Спорт

Трафей накіраваўся ў Люсіна

Другі раз запар прадстаўнікі Люсінскай яслі-сад-СШ імя Я. Коласа заваявалі Кубак Лунінецка-Ганцавіцкага міжраённага савета ДТСААФ па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. На гэты раз спаборніцтвы праходзілі ў рамках месячніка, прысвечанага 72-ой гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 90-годдзю заснавання абароннага таварыства.

У адкрыцці бралі ўдзел кіраўнік міжраённага савета Барыс Гнедзька, прадстаўнікі раённых арганізацый ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” і “Беларускі саюз афіцэраў” – Аляксандр Рамановіч і Уладзімір Жураўлёў. Урачыстасць мерапрыемству надало ўручэнне памятных медалёў “90 год ДТСААФ”. Іх удастоены тыя, хто на працягу многіх год уносяць уклад у развіццё і захаванне традыцый абароннага таварыства. У іх ліку – Сяргей Гнедзька, Віктар Вайцяхоўскі, Аляксандр Рамановіч, Мікалай Мустайкін і Святаслаў Свірыд.

На базе лунінецкай СШ №2 сабраліся 9 каманд. Другі год запар асноўная барацьба за галоўны трафей спаборніцтваў разгортваецца паміж гаспадарамі  і школьнікамі з Люсіна. На гэты раз госці былі лепшымі ва ўсіх відах праграмы. У практыкаванні ВП-2 (стральба стоячы) перамог Андрэй Жалезны. Сярэбраным прызёрам стаў Арцём Семянюк з лунінецкай СШ №2. Бронза дасталася Андрэю Ледаўскіх (лунінецкая СШ №2).

У асабістым заліку ў стральбе з калена лепшы вынік паказаў Сяргей Кавалка з Люсіна. У прызавую тройку трапілі Уладзіслаў Савіч (СШ №2 г. Лунінца) і Захар Штэйнберг (по-  літэхнічны каледж).

У дзяўчат пры выкананні практыкавання ВП-1 найлепшую суму балаў набрала прадстаўніца Люсінскай школы Паліна Амельяновіч. Другое месца заняла Паліна Качаноўская (СШ №2 г. Лунінца), трэцяе – Людміла Шкут (Сінкевіцкая СШ).

У камандным першынстве перамаглі прадстаўнікі Ганцавіцкага раёна. Другое месца – у лунінецкай СШ №2, трэцяе – лунінецкай СШ №1. Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі ад ДТСААФ, БРСМ і раённых арганізацый ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” і “Беларускі саюз афіцэраў”.

 

 

«Еўрарэйс» запрасіў на турнір

У більярдным клубе адбыліся спаборніцтвы ў праграме “Свабодная піраміда”, прысвечаныя Дню Перамогі.

Турнір, дзякуючы даўнім прыхільнікам більярда Юрыю Мартынкоўскаму і Андрэю Лукашэвічу, а таксама заснавальніку УП “Еўрарэйс” Генадзю Канапацкаму, з кожным годам набывае ўсё большую папулярнасць. Так, сёлета заяўкі на ўдзел падаў 21 чалавек (3 – з Мікашэвіч, 3 – з Міжлесся, астатнія – з Лунінца). Гэта – рэкордная колькасць за ўвесь час правядзення спаборніцтваў.

У паядынку за трэцяе месца перамог Уладзімір Каховіч. Лідарам стаў Максім Бамбізаў, які ўзяў верх над вопытным Аляксандрам Курыловічам.

Усе прызёры атрымалі ўзнагароды ў выглядзе кубкаў, медалёў і грашовых прэмій (1-4 месцы – у памеры ад 100 да 500 рублёў, заняўшыя з 5 па 8 месцы адзначаны каштоўнымі падарункамі). Спецыяльную ўзнагароду атрымаў і самы ўзроставы більярдыст – 65-гадовы Анатоль Атрошка.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть