Спорт

Першы міжнародны турнір

vodnoe-polo-004

Першы міжнародны турнір па водным пола стартаваў напярэдадні Каляд у басейне “Дэльфін”.

Для Лунінца – гэта новы від спорту, які робіць толькі першыя крокі. Пакуль у нас няма такой каманды, якая можа выступаць на міжнародным узроўні, таму юныя лунінчане назіралі за ходам спартыўных падзей з трыбуны. Пяць юнацкіх каманд з Масквы, Кішынёва (2), Гомеля і Харкава ўступілі ў барацьбу за тытул пераможцы. Масквічы летась былі лідарамі міжнароднага турніру ў Рызе. Малдаўскія спартсмены чатыры разы станавіліся чэмпіёнамі сваёй краіны, а ў 2015-ым – адкрытага першынства Румыніі. Харкаўчане таксама маюць у сваёй скарбонцы чэмпіёнства Украіны. Каманда з Гомеля летась стала прызёрам рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў і Алімпійскіх дзён моладзі.

Удзельнікаў спаборніцтваў вітаў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч:

– Воднае пола – захапляючы від спорту, які фізічна загартоўвае, фарміруе характар, вучыць перамагаць і паважаць саперніка. Усе гэтыя якасці дапамагаюць дабівацца поспеху не толькі на спартыўнай арэне, але і ў жыцці.

Анатоль Міхайлавіч выказаў упэўненасць, што турнір падорыць удзельнікам і балельшчыкам незабыўныя ўражанні ад бескампраміснай барацьбы, пажадаў добрага настрою і прыемных сустрэч на лунінецкай зямлі.

З прывітальным словам выступіў галоўны суддзя спаборніцтваў, суддзя Нацыянальнай катэгорыі Рэспублікі Беларусь Віктар Бяленка. Ён прадставіў калег, якія будуць абслугоўваць матчы.

У першым паядынку сустрэліся дзве кішынёўскія каманды. Трэнер каманды “Малдова-1”, якая захапіла лідарства, Мікалай Будон падзяліўся ўражаннямі:

– У Лунінец прыехаў у другі раз. У нашай камандзе юнакі 2001-2002 гадоў нараджэння. Многія з іх займаюцца ватэрпола 4-5 год. Рады, што нас запрасілі на Калядны турнір. У райцэнтры – выдатная спартыўная база. У нас, у Кішынёве, дзе насельніцтва больш за 1 мільён, усяго адзін спецыялізаваны басейн для воднага пола. Ваш, хаця крыху меншы за стандартны для юнакоў, даволі ўтульны і дазваляе праводзіць якасныя заняткі. Будзем рады, калі ў наступны раз нашымі сапернікамі будуць лунінчане.
Імёны пераможцаў стануць вядомы на гэтым тыдні. Аб тым, каму дастанецца галоўны трафей спаборніцтваў, чытайце ў “Лунінецкіх навінах”.vodnoe-polo-001 vodnoe-polo-002 vodnoe-polo-003 vodnoe-polo-005 vodnoe-polo-006 vodnoe-polo-007 vodnoe-polo-008 vodnoe-polo-009 vodnoe-polo-010 vodnoe-polo-011 vodnoe-polo-012 vodnoe-polo-013

 

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть