Спорт

У лідарах – гараджане

Закончыліся спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, якія праходзілі ў рамках раённай спартакіяды школьнікаў.
Аб выступленні старэйшых школьнікаў у асабістым заліку паведамлялі раней. Надышоў час падвесці вынікі каманднай барацьбы. Першае месца заняла зборная лунінецкай СШ №1, другое – Лахвенскай СШ, трэцяе – лунінецкай СШ №2.
Юнакі і дзяўчаты сярэдняй (1999-2000 г.н.) і малодшай (2001 г.н. і маладзей) узроставых груп выйшлі на старт крыху пазней. Але барацьба, якая разгортвалася на бегавых дарожках, у скачковых сектарах, заслугоўвае асаблівай увагі. У першую чаргу школы разлічвалі на тых спартсменаў, якія трэніруюцца ў СДЮШАР, і яны не падвялі. Аляксандр Гарадкавец (СШ №1 г. Лунінец) перамог у бегу на 300 і 60 метраў з бар’ерамі. Ірына Ванюк (СШ №4) не пакінула шанцаў саперніцам на дыстанцыі 60 з бар’ерамі, дзе паказала “кандыдатскія” секунды, а таксама ў скачках у даўжыню, вышыню і штурханні ядра. Міхаіл Вішнявецкі (СШ №2 г. Лунінец) заняў першае месца ў бегу на 100 метраў і скачках у вышыню. Кацярына Вароніч (СШ №3 г. Лунінец) фінішавала першай на 100-метроўцы, а яе калега па камандзе Валянціна Лубнік – на дыстанцыі 200 і 400 метраў. Ліна Трухнова і Уладзіслаў Крышталь з лунінецкай СШ №2 перамаглі ў трайным скачку. Карына Яфімава з Палескай СШ стала пераможцай у бегу на 300 метраў з бар’ерамі і кіданні кап’я. Высокія вынікі паказалі таксама пераможцы Максім Гаргун (Вулькаўская 2 СШ), Руслан Лунцэвіч і Іван Лабуцін (СШ №1 г. Мікашэвічы), Аляксандра Кіндрук (Дварэцкая СШ) і Вікторыя Ліпская (СШ №3 г. Мікашэвічы).
У камандным заліку тройка прызёраў у сярэдняй узроставай групе выглядае наступным чынам: СШ №2 – першае месца, СШ №4 – другое, СШ №1 – трэцяе (усе школы – лунінецкія).
У малодшых школьнікаў выдатна выступіла Анастасія Грудзько з СШ №4, якая тройчы падымалася на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару – у бегу на 60 метраў з бар’ерамі, скачках у даўжыню і трайным. Аналагічнага поспеху дасягнуў Уладзіслаў Гарадкавец (СШ №1 г. Лунінец). У дзвюх бар’ерных дысцыплінах перамог Аляксандр Сідаровіч з лунінецкай СШ №2. Ілья Канапацкі з мікашэвіцкай СШ №2 вызначыўся ў бегу на 600 і 1000 метраў, а Яна Яромава з СШ №4 – у скачках у вышыню.
Найбольшую колькасць ачкоў сярод каманд малодшай узроставай групы набрала зборная СШ №4, другі вынік – у лунінецкай СШ №1, трэці – у Палескай СШ.
Па выніках спартакіяды ў прызавую тройку трапілі лунінецкія СШ №1, СШ №2 і СШ №4. Але трэба адзначыць і паспяховае выступленне Дзятлавіцкай, Дварэцкай, Палескай СШ і мікашэвіцкай СШ №1.
Сярод базавых школ лепшай стала Лобчанская, другое месца – у Ракітненскай, трэцяе – у Азярніцкай БШ.

 

ДРУГАЯ НІЧЫЯ Ў СЕЗОНЕ
Калі першая палова сустрэчы паміж камандамі “Граніт” і “Іслач” прайшла пры перавазе гасцей, то другі тайм мікашэвіцкія футбалісты правялі больш упэўнена, стварыўшы каля варот саперніка значна больш небяспечных сітуацый.
Матч на лунінецкім стадыёне пачаўся з двух цікавых момантаў. Сапернікі мелі шанц адкрыць лік, але мяч так і не трапіў у вароты. Большая частка гульнявога часу ў першыя 45 хвілін праходзіла на палове “гранітаўцаў”. Сэрцы балельшчыкаў заміралі, калі мяч пасля ўдараў гасцей толькі цудам не трапляў у сетку. Надзейна гулялі абаронцы і варатар. Адзін раз мікашэвіцкіх футбалістаў ад гола выратавала перакладзіна. У канцы першай паловы дзве магчымасці не выкарыстаў “гранітавец” Андрэй Шэракоў.
Другая палова была за гаспадарамі. На 66-ай хвіліне пасля падачы Дзмітрыя Ігнаценкі зноў меў шанц вызначыцца Андрэй Шэракоў, але варатар парыраваў удар. А на 73-яй хвіліне Дзяніс Якубовіч не патрапіў у пустыя вароты. У выніку – нічыя (0:0), можна сказаць, лік – па гульні.
Пасля гэтага матча “Іслач” захавала лідзіруючую пазіцыю ў турнірнай табліцы, а “Граніт” апусціўся на дзве прыступкі ніжэй.
У наступным туры, 17 мая “Граніт” згуляе на выездзе з ФК “Смалявічы-СТІ”.

 

 

КРЫЎДНЫЯ ПАРАЖЭННІ
У чарговым матчы Цэнтральна-Еўрапейскай лігі па мотаболе “Лунінец” прымаў літоўскую “Мілду”. Нягледзячы на моцны дождж, падтрымаць каманду сабралася каля тысячы балельшчыкаў.
З першай хвіліны госці паказалі навыкі каманднай гульні і хуткага рэагавання на сітуацыі. Яны ж “размачылі” лік матча і перавагу ў ім трымалі да канца. Вынік – 1:3 не на карысць нашых землякоў, гол у скарбонку зборнай паклаў толькі Аляксандр Лужанін.
У нядзелю ў Пінску адбудзецца яшчэ адна вельмі адказная гульня сезона – з “Аўтамабілістам”.

У мінулыя выхадныя ў Пінску прайшоў юнацкі турнір па мотаболе на прызы старшыні Цэнтральнага Савета ДТСААФ.
“Ракета” перайграла суседзяў з “Юнацтва” з лікам 2:0 (Вадзім Русак, Аляксандр Баброўскі), а ў матчы за першае месца саступілі юнакам з ДТСААФ (Гродна) – 3:5 (Вадзім Русак, Аляксандр Баброўскі, Уладзіслаў Даніловіч).
Лепшым нападаючым турніру прызнаны Аляксандр Баброўскі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть