Спорт

Сем выпрабаванняў для вяскоўцаў

Спартакіяда сельскіх Саветаў сабрала ў басейне “Дэльфін” самых актыўных і мэтанакіраваных фізкультурнікаў раёна. На старт выйшлі 9 каманд.

Бадзёрасці, поспехаў і справядлівай барацьбы пажадаў удзельнікам старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Рафаловіч, які разам з іншымі гасцямі прыехаў падтрымаць калектывы. Гэта надало камандам сіл і ўпэўненасці пры праходжанні ўсіх этапаў спаборніцтваў. Змагаліся яны за чэмпіёнскія тытулы ў плаванні, настольным тэнісе, дартсе, стральбе, кіданні кольцаў, гіравым спорце і армрэстлінгу. У кожным відзе ўдзельнікі дэманстравалі зайздроснае майстэрства і цвёрдае жаданне перамагчы. Варта адзначыць, што ў параўнанні з мінулым годам узровень падрыхтоўкі і майстэрства істотна палепшыліся, а гэта значыць, што да мерапрыемства рыхтаваліся сур’ёзна на працягу ўсяго года. Менавіта гэта дазволіла зрабіць спаборніцтвы больш яркімі і відовішчнымі.

Адкрылася спартакіяда плавальнай эстафетай. Перамогу камандзе Мікашэвіцкага гарадскога Савета прынёс квартэт у складзе Уладзіміра Каратышэўскага, Максіма Дашко, Андрэя Чайкоўскага і Вольгі Ляніўка. Спартсмены з горада гранітаздабытчыкаў Мікалай Кардаш і Мікалай Чопчыц не пакінулі шанцаў сапернікам у гіравым спорце і армрэстлінгу, а ў дартсе на вышыні былі Мікалай Чопчыц у пары са Святланай Бойка. У выніку зборная Мікашэвіцкага гарсавета на чале з Галінай Сыцэвіч стала пераможцай у агульным заліку.

У камандзе Рэдзігераўскага сельсавета тон задаваў старшыня сельвыканкама Валерый Лусевіч. У зладжаным тандэме з Дзіянай Паўлоўскай і Таццянай Брэзінай яны занялі першае месца ў кіданні кольцаў і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Дарэчы, за апошні від пераможцам уручаны спецыяльныя прызы ад Лунінецка-Ганцавіцкай міжраённай структуры ДТСААФ. Спартсмены з Рэдзігерава сталі сярэбранымі прызёрамі ў агульным заліку.

У настольным тэнісе, як і чакалася, перамога дасталася спартсменам з Дварэцкага сельсавета Наталлі Каховіч і Аляксандру Міхнюку. Выступіўшы роўна ў астатніх відах праграмы, гэта каманда на чале з Аляксандрам Віднікевічам заняла трэцяе месца ў выніковай табліцы. У агульным заліку месцы з 4-га па 9-ае занялі адпаведна сельсаветы: Лунінскі, Багданаўскі, Сінкевіцкі, Чучавіцкі, Дзятлавіцкі і Бастынскі.

Усе пераможцы атрымалі дыпломы і прэміі ад РФСК “Здароўе”. Прызёры ўзнагароджаны Граматамі. Спецыяльным падарункам ад раённага аб’яднання прафсаюзаў адзначаны самы вопытны кіраўнік – старшыня Бастынскага сельвыканкама Фёдар Рашэцкі.

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть