Спорт

Раённая спартакіяда “Вертыкаль” прайшла на базе базейна “Дэльфін”

«Уся ўлада – спорту» Гэты дэвіз вызначыла для сябе каманда гарсельвыканкамаў “СССР”, выступаючы на трэцяй раённай спартакіядзе работнікаў выканаўчай і распарадчай улады, а таксама супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якая праходзіла на базе басейна “Дэльфін”. Разам з тым, мяркуючы па ўпартай барацьбе, эмацыянальнасці і відовішчнасці, гэтае вызначэнне можна было аднесці да кожнай з каманд.

Падчас урачыстага адкрыцця ўдзельнікаў віталі намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч і галоўны суддзя спаборніцтваў Ігар Гапон. На старт выйшлі каманды: апарата райвыканкама – “Страла”, аддзелаў і ўпраўленняў – “Дружына”, райсельгасхарчу і фінансавага аддзела – “Сэлфі”, гарсельвыканкамаў – “СССР”, пракуратуры, суда і КДБ – “Ух!”.

Захапляюча праходзілі спаборніцтвы па дартсе. Тут па-за канкурэнцыяй быў дуэт у складзе Аляксандра Соца і Жанны Стральчэня, якія выступалі за каманду “СССР”. Не менш эмоцый выклікаў конкурс па кіданні кольцаў.

Калі падчас першай спробы старшыня суда Міхаіл Дзенісовіч здолеў толькі двойчы трапіць у цэль, яго дачка Настачка не хавала эмоцый і падтрымлівала, як магла. Яна падышла да яго і вельмі пяшчотна абняла, прыгаворваючы: “Нічога, татачка…”. Ну, ці мог ён расчараваць сваю крывіначку? Настроіўшыся на другую спробу, Міхаіл Васільевіч паказаў амаль лепшы вынік – 4 заліковых кідкі. Такім чынам, каманда “Ух!” заняла ў гэтым відзе праграмы другое месца, саступіўшы “Страле”, за якую выступалі Андрэй Курыловіч і Аляксандра Зышчык.

У цокальным памяшканні праходзілі спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. І тут прыемна было бачыць сярод балельшчыкаў дзяцей удзельнікаў спартакіяды. Так, за кіраўніка раёна Аляксандра Пачко “балеў” яго сын Ілья. А каманда апарата райвыканкама ў складзе Вольгі Калугінай і Сяргея Касцючэнкі заняла першае месца. Аднолькавую суму з імі набралі прадстаўнікі “Сэлфі”. Але ва ўвагу браўся паказчык жанчыны, які ў Вольгі Сяргееўны быў лепшы. Яна і Аляксандр Савіна атрымалі падарункі, як самыя трапныя стралкі ад старшыні міжраённай Лунінецка-Ганцавіцкай структуры ДТСААФ Барыса Гнедзькі.

У гіравікоў першае месца заняў Сяргей Чарненка з каманды “Страла”. Прадстаўнікі гэтай жа каманды Аляксандр Тупека і Наталля Скабельская выйгралі шахматны турнір, Сяргей Касцючэнка і Ганна Грушэўская – тэнісны. У більярдзе вызначыўся Ігар Данілкін з “Сэлфі”. У шашках абсалютны лепшы вынік паказалі Ірына Семянчэнка і Васіль Кіндрук з “Дружыны”. Зборнай аддзелаў і ўпраўленняў таксама не было роўных у плавальнай эстафеце 4х25 метраў. У склад квартэта-пераможцаў увай-шлі Аляксандр Місюра, Таццяна Яворская, Аляксей Пышынскі і Таццяна Трэгубава.

У выніку шматгадзіннай барацьбы пераможцай стала каманда апарата райвыканкама “Страла”, якая ўсяго адно ачко выйграла ў сярэбранага прызёра зборнай райсельгасхарчу і фінансавага аддзела – “Сэлфі”. Прадстаўнікі “СССР” на чале са старшынёй райсавета Віктарам Рафаловічам занялі трэцяе месца. Усяго двух ачкоў не хапіла да п’едэстала “Дружыне” і “Ух!”, але яны атрымалі заахвочвальныя падарункі ад старшыні раённага аб’-яднання прафсаюзаў Ігара Гапона. Пераможцам і прызёрам уручаны дыпломы, кубкі і грашовыя прэміі ад РФСК “Здароўе”.

Удзельнікі спаборніцтваў выказваюць удзячнасць арганізатарам, у тым ліку культработнікам, адміністрацыі басейна “Дэльфін” за цудоўнае свята пад назвай спартакіяда.

падзея

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть