Узяў старт юбілейны сезон
Спорт

Узяў старт юбілейны сезон

футболУ мінулую суботу беларускі міні-футбол адзначыў юбілей – у свае правы ўступіў 25-ты сезон.

Першапачаткова чэмпіянаты былі сціплымі і кароткатэрміновымі, але год ад года іх працягласць павялічвалася, а геаграфія пашыралася. Цяпер у эліце 14-16 каманд.

Кожны папярэдні сезон быў па-свойму цікавы. Аднак сёлетні запомніцца больш за іншыя: упершыню прадугледжаны раунд плэй-оф. Думка пра змяненне схемы правядзення чэмпіянату блукала ў паветры некалькі год. Зараз па выніках двухкругавога турніру восем лепшых каманд атрымаюць права ўдзельнічаць у накаўт-раўндзе. Чвэрцьфінальная і паўфінальная серыі будуць згуляны да дзвюх перамог. А фінальная – да трох. Яшчэ адна вельмі важная рэмарка: матчы плэй-оф павінны праходзіць у гульнявых залах стандартных памераў. Гэта значыць, што пляцоўкі ў Мікашэвічах, Лунінцы і Светлагорску будуць “забракаваны”.

З-за змены ў рэгламенце гадаць пра прэтэндэнтаў на п’едэстал цяпер не з рукі. Можна толькі акрэсліць іх кола. Ды і то гэтыя абрысы будуць праходзіць тонкім штрых-пункцірам. У чэмпіянаце ёсць прызнаныя фаварыты – “Вітэн” , “МАПІД” , “Лідсельмаш”. Далей дзяліць эшалон няма сэнсу. “Дарожнік”, “БЧ”, “БТЭУ-Белкаапсаюз”, “Барысаў-900”, “Граніт”, “Нёман”, “Базар”, “Фортэ”, “ЦКК”, “Дынама-БНТУ”, “Рудакова” і дэбютанты «Сталіца» і «Ахова-Дынама» – усе не без падстаў мараць пра васьмёрку. Чые перспектывы больш абгрунтаваныя – пакажа час.

Без сумнення дэбютанты не будуць хлопчыкамі для біцця. «Сталіца», якую ўзначаліў Уладзімір Левус, сабрала пад свае сцягі вельмі добрых спартсменаў. Звыш-удачай можна назваць трансфер расійскага галкіпера Дзмітрыя Палякова, які раней абараняў колеры клубаў расійскай Суперлігі. Чаго чакаць ад «Аховы-Дынама» – невядома. Аднак і ў іх складзе дастаткова майстроў, не па чутках знаёмых з вышэйшай лігай.

У нядзелю нашы каманды правялі свае стартавыя паядынкі.

“Граніт” дома пацярпеў буйное паражэнне ад “Вітэна”. Можна сказаць, што чэмпіён узяў рэванш за паражэнне ў турніры памяці Ягорава і зрабіў цудоўны падарунак свайму трэнеру Юрыю Покладу да дня нараджэння.

Лік 1:3 пасля першага тайма пакідаў слабыя надзеі на тое, што сітуацыю можна выправіць. Але госці не пакінулі шанцаў і перамаглі з лікам 9:1.

Адзіная нічыя тура была зафіксавана ў Лунінцы, дзе “Базар” і “Фортэ” на заканчэнні матча абмяняліся дакладнымі выстраламі з  10-метровай адзнакі.

Нягледзячы на тое, што лунінецкая каманда ўпэўнена правяла першую палову сустрэчы (3:1), ёй не ўдалося захаваць перавагу да фінальнай сірэны – 4:4. У “Базара” вызначыліся Аляксандр Мяць, Аляксей  Іўчанка (2), Міхаіл Санюковіч.

14 верасня “Граніт” будзе прымаць “Базар”.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть