Уласным прыкладам – да здаровага ладу жыцця
Спорт

Уласным прыкладам – да здаровага ладу жыцця

спортттДругі год запар у раёне праходзіць спартакіяда сярод працоўнай моладзі. Цэнтрам падзей, як і летась, стаў басейн “Дэльфін”, дзе сабраліся 9 каманд.
Удзельнікаў спаборніцтваў вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Рафаловіч, які выказаў задаволенасць тым, што моладзь усё актыўней прымае ўдзел у мерапрыемствах, якія садзейнічаюць здароваму ладу жыцця. На гэты раз камандам трэба было праявіць свае лепшыя якасці ў сямі відах праграмы.
Першымі прыступілі да выпрабаванняў стралкі. У практыкаванні ВП-1 (стральба з апорай на стол), якое ацэньваў старшыня міжраённай структуры ДТСААФ Барыс Гнедзька, лепшы вынік паказалі прадстаўнікі сельскагаспадарчага каледжа. Пазней гэтая каманда не пакінула шанцаў сапернікам у фігурным ваджэнні веласіпеда. У настольным тэнісе перамаглі камунальнікі, а ў плавальнай эстафеце 4х50 метраў самыя хуткія секунды паказалі маладыя настаўнікі.
У спаборніцтвах па дартсу, у більярдзе і гіравым спорце чэмпіёнства дасталася “гранітаўцам”. У камандным заліку менавіта яны занялі першае месца, другое – у спартсменаў ДПТК СВ. Трэцяй стала каманда работнікаў культуры, якая роўна выступіла ва ўсіх відах праграмы.
Пераможцы і прызёры спаборніцтваў узнагароджаны дыпломамі і падарункамі ад арганізатараў, сярод якіх аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, райкам БРСМ, раённая арганізацыя ГА “Белая Русь”, РФСК “Здароўе”.

ІНТЭЛЕКТУАЛЬНЫЯ ПАЯДЫНКІ
Чэмпіянат раёна па шашках і шахматах адбудзецца 4-5 кастрычніка на базе політэхнічнага каледжа.
У суботу ў барацьбу ўступяць шашысты, а ў нядзелю – шахматысты. Пачатак у 10 гадзін. Будуць разыграны прызы як у камандным, так і ў асабістым першынстве.
БЕЗ ПАРАЖЭННЯЎ
Чацвёрты тур чэмпіянату краіны па міні-футболе стаў шчаслівым для мікашэвіцкай каманды “Граніт”.
У нядзелю ў дамашнім матчы “гранітаўцы” прымалі “Нёман” з Бярозаўкі, які ў гэтым сезоне меў у актыве дзве перамогі. Прычым, “дапамога” ў выглядзе двух аўтаголаў не дапамагла гасцям пазбегнуць паражэння. Мікашэвіцкія футбалісты былі настроены на перамогу і ўзялі верх – 5:3.
Лунінецкі “Базар” па-ранейшаму радуе прыхільнікаў і выступае без пройгрышаў. На гэты раз, гуляючы ў Магілёве з “Фортэ”, лунінчане прапусцілі ў першым тайме два мячы. Але ў другім – намаганнямі Андрэя Волчака і Руслана Ільіна зраўнялі лік – 2:2.
У бліжэйшыя выхадныя “Базар” будзе прымаць “Барысаў-900”, а “Граніт” згуляе ў Мінску з “Дарожнікам”.

“ГРАНІТ” АДСТУПІЎ
Дэбютант гэтага сезона ў футбольнай першай лізе “Гомельжелдортранс” зрабіў “гранітаўцам” непрыемны “падарунак”.
Нягледзячы на рангі, гомельская каманда ўдала правяла дамашні паядынак, прадэманстраваўшы беспамылковую гульню ў абароне і ў нападзенні. Хаця “гранітаўцы” неаднаразова мелі магчымасць вызначыцца, гаспадары зрабілі гэта першымі. Гол на 50-ай хвіліне забіў выйшаўшы на замену Андрэй Лаўранчук. Як аказалася, гэты мяч стаў вызначальным.
Паражэнне “Граніта” дазволіла мазырскай “Славіі” аднаасобна ўзначаліць тур-нірную табліцу першынства ў першай лізе.
У суботу, 4 кастрычніка, на стадыёне “Палессе” адбудзецца матч з удзелам каманд “Граніт” і “Рэчыца-2014”. Пачатак гульні ў 16 гадзін.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть