Спорт

З марай пра спартыўную кар’еру

Закончыўся Чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы ў Лондане, які пакінуў шмат эмоцый у прыхільнікаў “каралевы” спорту. У іх ліку – браты Павел і Дзяніс ДЫРДА, якія сёлета сталі студэнтамі факультэта фізічнага выхавання Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.

– Асабліва ўразіў фінальны забег на 100 метраў, у якім браў удзел самы хуткі чалавек планеты Усэйн Болт, – дзеліцца ўражаннямі Павел. – Было б справядліва, калі б на завяршэнні сваёй кар’еры ён заваяваў чарговы залаты медаль сусветнага форуму. Але ён быў толькі трэцім. Разам з тым, парадаваўся за Джасціна Гэтліна, які на працягу многіх год сапернічаў з ямайскім спрынтарам, і, урэшце, узяў верх…

У юнакоў сяброўства са спортам пачалося з 5 класа. Спачатку мама Наталля Віктараўна, можна сказаць, за ручку прывяла старэйшага Паўла на стадыён у групу Валерыя Жукоўскага, у якога сама калісьці трэніравалася.

– Тады не разумеў, што такое лёгкая атлетыка, – прыгадвае юнак. – Было цяжка, але заўсёды адчуваў падтрымку трэнера, а яшчэ кампанія ў нас падабралася цудоўная, таму і затрымаўся…

Што датычыць Дзяніса, то ён не хацеў адставаць ад брата і таксама марыў стаць хуткім і моцным:

– Аднойчы Паша ўзяў мяне з сабой на стадыён, дзе праходзілі раённыя спаборніцтвы. Я таксама выйшаў на старт з равеснікамі і стаў пераможцам у скачках у даўжыню. З таго часу пачаў трэніравацца: спачатку ў групе Алены Вярэніч, а потым – Валерыя Жукоўскага.

Юнакі вельмі ўдзячны сваім першым настаўнікам, дзякуючы якім яны палюбілі лёгкую атлетыку, навучыліся быць цярплівымі і вынослівымі, дабівацца пастаўленых мэт і перамагаць.

Калі са спецыялізацыяй старэйшы Дырда вызначыўся адразу – спрынт, то малодшы паспрабаваў сябе амаль ва ўсіх відах. Урэшце спыніўся на бар’ерным бегу, дзе дабіўся лепшых вынікаў.

Пасля заканчэння лунінецкай СШ №2 Павел паступіў у Гомельскі чыгуначны ліцэй. Адначасова сумяшчаў вучобу з трэніроўкамі. Насычанымі і адметнымі сталі сёлета чэрвеньскія старты. У першынстве краіны сярод юніёраў Павел Дырда заняў першае месца ў бегу на 100 метраў, а, выступаючы на Кубку Беларусі, фінішаваў з аса-бістым рэкордам – 10,88 секунды.

– У новым сезоне буду выступаць за маладзёжны састаў. З трэнерам яшчэ не абмяркоўвалі планы. Увогуле, ніколі не ставім ам-біцыйных задач. Але ёсць мэта: выканаць нарматыў “майстра спорту”.

Дзянісу запомніўся 2015 год, калі ён у складанай канкурэнтнай барацьбе трапіў у зборную вобласці, атрымаў траўму, але змог рэабілітавацца і стаў бронзавым прызёрам рэспубліканскага першынства ў бегу на 110 метраў з бар’ерамі. Поспех лунінчаніна заўважылі і запрасілі на вучобу ў вучылішча алімпійскага рэзерву. Вынікам напружаных трэніровак і вялікіх нагрузак сталі траўмы. Зараз спартсмен прайшоў рэабілітацыю і гатовы з новымі сіламі прыступіць да заняткаў. Абодва браты будуць удасканальваць сваё майстэрства ў Гомелі разам – у адной групе і ў аднаго трэнера.

Пра тое, кім мараць стаць пасля заканчэння ВНУ, пакуль не задумваліся. Павел і Дзяніс бачаць сябе толькі ў спорце і мяркуюць дасягнуць высокіх поспехаў на міжнародным узроўні.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть