Спаборніцтвы ў сасновым бары
Спорт

Спаборніцтвы ў сасновым бары

кроосссПершае лёгкаатлетычнае выпрабаванне сезона – крос.
Каб лягчэй пераадольваць кіламетровыя дыстанцыі, звычайна жадаюць “папутнага ветру”. У кагосьці гэты вецер – навушнікі з Максам Каржом, у кагосьці – новыя бегавыя красоўкі, у кагосьці – вера Сэнсэя, ці проста магчымасць пабыць сам-насам з сабой і прыродай. У любым выпадку – прайграўшых тут не было! Стомленыя, але ўсё роўна шчаслівыя і ўзбуджаныя. Гэта чыталася ў вачах юных спартсменаў, што вытрымалі выпрабаванне на вынослівасць, якое праходзіла ў маляўнічым лясным масіве за ліцэем.
У дзяўчынак малодшай узроставай групы (2001 г.н. і маладзей) на дыстанцыі 500 метраў перамагла Дар’я Ус з мікашэвіцкай СШ №1. Другой на фінішы была Вольга Чарнюк з Кажан-Гарадка, трэцяй – Анастасія Гопта з Дзятлавіч. У юнакоў гэтага ж узросту ў бегу на 1000 метраў не было роўных Ільі Канапацкаму з мікашэвіцкай СШ №2, сярэбраным прызёрам стаў Антон Гурбановіч з Кажан-Гарадка, бронзавым – Дзяніс Швед з Дзятлавіч.
У сярэдняй узроставай групе (1999-2000 г.н.) на дыстанцыі 1 кіламетр у дзяўчат у прызавую тройку ўвайшлі Аляксандра Кіндрук (Дварэцкая СШ), Вікторыя Ліпская (мікашэвіцкая СШ №3) і Карына Клімчук (Дзятлавіцкая СШ). У юнакоў на дыстанцыі ў два разы даўжэй першым фінішаваў Іван Лабуцін з мікашэвіцкай СШ №1. Услед за ім прыбеглі Віталь Багук з Сітніцы і Дзяніс Байда з Лахвы.
У старэйшай узроставай групе ў дзяўчат у бегу на 2 кіламетры перамагла Аляксандра Брэзіна з Дзятлавіч. Алена Ранчынская з мікашэвіцкай СШ №1 заняла другое месца, Яна Сяргейчык з лунінецкай СШ №1 – трэцяе. Недасягальным для сапернікаў на 3-кіламетровай дыстанцыі стаў Аляксандр Саковіч з мікашэвіцкай СШ №1. Серабро – у Мікалая Меляшкевіча з Лахвы, бронза – у Павла Калянковіча з Кажан-Гарадка.
Па выніках спаборніцтваў будзе сфарміравана каманда Лунінеччыны, якая прыме ўдзел у абласным кросе.
ХУК СПРАВА!
На абласное першынство ў Баранавічы з’ехаліся мацнейшыя баксёры Брэстчыны 1998-99 гадоў нараджэння.
Сярод тых, хто выйшаў на рынг, быў і прадстаўнік Лунінеччыны – Максім Баўкуновіч з мікашэвіцкай СШ №2. Трэніруецца юнак у РФСК “Здароўе” пад кіраўніцтвам Міхаіла Майсака. Максім удала правёў усе паядынкі, у тым ліку і фінальны з Паўлам Юркевічам з Кобрына. Усе суддзі без выключэння аддалі перамогу нашаму земляку – 3:0. Цяпер юнака, якому, дарэчы, прысвоены першы разрад, чакае новае выпрабаванне – рэспубліканскае першынство ў Гродна, дзе ён выступіць у вагавай катэгорыі да 50 кілаграмаў.
ДВА ПАРАЖЭННІ
Чарговы тур чэмпіянату краіны па міні-футболе прынёс расчараванні лунінецкім балельшчыкам.
“Граніт”, гуляючы ў Гомелі з мясцовым “БТЭУ-Белкаапсаюз”, пацярпеў паражэнне – 2:4. Хаця па выніках першага тайма мікашэвіцкія футбалісты мелі нядрэнныя магчымасці. Яны вялі ў матчы з лікам 1:0, але ўтрымаць перавагу не змаглі. Цяпер іх шанцы на выхад у плэй-оф амаль растаялі.
У Мінску “Базар” сустракаўся са “Сталіцай” і таксама прайграў – 1:6. Адзіны мяч прэстыжу ў камандзе лунінчан забіў Аляксандр Мяць.
У суботу, 12 красавіка, “Граніт” будзе прымаць “Нёман”, а ў нядзелю “Базар” правядзе дамашні паядынак з “БТЭУ-Белкаапсаюз”.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть