Спорт

Перамагае вопыт

шашкиШашкі

 

У трэці раз жыхары Бродніцы і акругі бралі ўдзел у шашачным турніры, прысвечаным памяці таленавітага земляка Васіля Цельпука.
Усе 10 партый выйграў кандыдат у майстры спорту Сцяпан Грэбень. Два ачкі саступіў яму Уладзімір Грэбень. Трэцяе месца заняў Уладзімір Майсак (6,5 ачкоў).
Пераможца і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі ад РФСК “Здароўе”. Удзельнікі спаборніцтваў выказваюць шчырую ўдзячнасць кіраўніку фермерскай гаспадаркі “Зіновій” Леаніду Ермаковічу.

 

Міні-футбол

РАЗВІТАННЕ З КУБКАМ
Гульні чвэрцьфінальных паядынкаў паміж “Гранітам” і “Вітэнам” завяршыліся не на карысць нашых землякоў.
Пяты матч запар энергетыкі гуляюць “на нуль”, у тым ліку і ў матчы з мікашэвіцкай камандай. Пачалася трылогія з “Гранітам” з адкрыцця другога круга чэмпіянату, дзе ў Лужэсна нашы землякі саступілі 0:7. Першы матч 1/4 фіналу Кубка адбыўся ў Мікашэвічах, дзе, як лічаць знаўцы, не прапусціць ні аднаго гола проста нерэальна. Але “Вітэн” зрабіў гэта! 9:0 – такі эпілог сюжэту. Напярэдадні праваслаўнага Ражства “Граніт” гуляў у гасцях. На гэты раз землякам удалося распячатаць вароты, але гаспадары не дазволілі ўзяць верх. 6:3 – упэўненая перамога “Вітэна” па суме двух паядынкаў выбіла мікашэвіцкую каманду з далейшай барацьбы за Кубак.

СУПРАЦЬСТАЯННЕ
У чарговым туры чэмпіянату краіны па міні-футболе клуб з Мікашэвіч наведаўся ў раённы цэнтр.
На працягу ўсяго паядынка паміж “Базарам” і “Гранітам” ішла роўная барацьба. У адрыў больш чым на адзін мяч не ўдавалася выйсці ні адной з каманд. Лёс матча вырашыў падняты з рэзерву Алег Калуцкі, які трыма дакладнымі ўдарамі дазволіў «Граніту» перамагчы, прычым апошні гол ён забіў за хвіліну да фінальнай сірэны.
Матчы 18-га тура адбудуцца 1-2 лютага. “Граніт” згуляе дома з “Лідсельмашам”, а “Базар” – на выездзе з “Вітэнам”.

ПАМЯЦІ УЛАДЗІМІРА ЗІНОВІКА
У сёмы раз у Лунінскай СШ прайшоў турнір па міні-футболе памяці У.А. Зіновіка.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел 6 каманд. Першае месца заняла зборная лунінецкай СШ №1. Другім прызёрам сталі юныя футбалісты ліцэя, трэцімі – СШ №2 г. Лунінца. Годную падрыхтоўку і волю да перамогі прадэманстравалі таксама вучні Палескай СШ, СШ №4 і гаспадары.
Пераможцы і прызёры адзначаны памятнымі падарункамі, прадастаўленымі адміністрацыяй Лунінскай СШ на чале з яе дырэктарам Сяргеем Кураком.

Футбол

КУРС – НА «ВЫШКУ»

Па традыцыі ў кожнае міжсезонне састаў «Граніта» перажывае сур’ёзныя змяненні. Ужо агучаны спіс ігракоў, якія ў наступным годзе за палескую каманду выступаць не будуць.

Гэта два футбалісты асноўнага саставу, якія правялі на полі 26 гульняў у чэмпіянаце-2013, – абаронца Аляксандр Дземідовіч (1989) і хаўбек Аляксандр Калацэй (1988). Таксама пакінуць клуб ігракі абароны Ігар Карповіч (1988) і Андрэй Урупін (1988), паўабаронцы Кірыл Столік (1992) і Сяргей Прымак (1993). Апошнія два траплялі ў мінулым годзе пад маладзёжны ліміт.
Галоўны трэнер «Граніта» Валерый Бахно:
– Мы глядзім у будучыню з аптымізмам: састаў, у адрозненне ад двух папярэдніх гадоў, пастараемся захаваць на 60 працэнтаў. Большасць футбалістаў, якія ўплывалі на гульню ў другім крузе, пацвердзілі сваё жаданне працягваць кар’еру ў Мікашэвічах. Уведзены больш жорсткі ліміт, таму давядзецца шукаць трох юнакоў 1994 года і маладзей. І ўсё ж, «Граніт» застанецца адной з самых стабільных у фінансавым плане каманд лігі, што таксама дае падставы разлічваць на тое, што ў наступным сезоне складзем годную канкурэнцыю камандам, якія будуць змагацца за прызавыя месцы і імкнуцца выйсці ў вышэйшую лігу.

Спартакіяда

СЯБРОЎСКІЯ ПАЯДЫНКІ
У спартыўнай зале лунінецкай СШ №4 сабраліся настаўнікі фізкультуры і трэнеры школ раёна, каб прыняць удзел у спартакіядзе.
Каманды, а іх было дзве – вяскоўцы і гараджане, віталі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Раковіч і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Нэлі Рафаловіч. Галоўны суддзя спаборніцтваў Мікалай Кузьміч абвясціў праграму спартакіяды.
Пачатковым выпрабаваннем стаў дартс. Першымі свае спробы зрабілі капітаны каманд – Віктар Вайцяхоўскі (СШ №2) і Аляксандр Гарагляд (Лунінская СШ). Барацьба была настолькі захапляльнай, што не ўтрымаліся і арганізатары. Пакуль суддзі падлічвалі балы, Іван Раковіч і Нэлі Рафаловіч таксама паспрабавалі свае сілы ў гэтым відзе праграмы. І вось вердыкт: перамаглі гараджане.
Наступным відам праграмы быў тэніс. Улічваючы, што апошнім часам мацнейшыя тэнісісты раёна – прадстаўнікі Дзятлавіч і Дварца, мала хто сумняваўся, што менавіта вяскоўцы стануць пераможцамі тэнісных баталій. Васіль Коўшык з Дварэцкай СШ не пакінуў шанцаў Віктару Гнедзьку з лунінецкай СШ №2. Віктар Казун з ліцэя хаця і аказаў годнае супраціўленне Віктару Канапацкаму з Дзятлавіцкай СШ, але дзятлаўчанін здолеў выйсці пераможцам. Роўная барацьба разгарнулася ў жаночым паядынку паміж Насцяй Малай (Сінкевіцкая СШ) і Раісай Савіч (СШ №2 г. Лунінца). І тут удача аказалася на баку прадстаўніцы вясковай каманды.
Тры сэты спатрэбілася, каб выявіць мацнейшую каманду ў валейболе. З лікам 2:1 перамагла зладжаная зборная пад кіраўніцтвам Аляксандра Гарагляда.
Дзве баскетбольныя эстафеты, якія праходзілі пад дружныя апладысменты балельшчыкаў, закончыліся баявой нічыёй. Не менш эмацыянальным было і перацягванне каната. І тут зноў на вышыні аказаліся вяскоўцы, як і ў агульным заліку.
Лепшыя спартсмены – Віктар Казун, Святлана Макарэвіч, Васіль Коўшык і Анастасія Малая – атрымалі каштоўныя падарункі ад арганізатараў спаборніцтваў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть