Трухаў-Пухаў – нічыя
Спорт

Трухаў-Пухаў – нічыя

футболАпошні раз у гэтым сезоне лунінецкія балельшчыкі прыйшлі на стадыён “Палессе”, каб падтрымаць “гранітаўцаў” у перадапошнім матчы чэмпіянату краіны па футболе ў першай лізе.
Другі круг “Граніт” правёў даволі паспяхова. Таму і на матч з “Гарадзеяй”, якая прэтэндуе на стыкавыя гульні за выхад у вышэйшую лігу, мікашэвіцкія футбалісты настройваліся па-баявому. На 20-ай хвіліне Ігар Трухаў удала рэалізаваў стандарт. Лік 1:0 захоўваўся да апошняй хвіліны асноўнага часу. І вельмі крыўдна, што не здолелі “дацярпець”, дазволіўшы Ільі Пухаву звесці матч да нічыйнага выніку – 1:1.
Галоўны трэнер «Гарадзеі» Андрэй Кіпра:
– Была цяжкая, упартая гульня. «Граніт» – выдатны, сур’ёзны сапернік. Гэта назіралі яшчэ ў дамашняй кубкавай гульні. Усе 90 хвілін матча прайшлі ў напружанні. Я рады, што мы згулялі годна. Тое, што на апошніх хвілінах «даціснулі» саперніка, – вельмі вялікі плюс.
У апошнім туры, які адбудзецца 23 лістапада, “Граніт” згуляе на выездзе са “Слонімам”.

Пінг-понг

Гульню ў настольны тэніс нагадваў матч чарговага тура чэмпіянату па міні-футболе ў Лунінцы, дзе мясцовы “Базар” прымаў “Сталіцу”. 21 мяч на дваіх – такія “ўраджайныя” сустрэчы не часта даводзіцца назіраць балельшчыкам.
Больш-менш роўнай выглядала гульня каманд у першыя 20 хвілін. Пасля перапынку госці актывізаваліся і за 5 хвілін да фінальнай сірэны вялі з лікам 11:5. Аднак лунінчане здолелі сканцэнтравацца і правесці на вышыні заключны адрэзак часу. Усяго аднаго мяча ім не хапіла, каб зраўняць лік. 10:11 – сумнае паражэнне пры прыгожай гульні. Галы на свой рахунак запісалі Міхаіл Санюковіч, Уладзімір Тур, Андрэй Волчак (3), Аляксандр Мяць (3), Максім Наварыч, Алег Грыцук.
«Граніт» перапыніў серыю з трох паражэнняў, адолеўшы дома «БТЭУ-Белкаапсаюз». Мікашэвіцкія футбалісты першымі адкрылі лік, але на працягу першага тайма госці не давалі пайсці ў адрыў. Усяго адзін мяч “вялі” “гра-нітаўцы” перад перапынкам (4:3). Але другая палова матча цалкам была за гаспадарамі. 8:5 – канчатковы вынік гульні. У нашых землякоў вызначыліся Вадзім Ціткоў (2), Дзмітрый Скакалкін, Аляксей Шаўчэнка (2), Васіль Дзеніс, Сяргей Вацяк, Алег Калуцкі.
У бліжэйшыя выхадныя адбудуцца матчы: “БТЭУ-Белкаапсаюз” – “Базар” і “Нёман” – “Граніт”.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть