Сідней — Афіны — Пекін — Лондан
Спорт

Сідней — Афіны — Пекін — Лондан

ХлюстоваУ Алімпійскіх гульнях, што праходзілі ў гэтых гарадах, брала ўдзел наша зямлячка Ірына ХЛЮСТАВА — майстар спорту міжнароднага класа, чэмпіёнка Еўропы ў эстафетным бегу 4х400 метраў, бронзавы прызёр чэмпіянату свету ў складзе эстафетнага квартэта, удзельніца чатырох летніх Алімпійскіх гульняў. Ці плануе паехаць на пятыя — у Рыа-дэ-Жанейра? 3 гэтым пытаннем звярнуліся да спартсменкі, якая пасля нараджэння другога дзіцяці зноў прыступіла да трэніровак:

— Пакуль рана загадваць. Зараз пачала актыўныя трэніроўкі. У Віцебску прахалоднае надвор’е, вырашыла прыехаць да бацькоў у Лунінец. Мне падабаецца стадыён, і бегавая дарожка тут хуткая. А галоўнае — спакой.

— Ці плануеш сёлета прымаць удзел у спаборніцтвах?

— Пакуль толькі ў нацыянальным чэмпіянаце, які адбудзецца ў ліпені. Хутчэй за ўсё на 200-метровай дыстанцыі і ў эстафетных квартэтах — 4х100 і 4х400 метраў.

— Як доўга мяркуеш прабыць яшчэ ў спорце?

— Як атрымаецца. Іншы раз сама разважаю: у складзе нацыянальнай каманды ўжо 15 год. Ці не пара на пенсію? Я яе ўжо зарабіла. Але цягне на стадыён, пакуль не ўяўляю сябе без трэніровак.

— А што, калі ўсё ж давядзецца развітацца са спортам, чым будзеш займацца?

— Зараз працую спартсменам-інструктарам у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі. Але ў мяне ёсць дзве вышэйшыя адукацыі: настаўнік фізічнай культуры і эканаміст-менеджар. А яшчэ ёсць дыплом спецыяліста банкаўскай справы. Так што без работы не застануся.

— Удачы табе! Будзем спадзявацца, што Алімпіяда ў Рыа-дэ-Жанейра таксама будзе тваёй.

Гутарыла Алена ДАНІЛОВІЧ.

P.S. Завітаўшы на одну з трэніровак на стадыёне “Палессе», Ірына Хлюстава падарыла форму, у якой выступала но Алімпіядзе ў Лондане, зямлячцы — Ірыне ВАНЮК (на здымку — у цэнтры).

 

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть