У напружанні — да апошніх секунд
Спорт

У напружанні — да апошніх секунд

гранит-батэУ такім становішчы знаходзіліся балельшчыкі, якія ў пятніцу завіталі на стадыён “Палессе”, каб стаць сведкамі захапляльнага матча паміж мікашэвіцкім “Гранітам” і барысаўскім “БАТЭ”. Ён праходзіў у рамках чэмпіянату краіны па футболе.

Прыемна было бачыць на трыбунах такую колькасць аматараў спорту. Яны прыйшлі паглядзець, перш-наперш, на неаднаразовага чэмпіёна краіны, сёлетняга ўладальніка Кубка Беларусі і, зразумела, на галоўнага трэнера Аляксандра Ермаковіча. Ураджэнец Лунінца свае першыя крокі ў футбольнай кар’еры рабіў у мясцовай ДЮСШ пад кіраўніцтвам Міхаіла Аляшкевіча.

Упершыню Аляксандр Ермаковіч прыехаў на малую радзіму ў якасці галоўнага трэнера славутай каманды. Барысаўчане сёлетнія гульні праводзяць “у сухую”, узначальваючы турнірную табліцу… Паказчыкі “Граніта” не такія ўражваючыя, але ўсё роўна прымушаюць сапернікаў ставіцца да сябе з павагай. На роднай “сінтэтыцы” вясной яны былі непераможныя, а перад матчам з “БАТЭ” здабылі тры “вікторыі” запар — над “дынамаўцамі” Брэста (1: 0), “Славіяй” (3: 2) і “Гомелем” (1: 0)…

Першыя 10 хвілін больш актыўнымі былі гаспадары. Магчымасць вызначыцца мелі Дзмітрый Ігнаценка, Павел Яўсеенка, Цярэнцій Луцэвіч, аднак дакладнасці не хапала. Барысаўчане выглядалі вельмі сціпла, але на 20 хвіліне дабіліся поспеху. Падчас адной з рэдкіх контратак гасцей галкіпер “гранітаўцаў” парыраваў удар, але не ўтрымаў мяч, і капітан “БАТЭ” Віталь Радзіёнаў дабіў мяч у вароты. Праз некаторы час гаспадары мелі рэальную магчымасць зраўняць лік. Пасля навесу з правага фланга мяч трапіў да Андрэя Шэракова, а потым — у перакладзіну. Пры ліку 0:1 каманды накіраваліся на перапынак.

Другая палова сустрэчы была таксама вельмі напружанай. Шанцы на поспех мелі і мікашэвіцкія, і барысаўскія ігракі, але забітых мячоў больш балельшчыкі так і не ўбачылі. Трэба сказаць, пасля матча шмат давялося чуць ад аматараў футбола і нават з трыбун сектара фанатаў “БАТЭ” рэплікі наконт таго, что ад чэмпіёна яны чакалі больш цікавай і ўпэўненай гульні.

Падчас пасляматчавай прэс-канферэнцыі Аляксандр Ермаковіч выказаў задавальненне атмасферай, якая панавала на лунінецкім стадыёне, вялікай колькасцю балельшчыкаў і сур’ёзным ціскам з боку мікашэвіцкай каманды. А яшчэ ён падзяліўся спадзяваннямі на тое, што “Граніт” і надалей будзе радаваць лунінчан прыгожым футболам.

Галоўны трэнер “Граніта” Валерый Бахно выказаў падзяку ўсім, хто прыйшоў падтрымаць каманду. Ён задаволены гульнёй і ігракамі, але не канчатковым вынікам.

У наступным туры, 18 чэрвеня, “Граніт” згуляе на выездзе з салігорскім “Шахцёрам”.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть