Пераможны пачатак сезона
15 чэрвеня ў 18.00 на гарадскім мотадроме адбудзецца чарговы матч. “Лунінец” будзе прымаць “Спортцэнтр-Бартува” з літоўскага Скуодаса.
Таксама “Лунінец” правёў гульню на выездзе з гродненскім “Азотам”.
Нашы землякі перамаглі з лікам 4:2. Галы забівалі Вячаслаў Лемяшэўскі – 2, Аляксандр Лужанін і Алег Ісаеў.
У мінулую нядзелю “Лунінец” сустракаўся з пінскім “Аўтамабілістам”.
Нягледзячы на тое, што сёлета аснову мясцовай каманды складае моладзь, гульня пачалася даволі ўпэўнена і ўжо на трэцяй хвіліне Вячаслаў Лемяшэўскі забіў гол у вароты гасцей, што вельмі абрадавала балельшчыкаў. Вось толькі ўзнятае пачуццё працягвалася нядоўга – літаральна праз некалькі секунд пінчанін Аляксандр Клімавец накіраваў мяч у нашы вароты, той адрыкашэціў, і рахунак зраўняўся. Да канца першага перыядў і ў пачатку другога была дастаткова роўная гульня, пры тым, што ў гэтым сезоне ў “Аўтамабілісце” – аснова зборнай Беларусі па мотаболе. Аднак, усё ж перавага засталася за лунінчанамі – кропку ў гульні паставіў Вячаслаў Лемяшэўскі і… моцны дождж. Па ўзаемнай згодзе матч спынілі пасля двух перыядаў. Канчатковы вынік – 2:1.
У перапынках цікавымі трукамі радавалі балельшчыкаў Андрэй Луцкоў і Нікіта Падольскі – прызёры чэмпіяната Усходняй Еўропы па стантрайдынгу.