Пуцёўка на чэмпіянат свету
Спорт

Пуцёўка на чэмпіянат свету

миханУ Таліне (Эстонія) прайшоў Кубак Еўропы па мнагабор’і. Упершыню на гэтых спаборніцтвах выступілі аб’яднаныя каманды, куды ўвайшлі мужчынскія і жаночыя квартэты. У 2011 годзе жаночая зборная нашай краіны выступала ў першай лізе, а мужчынская – у суперлізе. Пасля падвядзення вынікаў аб’яднаная зборная нашай краіны па мнагабор’і трапіла ў суперлігу, дзе выступіць і ў наступны раз. Падставай для гэтага стала чацвёртае агульнакаманднае месца.

У асабістым заліку ў мужчынскім дзесяцібор’і наш зямляк Эдуард МІХАН заваяваў серабро, набраўшы суму ў 8125 ачкоў. У актыве спарт-смена ўжо ёсць узнагароды чэмпіянату Еўропы сярод моладзі і чэмпіянату свету сярод юніёраў. У 2011 годзе на чэмпіянаце Еўропы ў Парыжы Міхан заняў восьмае месца, а ў 2012 дэбютаваў на Алімпіядзе.

Адразу з Таліна Эдуард завітаў да родных у Лунінец і падзяліўся ўражаннямі аб спаборніцтвах:

– Гэты старт быў вельмі важным для мяне.  Каб заваяваць “пуцёўку” на чэмпіянат свету, які пройдзе ў жніўні ў Маскве, неабходна было набраць восем тысяч ачкоў. Трапіць у прызёры асабліва не разлічваў. Тым больш, што сапернікі, а ўсяго на старт выйшлі 32 дзесяціборцы, былі вельмі сур’ёзныя. Цёплае надвор’е дапамагала паказваць высокія вынікі (100 м – 10,85 сек., даўжыня – 7 м 47 см, ядро – 14.38 м, вышыня – 201 см, 400 м – 49,05 сек., 110 з/б – 14,59 сек., дыск – 48.36 м, шэст – 470 см, кап’ё – 48.53 м, 1500 м – 4.27,94 хвіліны). Літаральна да перадапошняга віду – кідання кап’я – усё ладзілася вельмі ўдала. Я ўпэўнена трымаўся на другім месцы, хаця асабістых рэкордаў на гэты раз не ўстанавіў. У кіданні дыска паказаў абсалютна лепшы вынік сярод удзельнікаў і атрымаў спецыяльны прыз ад арганізатараў. На жаль, моцны сустрэчны вецер перашкодзіў у кіданні кап’я паказаць тое, на што здольны. Сціплы вынік дазволіў двум спартсменам абысці мяне. Заставаліся заключныя 1500 метраў. Разлічваў, што маю шанц заняць трэцяе месца. Але па ходу дыстанцыі здолеў апярэдзіць і расіяніна, і эстонца. У выніку – другое месца і запаветныя 8125 ачкоў! Перамог француз Кевін Майер (8390), трэцяе месца заняў эстонец Міка Пахапіл (8099).

– Хто ці што табе дапамагае ў самыя адказныя моманты спаборніцтваў?

– Ведаю, што многія, у тым ліку ў Лунінцы, заўсёды ўважліва сочаць за маімі выступленнямі і перажываюць разам са мной поспехі і няўдачы. Таму стараюся не расчароўваць. Хачу выказаць шчырую ўдзячнасць маці, сястры Святлане і першаму трэнеру Валерыю Жукоў-скаму за падтрымку. Самыя шчырыя словы падзякі адрасую члену Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяне Удавенка, якая таксама паверыла ў мяне і ўжо не першы год аказвае матэрыяльную дапамогу, без якой падрыхтоўка да спаборніцтваў сусветнага ўзроўню проста не магчыма. На жаль, такіх мецэнатаў у нас мала. Лічу, што мне пашанцавала пазнаёміцца з гэтым цудоўным чалавекам. І хаця Таццяна Дзмітрыеўна не мае дачынення да спорту, яна з разуменнем ставіцца да тых праблем, з якімі даводзіцца сутыкацца, і заўсёды ідзе насустрач.

– Цяпер будзеш мэтанакіравана рыхтавацца да сусветнага форуму?

– Адназначна. Да 10 жніўня – гэта стартавы дзень для дзесяціборцаў – застаецца не так многа часу. Спадзяюся захаваць форму і падлячыць невялікія траўмы.

– Чула, што ў нацыянальную каманду трапіла і твая дзяўчына – Марына Бойка…

– Яна будзе выступаць у Маскве ў эстафетным квартэце 4х100 метраў. Дарэчы, 21 верасня ў нас вяселле. Урачыстасць адбудзецца ў Лунінцы. Гэта наша сумеснае жаданне. Марына – брэстаўчанка, але зараз жыве і трэніруецца ў Мінску, яна студэнтка БДУ. Што датычыць мяне, то сёлета закончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. Зусім крыху не хапіла да “чырвонага” дыплома. Можна было пераздаць два прадметы, але ў апошні момант перадумаў. Як кожны добрасумленны грамадзянін у бліжэйшы час планую выканаць свой абавязак – прайсці тэрміновую службу ў арміі. А далей – пабачым.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть