Спорт

З кубкам і дыпломам першай ступені

вярнуліся з Іванава юныя футбалісты Лунінецкай СДЮШАР. Аб спаборніцтвах з удзелам каманд Палескага рэгіёна расказвае трэнер Аляксандр ПІЧЫЦ:
– Кіраўніцтва Іванаўскай спартыўнай школы вырашыла з гэтага года пашырыць рамкі раённага першынства, зрабіўшы яго адкрытым. На турнір, які быў прысвечаны памяці трэнера Мікалая Сегеня, з’ехаліся восем каманд – юнакі 2002-2003 гадоў нараджэння. Яны былі разбіты на дзве падгрупы. Матчы праходзілі ў фармаце 2х15 хвілін, гулялі на паўполя. У першым паядынку нам супрацьстаялі юныя футбалісты з Моталя, у якіх мы выйгралі з лікам 2:0. У дзвюх наступных сустрэчах з прадстаўнікамі Століншчыны і Бярозы перамаглі з аднолькавым лікам 3:2. Такім чынам, з 9 ачкамі выйшлі ў фінал. Матч быў вельмі напружаным, сапернікі – роўныя па сілах, аб чым сведчыў лік асноўнага гульнявога часу – 1:1. А вось у серыі пасляматчавых пенальці нашы падапечныя аказаліся мацнейшымі – 3:1. Прыемна было даведацца, што лепшым іграком турніру прызнаны таксама лунінчанін – Яўген Апанасовіч. Ён узнагароджаны спецыяльным прызам. Ашчэ адзін падарунак дастаўся лепшаму іграку каманды, якім на думку трэнераў стаў Станіслаў Сарока. Наперадзе нас чакае абласная спартакіяда. Першыя паядынкі пачнуцца 17 красавіка.

 

ПЕРШАЯ ТАВАРЫСКАЯ ГУЛЬНЯ НА “ПАЛЕССІ”
У мінулую суботу мікашэвіцкі “Граніт” на стадыёне “Палессе” ў таварыскім матчы сустрэўся з навічком чэмпіянату Рэспублікі Беларусь камандай “Колас-Дружба” (другая ліга).
На працягу ўсяго матча “Граніт” пераўзыходзіў саперніка па ўсіх пазіцыях. Большасць гульнявога часу праводзілася на палове гасцей. І хаця першы тайм закончыўся мінімальнай перамогай гаспадароў, наступныя 45 хвілін пакінулі добрыя ўражанні аб абноўленай “гранітаўскай” камандзе, якая перамагла з лікам 5:0. Вызначыліся Калпачук, Шыдлоўскі, Талканіца, Юдзянкоў і Ігнаценка.
Балельшчыкі змогуць на працягу двух бліжэйшых субот на стадыёне “Палессе” падтрымаць “Граніт” у чарговых таварыскіх сустрэчах з пінскай “Хваляй” і “Баранавічамі”.

ВЫПРАБАВАННЕ НА ВЫНОСЛІВАСЦЬ
У суботу, 5 красавіка, у сасновым бары каля ліцэя збяруцца каманды агульнаадукацыйных школ раёна на традыцыйны веснавы крос, які ўваходзіць у праграму круглагадовай спартакіяды школьнікаў, з’яўляецца абавязковым відам для ўсіх БШ і СШ.
Хлопчыкі і дзяўчынкі трох узроставых груп (1996-98, 1999-2000, 2001 г.н. і маладзей) выйдуць на старт, каб прадэманстраваць сваю вынослівасць на дыстанцыях 500-3000 метраў.

 

ДРУГІ КРУГ НАБЛІЖАЕЦЦА ДА ФІНІШУ

Разам з тым, падводзіць яго вынікі пакуль рана.
Балельшчыкі “Граніта” не губляюць надзеі на тое, што іх каманда зможа прабіцца ў васьмёрку мацнейшых. Падставай таму стаў дамашні матч са “Сталіцай”, якая знаходзіцца на прыступку вышэй у турнірнай таблі-цы. З першых хвілін гульні стала відавочна, што свайго шанца “гранітаўцы” не ўпусцяць. За першыя 20 хвілін у варотах гасцей пабывала 6 мячоў. Яны ж, у сваю чаргу, толькі аднойчы змаглі прабіць абарону гаспадароў. Другі тайм мікашэвіцкай камандзе заставалася ўтрымаць заваяваны адрыў, што яны і зрабілі – 7:4.
У лунінчан таксама не выключна магчымасць падняцца на адзін радок вышэй, але для гэтага патрэбна па меншай меры выйграць хаця б адну з застаўшыхся гульняў пры ўмове, што “Нёман” не здолее набраць ачкоў. Пакуль жа “Базар” толькі дорыць ачкі сапернікам. У дамашнім матчы нашы землякі прайгралі “Барысаву-900” з лікам 2:8.
У суботу, 5 красавіка, у чарговым туры чэмпіянату краіны па міні-футболе “Граніт” згуляе ў гасцях з МФК “БТЭУ-Белкаапсаюз”, а “Базар” – у Мінску са “Сталіцай”.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть