З флагманам — на роўных
Спорт

З флагманам — на роўных

 

футбол

Гульня 19-га тура чэмпіянату краіны па футболе з удзелам каманд “Граніт” і “Дынама” (Мінск) выклікала цікавасць у сапраўдных аматараў спорту.

З першых хвілін госці завалодалі ініцыятывай і падоўгу трымалі мяч у зоне “гранітаўцаў”. Гаспадары адказвалі рэдкімі, але вельмі вострымі атакамі. У сярэдзіне першага тайма Андрэй Шэракоў атрымаў траўму і пакінуў поле. Яму на замену выйшаў Дзмітрый Асадчы, які, дарэчы, выдатна напярэдадні праявіў сябе ў гульні дубліруючых саставаў, дзе на вышыні былі мікашэвіцкія футбалісты – 4:1. З выхадам паўабаронцы “гранітаўцы” перайшлі ў наступленне, стварылі шэраг небяспечных момантаў, але так і не здолелі вынікова завяршыць атакі.

Другая палова сустрэчы праходзіла ў роўнай барацьбе. Абедзве каманды мелі шанц неаднаразова вызначыцца, але выкарыстаць галявыя сітуацыі не атрымалася. Такім чынам, 0:0 – канчатковы вынік сустрэчы.

На думку галоўнага трэнера “Граніта” Валерыя Бахно, “Дынама” – флагман беларускага футбола і мінчане зараз у выдатнай форме, што пацвярджае выхад іх у групавы этап Лігі Еўропы. “Граніт” рыхтаваўся даць бой і, па словах Валерыя Бахно, у гаспадароў гэта атрымалася. Акрамя таго, яго падапечныя былі бліжэй да перамогі, чым госці.

Галоўны трэнер мінскага “Дынама” Вук Рашавіч адзначыў, што яго каманда з думкамі аб матчы ў Чэхіі не змагла паказаць тое, на што здольна. Да таго ж, і поле ў Лунінцы нязвыклае. Нулявы вынік не задавольвае дынамаўцаў, але яны збіраюцца рухацца наперад і ўжо зараз думаюць аб наступным паядынку.

20 верасня “Граніт” правядзе гульню на выездзе з “Гомелем”.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть