Спорт

Стаўка на сваіх

БабічСезон-2013 для мотабольнага клуба “Лунінец” быў дастаткова няпростым. Аб выніках і планах на будучае гутарым з трэнерам каманды Аляксандрам БАБІЧАМ.

– Скептыкі прарочылі клубу апошнія месцы ў турнірнай табліцы…

– Сёлета ў нашай камандзе адбыліся значныя змены. За іншыя клубы ігралі Мікалай Бойка і Анатоль Багданец. Частку гульняў прапусціў Алег Ісаеў. Аднак, месцы вопытных спартсменаў заняла моладзь – таленавітыя і здольныя юнакі: Вячаслаў Лемяшэўскі, Аляксандр Баброўскі, Уладзіслаў Даніловіч, Вадзім Русак, Васіль Рахацэвіч.

Сустрэчы ў рамках Кубка Беларусі сталі добрым стартавым выпрабаваннем напярэдадні Чэмпіянатаў Цэнтральна-Еўрапейскай лігі і Беларусі. Ігракі на справе адчулі падтрымку адзін аднаго, змаглі згуртавацца і стаць сапраўднай камандай. І няхай па выніках Кубка мы сталі трэцімі, затое адразу даказалі, што “Лунінец” здольны на многае. Мы не плануем здавацца!

– Аднак, сезон пачынаўся вельмі складана і ў фінансавым плане.

– Да красавіка спадзяваліся, што гэтыя пытанні будуць вырашаны, падтрымку быў гатовы аказаць райвыканкам. Аднак, выдзяленне бюджэтных сродкаў на мотабол абмежаваў Указ Прэзідэнта.

Вялікі дзякуй старшыні райвыканкама Васілю Агіевічу і яго намесніку Віктару Рафаловічу, якія дапамагалі вырашаць узнікаючыя праблемы, разумелі і падтрымлівалі нас, распрацавалі праграму дзеянняў. Вельмі дапамаглі нам аўтапарк №10, Беларускі фонд міру, Палеская станцыя, СВК “Вулькаўскі світанак”, ААТ “Спецжалезабетон” і “Лунінецкі малочны завод”, фермерскія гаспадаркі “Борскія”, “Ванюкоў”, “Рыгор і сын”, “Любачын”, “Палакян”, “Чэркас і К”, “Юліян”, В.Ф. Даніловіч, Г.Б. Заіка, Г.Г. Раковіч, ПТУП “Еўрарэйс”, індывідуальныя прадпрымальнікі В.К. Леўшыц, С.Р. Колбік, М.П. Свібовіч. Увесь сезон былі з намі тэхнічныя службы – хуткая дапамога, пажарныя-выратавальнікі, РАУС, ЖКГ і “Водаканал”. Асаблівая падзяка – сапраўдным балельшчыкам мотабола, якія заўсёды падтрымлівалі каманду. Невыпадкова, што ў Лунінцы самая высокая ў краіне наведвальнасць матчаў.

– Па нейкай прычыне не назвалі Уладзіміра Навіцкага, які таксама шмат дапамагаў сёлета?

– Лічу, што трэба спыніцца асобна. Уладзімір Канстанцінавіч стаў афіцыйным фундатарам каманды “Лунінец” і бярэ на сябе значную частку фінансавання. Прымаючы ўдзел у турніры ў Відным, дзе занялі трэцяе месца, абмяркоўвалі магчымасць удзелу нашага клуба ў наступным годзе ў Чэмпіянаце Усходне-Еўрапейскай лігі. Калі каманды згадзяцца на ўсе дамашнія і выязныя матчы, можна будзе разглядаць пытанне больш дэталёва. Гэта, безумоўна, дасць магчымасць правесці больш гульняў на лунінецкім мотадроме, а таксама павысіць узровень каманды, паколькі сапернікамі могуць стаць мацнейшыя расійскія і ўкраінскія дружыны.

– Ці ёсць планы на выступленне ў Цэнтральна-Еўрапейскай лізе на будучы год?

– Пакуль яшчэ рана гаварыць пра гэта. Верагодна, у хуткім часе пройдзе пашыранае пасяджэнне, на якім будуць разгледжаны перспектывы новага сезона. Абавязкова раскажу пра іх на старонках “Лунінецкіх навін” і ў перадачах раённага радыё. Пакуль жа можна толькі меркаваць, што ліга застанецца такой жа. Магчыма, далучыцца латвійская каманда “Рыга” і хто-небудзь з украінцаў.

– На ваш погляд, як адбілася амалажэнне клуба?

– Яно апраўдана на 100 працэнтаў. Няхай дзесьці не хапала вопыту і ўпэўненасці, аднак у нас ёсць вера ў перспектывы і аптымістычны настрой. Моладзь расце літаральна на вачах. І, галоўнае, што каманда, нягледзячы на складанасці, працягвае існаваць. Ну, а серабро ў Чэмпіянатах Цэнтральна-Еўрапейскай лігі і Беларусі – добры паказчык таго, што мы здольны на многае! Прыемна, што Вячаслаў Лемяшэўскі прызнаны лепшым бамбардзірам сезона, а Аляксандр Баброўскі – у юнацкім першынстве краіны.

У далейшым працягнем рабіць стаўку на мясцовую моладзь. Ёсць настрой працаваць як адзіны калектыў з юнацкай “Ракетай”. І, абяцаю, “Лунінец” і далей бу-дзе радаваць сваіх прыхільнікаў.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть