзначаліў мінулагодні пераможца – “Следчы камітэт”.
Нядрэнныя шанцы на пападанне на п’едэстал маюць “ІП”, “Манькавічы” і “Гудкі”. У пяты гульнявы дзень былі зафіксаваны наступныя вынікі: “Любань” – “Базар” – 9:3, “Гудкі” – “Манькавічы” – 2:4, “Следчы камітэт” – “Лунін” – 6:1, “ІП” – “ЖКГ г. Мікашэвічы” – 13:2, “Лакаматыў” – “СДЮШАР” – 6:2.
Турнір працягваецца. Падтрымаць каманды можна па аўторках, чацвяргах і выхадных днях у СДЮШАР.

ТАВАРЫСКАЯ СУСТРЭЧА
“Базар” і “Граніт” скарысталіся невялікім перапынкам, які ўтварыўся ў чэмпіянаце краіны па міні-футболе, і правялі ў Лунінцы таварыскую сустрэчу.
Паядынак сапраўды можна было назваць сяброўскім, бо на працягу ўсяго гульнявога часу вялася роўная барацьба. Але ж, “гранітаўцы” перамаглі з мінімальнай перавагай – 7:6.
– Гэта была неабходная “размінка” перад матчам, які адбудзецца ў суботу, 1 лютага, на выездзе з “Вітэнам”, – пракаменціраваў матч галоўны трэнер “Базара” Віктар Грыневіч. – Улічваючы, што віцебская каманда толькі што ў фінальным паядынку ў барацьбе за Кубак Беларусі ўступіла “БЧ”, нам давядзецца няпроста. Але будзем змагацца.

ТРОЙЧЫ ПЕРАМОЖЦЫ
р конопацкийУ фінальную частку спаборніцтваў па баскетболе сярод юнакоў выйшлі 4 мацнейшыя каманды. Яны сабраліся ў Луніне, каб разыграць прызавыя месцы.
Тыя, хто сачыў за ходам барацьбы, былі перакананы, што асноўнае саперніцтва разгорнецца паміж баскетбалістамі з Дзятлавіч і Кажан-Гарадка. Іх прагноз спраўдзіўся, але аб усім па парадку.
У першым паядынку дзятлаўчане сустрэліся з камандай мікашэвіцкай СШ№1. За яўнай перавагай вяскоўцы аказаліся мацней – 50:17. Лёс матча Кажан-Гарадоцкая СШ – СШ №1 г. Лунінца вырашыўся ў апошняй чвэрці, дзе “местачковыя” юнакі зарабілі 17 ачкоў, а гарадскія толькі 3. Выніковы лік – 35:21. У гульні за трэцяе месца пры роўнай барацьбе ўдача аказалася на баку баскетбалістаў з Мікашэвіч (29:23). І вось – рашаючы паядынак. Дзятлаўчане – мінулагоднія пераможцы – меркавалі адстаяць свой тытул. Кажан-гарадоцкія школьнікі разлічвалі ўзяць рэванш за паражэнне ў леташнім фінале. На працягу ўсяго матча каманды ішлі крок у крок. Да фінальнага свістка заставаліся лічаныя секунды, на табло лік – 28:27 на карысць дзятлаўчан. І тут яны парушаюць правілы, суддзя прызначае 2 штрафных! Можна толькі ўявіць, якія эмоцыі панавалі ў “лагерах” абодвух бакоў… Першы мяч – міма, другі – таксама адскочыў ад кальца… І вось яна – перамога дзятлаўчан трэці раз запар. Сярод тых, хто прыклаў шмат намаганняў для перамогі каманды – Руслан КАНАПАЦКІ (на фота). Лепшы ігрок турніру – Уладзіслаў Грыневіч з Кажан-Гарадка – атрымаў прыз ад райкама БРСМ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть